КАЛІ СПАДЧЫНА АКАЗВАЕЦЦА БУДУЧЫНЯЙ

Сёлета XVIII Міжнародныя Карскія чытанні сабралі навукоўцаў пад знакам адразу двух юбілеяў: 165 гадоў з дня нараджэння акадэміка Я. Карскага і 35 гадоў традыцыі, якая нарадзілася ў Купалаўскім ўніверсітэце. Першыя чытанні адбыліся на філалагічным факультэце, калі вучонаму споўнілася 130 гадоў. Сёння канферэнцыю ўжо шосты раз праводзіць кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. За гэтыя гады змянілася не толькі месца правядзення, але і сама сутнасць чытанняў.

Доктар філалагічных навук, прафесар Марыя Канюшкевіч тлумачыць: асаблівасць Карскіх чытанняў у тым, што са зменай навуковай парадыгмы мяняецца і назва. Спачатку арганізатары проста «шанавалі спадчыну Карскага». А потым зразумелі, што лінгвіста трэба выводзіць наперад:


Нам трэба бачыць сучаснасць і вечнасць яго назіранняў. Мы зразумелі, што вывучаць жывую мову можна толькі тады, калі назіраеш, як на ёй гавораць тут і цяпер. Не нарматыўную, не разабраную па палічках у падручніках. Усё гэта патрэбна, але дзе мова мяняецца насамрэч? Толькі ў медыя. Таму і назва іншая – «Славянскі свет і нацыянальная маўленчая культура ў сучаснай камунікацыі». Атрымліваецца, Карскі ўвесь час «абнаўляецца», – лічыць старшыня арганізацыйнага камітэта.

Марыя Канюшкевіч падкрэсліла, што менавіта такія маштабныя міжнародныя канферэнцыі дапамагаюць людзям падтрымліваць сувязь нават у самыя цяжкія часы. Сапраўды, навуковы форум сабраў даследчыкаў з розных куткоў планеты. Сёлета свае распрацоўкі прадставілі больш за 300 навукоўцаў – лінгвістаў, гісторыкаў, сацыёлагаў, культуролагаў, этнографаў – з 12 краін свету: Беларусі, Расіі, Кітая, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Балгарыі, Славакіі, Арменіі, Ірана, Ізраіля. А аб’яднала іх навука.

Мы лічым, што навукова-даследчая праца і творчасць аб’ядноўваюць абсалютна ўсіх. Канешне, да нас прыязджаюць нашы верныя сябры – тыя, з кім універсітэт заключыў дамовы аб супрацоўніцтве. Тэматыка з кожным годам пашыраецца, бо мяняецца сама лінгвістыка. Калі раней яна была больш пра сістэму мовы, то сёння мы разумеем: лінгвістыка патрэбна ўсім. І тым, хто кіруе карпаратыўнымі камунікацыямі, і тым, хто фарміруе карціну свету. Сёння лінгвістыка становіцца асабліва практыка-арыентаванай. Таму ў нас вельмі шырокая палітра: ад кагнітыўнай лінгвістыкі, якая расказвае пра тое, як чалавек думае, да медыялінгвістыкі, якая вучыць пісаць тэксты і ўздзейнічаць на аўдыторыю, – распавяла Тамара Піваварчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы.


Аргкамітэт падрыхтаваў для ўдзельнікаў канферэнцыі сапраўды насычаную праграму. Першы дзень адкрыўся вялікім пленарным пасяджэннем, якое праходзіла ў дзвюх частках, а пасля інтэнсіўных дыскусій навукоўцаў чакаў сапраўдны падарунак – экскурсія «Гістарычная памяць – сувязь часоў і пакаленняў». У другі дзень удзельнікі перамясціліся на 13 секцыйных пляцовак. На іх навукоўцы абмяняліся думкамі наконт актуальных праблем славістыкі, сучаснага стану і гістарычнай дынамікі славянскіх моў, а таксама асаблівасцей функцыянавання мовы ў медыяпрасторы.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота Карыны БОГДАН

Поделиться

Вам может также понравиться...