У навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання «Табой я жыў, табой жыву…»

Мерапрыемства адбылося 16 лістапада. Выданне прысвечана Марыі Дзмітрыеўне Каменскай, жонцы Якуба Коласа.

Кніга змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы.

На ўрачыстае мерапрыемства завіталі ўкладальніцы кнігі – унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка класіка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч. Госці распавялі пра вялікую навуковую працу, якую трэба было зрабіць, каб кніга пабачыла свет і была прадстаўлена шырокаму колу чытачоў, і выказалі падзяку Выдавецкаму дому «Звязда» за шыкоўнае выданне, якое стане сапраўдным падарункам для тых, хто цікавіцца жыццём і творчасцю паэта.

Кніга стварае мастацкія партрэты як жонкі класіка, так і самога Якуба Коласа, іх най­бліжэйшага атачэння. Праз лісты адкрываецца ўнутраны свет сям’і. Як было адзначана падчас прэзентацыі, выданне можа паслужыць падручнікам па сямейным выхаванні.

Падчас прэзентацыі шмат пытанняў было зададзена ўкладальнікам выдання. Так, студэнты і выкладчыкі цікавіліся ўзаемаадносінамі ў сям’і Якуба Коласа, выданнем энцыклапедыі, прысвечанай пісьменніку, дапаўненнем 20-томнага збору твораў класіка, радаводным дрэвам Міцкевічаў і іншым.

Сімвалічна, што прэзентацыя кнігі і знаёмства купалаўцаў з нашчадкамі класіка беларускай літаратуры праходзіць у юбілейны год, калі ў Беларусі адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа.

Асаб. інф.

Фота з архіва навуковай бібліятэкі

Поделиться

Вам может также понравиться...