«НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА ТОЙ УРОН, НЕ ЗАРАСТАЮЦЬ ПРАГАЛЫ…»

Як захаваць памяць? Можна зафіксаваць імгненне на палатне, выліць боль ці радасць у вершаваныя радкі або ажывіць мінулае на тэатральных падмостках. Можна скласці падручнік, які не дазволіць хлусні схаваць праўду, ці проста расказаць дзецям пра тое, што было, – і навучыць іх пашане. Спосабаў шмат. Галоўнае – абраць тое, што адгукаецца менавіта ў тваім сэрцы. Купалаўцы таксама робяць усё, што ў іх сілах, каб рэха ваеннага ліхалецця не заціхла.

Ёсць даты, якія назаўжды застаюцца ў нашай гісторыі. 22 чэрвеня – менавіта той дзень, калі ўся краіна згадвае пачатак вайны. Дзень, калі замест шчырых усмешак стаў чуваць горкі плач, замест прызнанняў у каханні гучалі шчымлівыя развітанні, а надзею на шчаслівую будучыню змяніла адзінае жаданне – выжыць. Сімвалічна, што купалаўцы імкнуцца захаваць гэтую гісторыю і перадаць глыбіню пачуццяў праз штогадовую акцыю «Памяць».

Ужо ў 15-ы раз навучэнцы Гуманітарнага каледжа Купалаўскага ўніверсітэта нагадваюць гледачам, як усяго адна ноч здолела скалечыць мільёны чалавечых душ. Кранальныя маналогі, запамінальныя вобразы і драматычныя харэаграфічныя эцюды дапамаглі аўдыторыі па-новаму асэнсаваць падзеі мінулага – убачыць за гістарычнымі фактамі жывых людзей і па-сапраўднаму паспачуваць тым, хто аддаў сваё жыццё дзеля спакою нашчадкаў.

Сёлета акцыя прайшла пад назвай «Не жанчыны прыдумалі вайну», а галоўнымі гераінямі сталі дзяўчаты саракавых гадоў мінулага стагоддзя. Тыя самыя дзяўчаты, якія замест выпускных сукенак апранулі грубыя шынялі. Тыя, якія бясстрашна падымаліся ў начное неба, штурмавалі варожыя танкі, хадзілі ў разведку і пад свістам куль ратавалі параненых. Навучэнка Гуманітарнага каледжа Паліна Лазовік змагла ўсім сэрцам адчуць боль сваіх аднагодкаў, чыё юнацтва так заўчасна апаліла вайна:

– Для мяне гэта надзвычай важна, бо мы дапамагаем гледачу адчуць цяжкую атмасферу вайны і распавядаем няпростыя гісторыі нашых прабабуляў. Сёлета мне пашчасціла не толькі выступіць з вакальнай групай, але і прачытаць верш. У ім расказваецца пра жанчыну, якая, нягледзячы на атрыманую пахаванку, да канца сваіх дзён чакала мужа з фронту.

Падобныя гісторыі гучаць як напамін, што памяць пра сапраўдны подзвіг не абмяжоўваецца толькі каляндарнымі датамі.

Так, байцы першага ў краіне студэнцкага інфармацыйнага атрада «МедыяВектар» імя Героя Савецкага Саюза Сямёна Гурэвіча ўзялі на сябе адказную місію. Яны здымалі цыкл інтэрв’ю-ўспамінаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пазней стануць асновай дакументальнага фільма. На жаль, час няўмольны: штодзень становіцца ўсё менш жывых сведкаў тых страшных падзей, пасля якіх «кожны чацвёрты быў мёртвы», «кожны трэці быў змораны, скалечаны і знявечаны», а «кожны другі на целе меў раны, апёкі ці шрамы». Таму дзяўчаты спяшаліся захаваць як мага больш шчырых і праўдзівых аповедаў пра тыя дні…

– Кожны раз, калі чую нешта пра Вялікую Айчынную вайну, па целе бягуць мурашы. Але калі пра гэты жах расказваюць тыя, хто прайшоў праз яго сам, усё ўспрымаецца інакш. Усе гісторыі ветэранаў асаблівыя, але найбольш запомнілася першая. Галіна Іванаўна Зайцава расказала нам пра 872 дні пекла – пра жыццё ў блакадным Ленінградзе. Страх, які жанчына адчувае дагэтуль, перадаваўся нам праз яе словы. Падчас вайны яна была зусім дзіцём, але тое пачуццё голаду і холаду памятае добра і баіцца, што ўсё гэта калі-небудзь вернецца. Памятаю, яна расказвала гісторыю з дзяцінства свайго мужа. Ён таксама жыў у Ленінградзе і быў крыху старэйшы за яе. Людзям тады выдавалі кавалачак хлеба ўсяго ў 125 грамаў, – падзялілася гісторыяй Дар’я Бакшук, камісар атрада.

