На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму для студэнтаў-першакурснікаў спецыяльнасці «Гісторыя» прайшла археалагічная практыка ў палявых умовах

Улетку студэнты-гісторыкі ГрДУ імя Янкі Купалы паспелі не толькі адпачыць ад аўдыторных заняткаў, але і правесці археалагічныя раскопкі.

Юнакі і дзяўчаты, будучыя гісторыкі, адправіліся ў экспедыцыі, дзе пазнаёміліся з гістарычнымі і культурнымі помнікамі і набылі практычныя навыкі прымянення метадаў археалагічных даследаванняў.

Адзін з помнікаў, на месцы якога праходзіла практыка студэнтаў, – помнік “Кавальцы-І”. Ён знаходзіцца непадалёку ад Гродна на месцы ўпадзення ракі Горніца ў Нёман, на тэрыторыі Капцёўскага сельскага Савета Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці.

Даведацца, як праходзілі тры тыдні ў паходных умовах, нам удалося падчас паездкі на базу размяшчэння экспедыцыі і размовы з удзельнікамі практыкі.

– Археалагічная практыка студэнтаў – першы крок у сучасную археалогію, – расказаў кіраўнік практыкі, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Піваварчык. – Нашы продкі паўсюль пакідалі сляды свайго знаходжання. Студэнтаў мы вучым даследаваць гэтыя сляды. Палявая частка – гэта пачатковая кропка, ад якой мы рухаемся далей. Знаходка падчас раскопак не вырашае праблем – далей павінен быць аналіз. Разам з тым матэрыял для аналізу можна атрымаць толькі ў ходзе раскопак.

Алесь Гаршкоў

Алесь Гаршкоў, аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, займаецца праблемай першапачатковага засялення тэрыторыі Беларусі.

– “Кавальцы-І” – гэта археалагічны помнік фінальнага палеаліту, – расказаў Алесь. – Яго ўзрост прыкладна 13 000 – 17 000 гадоў. Тут былі знойдзены косткі маманта, сусліка, аленя. Каштоўнасць помніка ў тым, што ён дазваляе па-новаму паглядзець на гістарычныя і прыродныя працэсы і лепш зразумець, што адбывалася ў старажытнасці на нашай тэрыторыі.

Паглыбіўшыся на 1 метр і 40 сантыметраў, археолагі адкапалі цікавыя знаходкі: два наканечнікі, якім прыкладна 12 000 год, шмат прылад працы, а таксама аб’ект круглай формы.

– Якога часу знаходкі, пакуль сказаць цяжка, бо яны змыты воднымі патокамі, трэба праводзіць аналіз, каб вызначыць дакладны час і пароду. Асноўная наша задача – прайсці пласт жвіру і паглядзець, што знаходзіцца ніжэй, – падзяліўся Алесь Гаршкоў.

Знойдзеныя падчас раскопак лускавіны, нуклеусы студэнткі мыюць, сушаць, раскладваюць па асобных пакетах, якія падпісваюцца і нумаруюцца.

Дар’я Качалка

У маладых археалогаў быў выпрацаваны рэжым працы і адпачынку. Пад’ём – у 7.00, у 7.15 – сняданак, у 8.00 – выхад на раскопкі. Праца працягвалася да 14.00. Далей абед і насычаны адпачынак.

Час, праведзены ў “полі”, пакінуў незабыўныя ўражанні ў студэнткі 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)” Дар’і Качалкі:

– Я ні на хвіліну не пашкадавала, што паступіла на спецыяльнасць “Гісторыя”, а падчас практыкі пачала задумвацца аб тым, каб у будучым звязаць сваё жыццё з археалогіяй. Гэты час мы запомнім назаўсёды, асабліва вечары з гітарай.

Думкі аб тым, каб звязаць свою будучыню з археалогіяй, прытрымліваецца і студэнт 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” Мікіта Каспер:

Мікіта Каспер

– Я рады, што змог ужывую дакрануцца да даўніны, праводзячы архелагічныя раскопкі, таксама рады, што стаў удзельнікам фіксацыі, замалёўкі і раскрыцця аб’екта археалагічнага даследавання. Я так захапіўся раскопкамі, што ў будучым хачу займацца археалогіяй. Падчас практыкі дакладна вызначыўся з тэмай далейшых даследаванняў. Хачу вывучаць магільнікі.

Ангеліна Парыпа

Эмацыянальна пра практыку расказала і Ангеліна Парыпа, студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)”:

– Я ўпэўнена, што больш за ўсё запомняцца пачуцці, якія мы адчулі. Пра жыццё ў палявых умовах раскажу сваім знаёмым, а ў будучым – сваім дзецям. Ніколі не думала, што археалогія – гэта так цікава!

Павел Жабінскі

Археалагічныя раскопкі натхнілі студэнта 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)” Паўла Жабінскага пайсці пасля вучобы ў дарослую навуку: ужо сёння ён марыць паступіць у магістратуру, а далей, магчыма, і ў аспірантуру. Павел акуратна паклаў рыдлёўку на зямлю і з захапленнем адзначыў:

– Зараз мы здымем гэты слой, а пад ім – жвір, дзе ўжо пачынаюцца знаходкі. Спадзяюся, нам удасца адкапаць рэшткі маманта. Галоўнае, што мы набываем падчас практыкі, – гэта вопыт і новыя ўменні: мы вучымся замалёўваць квадраты, дзе ў патэнцыяле штосьці магло быць, весці палявы дзённік.

Наперадзе ў каманды маладых археолагаў – вялікая аналітычная праца, паколькі атрыманы матэрыял – гэта сыравіна для новых дадзеных, з якіх потым складаюцца па цаглінках ўяўленні аб далёкай і разам з тым такой блізкай старажытнасці.

Таццяна СУШКО.

Фота аўтара

Поделиться

Вам может также понравиться...