Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні рукапісу падручніка па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы

Чарговае абмеркаванне навучальнага выдання абылося 26 красавіка. Мерапрыемства прайшло з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, а таксама кіраўніка аўтарскага калектыву выдання Ігара ­Марзалюка.

Да дыялогу былі запрошаны рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Юрый Бондар, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык, а таксама прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. На сустрэчы прысутнічаў і студэнцкі актыў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта.

Падчас адкрыцця дыялогавай пляцоўкі Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў:

– Сёння мы праводзім чарговую, ужо шостую па ліку дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні рукапісу падручніка па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Гэты навучальны дапаможнік будзе настольнай кнігай па станаўленні гісторыі беларускай дзяржаўнасці для студэнтаў усіх спецыяльнасцей.

Ён заклікаў удзельнікаў дыялогу да канструктыўнай працы, бо ад яе вынікаў будзе залежыць, як тое, якія веды студэнт атрымае па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», так і ў цэлым фарміраванне светапогляду моладзі.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, які ўзначальвае аўтарскі калектыў выдання, падрабязна пазнаёміў прысутных са зместам навучальнага дапаможніка. Ён складаецца з трох раздзелаў: «Асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці», «Асновы дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь» і «Беларусь на мяжы культур і цывілізацый».

– Курс будзе даваць адказы на некалькі канцэптуальных пытанняў: адкуль мы прыйшлі, куды ідзём і як будзем будаваць сваю будучыню. Мы не павінны ўпускаць сюжэты мінулых дзён, якія актуальныя сёння. Трэба вучыцца на праўдзівых гістарычных фактах. У гэтай калектыўнай працы прысутнічае вялікая колькасць ілюстрацый, схем і карт, каб ва ўсіх склалася яснае ўяўленне пра тое, як кіравалі дзяржавамі ў розныя гістарычныя эпохі, – адзначыў Ігар ­Марзалюк.

Навучальны дапаможнік дапоўнены QR-кодамі, якія дазволяць выйсці за межы асноўнага тэксту. Акрамя таго, у ім прадугледжваецца спіс літаратуры, храналогія беларускай дзяржаўнасці  і метадычны апарат. Да таго ж плануецца падрыхтоўка хрэстаматыі і атласу па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Да 1 верасня падручнікі будуць ва ўсіх універсі­тэтах Беларусі. Па іх будуць вучыцца студэнты ўсіх спецыяльнасцей. 

З прапановамі па паляпшэнні структуры і зместу дапаможніка выступіў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч, а таксама загадчык кафедры паліталогіі Віктар Ватыль. Напярэдадні дыялогавай пляцоўкі калектыў выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта пазнаёміўся з рукапісам і абмеркаваў яго. 

У межах мерапрыемства адбылася і прэзентацыя камплекта выданняў да Году гістарычнай памяці, якія былі надрукаваны ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне». Адно з выданняў «Живая боль войны» прэзентавала аўтар кнігі, галоўны рэдактар навукова-папулярнага часопіса «Здаровы лад жыцця» Ларыса Кучарава. Плануецца, што ў хуткім часе кожны ўніверсітэт Беларусі будзе мець гэты камплект.

Таццяна СУШКО.

Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ

Поделиться

Вам может также понравиться...