Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» працавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы

На працягу 12 дзён – з 1 па 12 жніўня – удзельнікі Летняй школы, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, вывучалі беларускую мову і спасцігалі культурную спадчыну беларускага ­народа.

Праграма Летняй школы накіраваная на ўдзельнікаў, якія толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову і культуру, а таксама на тых, хто жадае паглыбіць свае веды ў гэтым накірунку.

Слухачамі школы сталі прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (Расія), Гейдэльбергскага ўніверсітэта (Германія), а таксама замежныя студэнты Купалаўскага ўніверсітэта. Місія Летняй школы беларускай мовы і культуры не толькі вывучыць беларускую мову, літаратуру і культуру, але і адкрыць для сябе Беларусь, яе традыцыі і прыгажосць.

Падчас заняткаў па беларускай мове ­ўдзельнікі знаёміліся з арфаэпічнымі асаблівасцямі беларускай мовы, вывучалі тэматычную лексіку, звярталі ўвагу на адметнасці беларускай арфаграфіі, а таксама выяўлялі спецыфіку культуры беларускага маўлення. З цікавасцю слухачы Летняй школы спазнавалі багаты пласт беларускай фразеалогіі і безэквівалентнай лексікі.

Асобна была звернута ўвага на жанравую і тэматычную разнастайнасць сучаснай беларускай літаратуры, а таксама на творчасць першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, чыё імя носіць наш універсітэт.

У межах знаёмства з  нацыянальнай беларускай культурай удзельнікі Летняй школы прынялі ўдзел у майстар-класах па традыцыйным народным ткацтве ў студыі «Суквецце талентаў» Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, па нацыянальнай кухні з наступнай дэгустацыяй на базе вучэбна-навукова-вытворчай лабараторыі тэхналогіі грамадскага харчавання ГрДУ імя Янкі Купалы.

Запамінальнымі былі наведванне Музея Максіма Багдановіча, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Музея пісанкі ў Сапоцкіне, а таксама экскурсіі «Гродна – горад-казка», вандроўка на Аўгустоўскі канал, наведванне Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, Лідскага замка, шклозавода «Нёман» і музея шкла, царквы Раства Багародзіцы ў в. Мажэйкава – аднаго з найпрыгажэйшых помнікаў абарончага дойлідства ХVІ стагоддзя.

Напрыканцы працы Летняй школы ўсе ­ўдзельнікі прадставілі творчыя праекты, дзе не толькі прадэманстравалі свой узровень валодання беларускай мовай, але і выявілі жаданне ў наступным годзе далучыцца да працы школы.

Мікалай ГРЫНЬКО.

Фота з архіва Летняй школы беларускай мовы і культуры

Поделиться

Вам может также понравиться...