КАЛІ ДЗЕЦІ ВУЧАЦЬ ЦЯБЕ НЕ МЕНШ, ЧЫМ ТЫ ІХ

Усе мы ў школе пісалі сачыненне на тэму «Кім я хачу стаць, калі вырасту». Нехта спраўдзіў сваю мару і стаў доктарам, а камусьці космас пакарыўся толькі ў снах. Аднак рана ці позна сталеем, прыходзім на першае працоўнае месца і пачынаем пісаць ужо іншую гісторыю – прафесійную. З чым злучыла свой лёс Ясенія Балаева, выпускніца факультэта матэматыкі і інфарматыкі 2023 года? Сваё першае «дарослае» сачыненне яна вырашыла пачаць са слоў: «Мне важна, каб матэматыка не выглядала наборам правіл, а ўспрымалася як стройная сістэма, у якой усё злучана».

Ад педагагічнага класа да ўласнага

– Скажу шчыра, я наогул не думала, што буду працаваць настаўніцай. Але вучылася ў педагагічным класе. Гэты вопыт дапамог мне ўбачыць, як нараджаецца цікавасць да прадмета і як важна ўмець проста тлумачыць складаныя рэчы. Школу скончыла з залатым медалём і на той момант разважала наступным чынам: калі я вывучу матэматыку на высокім узроўні, то ўсе дарогі будуць адчынены. Матэматыка здавалася мне ўніверсальнай мовай – яна развівае мысленне і дае свабоду выбару. Так гэты шлях прывёў мяне ў сярэднюю школу №36 горада Гродна. Цяпер я працую ў 8 і 9 класах, а да гэтага – у 5, 6 і 7. Скажу шчыра: кожная ўзроставая група па-свойму цікавая, але зараз мне бліжэй старэйшыя класы. У гэтым узросце вучні ўжо здольны разважаць, з імі можна абмяркоўваць не толькі правілы, але і логіку, прыгажосць матэматыкі. І пры гэтым яны яшчэ эмацыйна рэагуюць на цікавыя задачы – гэта вельмі натхняе.

Першы ўрок – тое, што ніколі не забываецца…

– Першы дзень памятаю вельмі добра. Тым больш, што я адразу стала не толькі настаўнікам, але і класным кіраўніком. Гэта падвойвала адказнасць: трэба было і ўрок правесці, і пазнаёміцца з дзецьмі як іх «класная мама». Да ўрока хвалявалася крыху. Разумела, што зараз я не вучань за партай, а чалавек, які стаіць каля дошкі. Падчас урока хваляванне паступова сышло. Калі пачалася сама праца – тлумачэнне, пытанні, рэакцыі дзяцей – я адчула, што знаходжуся на сваім месцы. А як класны кіраўнік я ў той жа дзень убачыла, што апроч матэматыкі мне трэба будзе вырашаць мноства «чалавечых» задач: падтрымліваць і накіроўваць дзяцей. Пасля заняткаў былі змешаныя пачуцці: з аднаго боку – палёгка, што ўсё прайшло, з другога – жаданне адразу разабраць, што атрымалася, а што не. Я ўзгадвала моманты, дзе можна было растлумачыць інакш, дзе варта было даць больш часу. Менавіта тады я зразумела, што настаўніцтва – гэта прафесія, дзе ты не толькі вучыш дзяцей, але і сам штораз пашыраеш свой кругагляд.

Веды, якія не знойдзеш у падручніку

– У дзяцей за гэты час я навучылася, мусіць, самаму галоўнаму – цярпенню. Дзеці кожны дзень паказваюць, што адзін і той жа матэрыял можна зразумець самымі рознымі шляхамі. Тое, што мне здаецца відавочным, для кагосьці – цэлая гісторыя. Гэта вучыць не спяшацца, а шукаць іншую фармулёўку і прыклад. І, мабыць, найважнейшае – я навучылася не баяцца памылак. Лічу, што кожнаму варта ўсвядоміць, што калі не атрымалася сёння, то абавязкова атрымаецца заўтра, галоўнае – не спыняцца.

Ці магчыма праца настаўніка без…

– Не магу ўявіць сваю дзейнасць без дзяцей. Без іх даверу, іх пытанняў, іх рэакцыі. Без моманту, калі клас уключаецца і ўрок ператвараецца ў агульную размову. І без той аддачы, ад якой часам наварочваюцца слёзы. Без нечаканай пяшчоты ад разумення, што ты патрэбна.

Гутарыла Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва гераіні

Поделиться

Вам может также понравиться...