– Мы сталі сведкамі болю ў вачах ветэранаў, які застанецца з імі назаўжды. Бачылі, наколькі цяжка ім успамінаць, а тым больш дзяліцца сваімі перажываннямі пра вайну. Нягледзячы на гэта, ветэраны адкрывалі нам свае сэрцы, давяралі самыя патаемныя ўспаміны. Гэтыя гісторыі былі поўныя горычы і страт, мужнасці і трываласці. Кожнае слова, вымаўленае імі, нагадвала, якім коштам было дасягнута мірнае жыццё. Праца ў студэнцкім атрадзе стала для нас неацэнным досведам. Мы навучыліся шанаваць кожнае імгненне, праведзенае з ветэранамі, і зараз разумеем, як важна захаваць іх спадчыну – гэта наш святы абавязак, – падсумавала Вікторыя Міронава, камандзір атрада.

Аднак пра вайну могуць расказаць не толькі жывыя сведкі. Часам яшчэ праўдзівей і глыбей – архіўныя дакументы. Менавіта дзеля захавання гістарычнай праўды наш універсітэт актыўна супрацоўнічае з пракуратурай вобласці. Вынік гэтай працы – междысцыплінарны праект «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі».

Купалаўцы імкнуцца асэнсаваць падзеі вайны не толькі праз факты, але і праз мастацтва, якое дазваляе адчуць чужы боль як свой уласны. Сёлета ў межах праекта «Дарогамі Перамогі» гледачы ўбачылі тэатралізаваную пастаноўку «Галасамі тых, хто змоўк навекі».

– Рыхтавацца пачалі яшчэ ў красавіку. Гэта далёка не першы наш спектакль на тэму Вялікай Айчыннай вайны, але кожны раз гэта неверагодна складана. Самае цяжкае – стрымліваць слёзы. Мы плакалі на кожнай рэпетыцыі. Нават калі яшчэ не было касцюмаў, святла і музыкі, калі мы проста чыталі тэкст – плакаць хацелася ўсім, бо вайна забрала нямала жыццяў, і кожнае з іх мае сваю вагу. А наша задача – памятаць, – прызнаецца Алеся Барышнікава, выканаўца дзевяцігадовай дзяўчынкі Варвары.

Пастаноўка прысвечана людзям, якія прайшлі праз жорны вайны. У цэнтры сюжэта – не маштабныя бітвы, а трагедыя адной сям’і: тое, як смерць салдата Сяргея рэхам адгукнулася ў лёсах яго блізкіх. Перад гледачом праходзяць тры жаночыя лёсы, аб’яднаныя адным болем. Нявеста салдата Ганна чакае разведгрупу. Калі ёй паведамляюць, што атрад вярнуўся, але без Сярожы, свет для яе руйнуецца. Аднак яна знаходзіць у сабе сілы не зламацца: цяпер яе боль становіцца яе сілай, а абавязак – абараняць тых, хто яшчэ жывы. Малодшая сястра салдата, маленькая Настачка, апынулася ў канцлагеры. У яе аднялі ўсё: дом, сям’ю і нават імя. Яна не ведае, ці жывыя яе родныя, і больш за ўсё на свеце марыць яшчэ хоць раз пагаварыць з імі. А ў вёсцы засталася маці Надзея. Яна зусім адна, але ў ёй, як і ва ўсіх маці таго часу, жыве невынішчальная вера ў вяртанне дзяцей. Мацярынскае сэрца адчула гібель Сяргея яшчэ да таго, як прыйшла пахаванка. Яна ведае, што яго смерць не была дарэмнай, але гэта не суцяшае яе душу.

Спосабаў захаваць памяць шмат. Галоўнае, каб усё тое засталося ў мінулым. Як жорсткі напамін, да чаго можа прывесці страта маральных арыенціраў і чалавечнасці. Каб толькі напамін, каб толькі ў памяці…

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва ўніверсітэта

Поделиться

Вам может также понравиться...