21 сакавіка 2021 года ва ўзросце 76 гадоў сышоў у вечнасць вучоны ў галіне спектраскапіі і оптыкі, прафесар, з 1994 года па 1997 год рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Леанід Мікалаевіч Ківач
Леанід Мікалаевіч нарадзіўся 7 студзеня 1945 года ў горадзе Навагрудак. У 1966 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ са спецыялізацыяй «Оптыка і спектраскапія». С 1967 па 1970 гады навучаўся ў аспірантуры. З верасня 1970 года працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце старшым выкладчыкам кафедры агульнай і тэарытычнай фізікі, дацэнтам, загадчыкам кафедры.
Таленавіты навуковец і арганізатар Леанід Ківач, працуючы загадчыкам кафедры агульнай фізікі, стварыў навуковую школу спектраскапіі, адным з першых ва ўніверсітэце арганізаваў пры кафедры навуковыя лабараторыі, абсталяваныя самымі новымі прыборамі і вылічальнай тэхнікай.
Чытаў курсы «Механіка», «Малекулярная фізіка», «Оптыка», спецкурс «Спектральны аналіз». У 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1993 годзе – доктарскую.
З 1993 па 1994 гг. – прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы, а затым – рэктар універсітэта.
У 1994 годзе Леанід Мікалаевіч прапанаваў праграму, якая мела канчатковай мэтай стварэнне на Гродзеншчыне рэгіянальнага ўніверсітэта класічнага тыпу. Ідэя рэгіянальнасці адпавядала «Стратэгіі рэфармавання сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», прынятай Калегіяй Міністэрства адукацыі і навукі 26.10.1994 года, і мела на ўвазе пераўтварэнне Гродзенскага ўніверсітэта з правінцыйнай ВНУ, пераважна педагагічнага профілю, у класічны многапрофільны ўніверсітэт, трансфармаванне яго ў асяродак адукацыі, навукі і культуры Гродзеншчыны.
Пасля працаваў на пасадзе прафесара кафедры агульнай фізікі, выконваў абавязкі прарэктара па навуковай і інавацыйнай працы, быў галоўным навуковым супрацоўнікам Гродзенскага абласнога цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій, вядучым інжынерам кафедры агульнай фізікі.
Прафесар Ківач – аўтар навуковых прац у галіне спектраскапіі і оптыкі. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці – развіццё метадаў флуарэсцэнцыі і камбінацыйнага рассейвання святла для даследавання біяарганічных малекул.
Кіраўніцтва і шматтысячны калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім, калегам Леаніда Мікалаевіча і раздзяляе смутак страты. Памяць аб вучоным назаўжды будзе жыць у сэрцах удзячных вучняў і калег.