НАВУКОВЕЦ, АСВЕТНІК, ПАТРЫЁТ
Напрыканцы 2024 года з друку выйшла кніжка гродзенскага даследчыка, супрацоўніка навуковай бібліятэкі нашага ўніверсітэта Міхаіла Пажарыцкага «Навуковапедагагічны дыскурс беларусазнаўчай спадчыны Я.І. Хлябцэвіча (да 140-годдзя з дня нараджэння бібліятэказнаўца)».
Трымаючы выданне ў руках, бачыш цэлую эпоху развіцця беларускай літаратуры, бібліятэчнай справы вачамі вялікага кнігазнаўцы першай паловы ХХ стагоддзя. Дадзеная праца ўяўляе сабой бібліяграфічны нарыс, у якім разглядаюцца разнастайныя даследаванні, артыкулы нашага славутага земляка Яўгена Хлябцэвіча (родам з Жыровіч Слонімскага павета Гродзенскай губерні) у галіне асэнсавання беларускай мастацкай літаратуры і культуры ў кантэксце грамадска-філасофскай думкі свайго часу, тэндэнцый развіцця айчыннага мастацкага слова і бібліятэказнаўства.

М. Пажарыцкі разглядае дзейнаць вядомага бібліятэказнаўцы як у дакастрычніцкі (да 1917 года), так і савецкі перыяды. Масавы народны чытач становіцца галоўнай мэтай папулярызацыі кніжнай прадукцыі. Я. Хлябцэвіч асаблівую ўвагу надаваў беларускай літаратуры як выразніцы мараў і думаў простых людзей, распаўсюджванню якой павінна паспрыяць сетка бібліятэк.
Аўтар падкрэслівае, што знакаміты айчынны бібліятэказнавец Я. Хлябцэвіч не абмяжоўваўся аднымі толькі бібліяграфічнымі звесткамі па беларусазнаўчых накірунках першай паловы ХХ стагоддзя, а зарэкамендаваў сябе як навуковец маштабнага агульнабеларускага дыяпазону: бібліёграф, бібліятэказнавец, літаратуразнавец, гісторык, мастацтвазнавец.
Аўтар выдання распавядае пра спробы друку Я. Хлябцэвіча на бібліятэказнаўчую тэматыку яшчэ ў ранніх беларускамоўных газетах пачатку мінулага стагоддзя. У кнізе разглядаецца даклад на І Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе, у якім аналізавалася праблема распаўсюджвання народных бібліятэк і праз іх кніжнай прадукцыі, дэманстравалася станоўчая дынаміка інтэлектуальнага і грамадзянскага росту вяскоўцаў у бок цывілізаванасці.
Пранікнёна даследуецца паслякастрычніцкая беларусазнаўчая дзейнасць Я. Хлябцэвіча. М. Пажарыцкі зазначае: «У савецкі перыяд Я.І. Хлябцэвіч займаўся ў асноўным чырвонаармейскімі бібліятэкамі, прычым у агульнасаюзным плане. Ён публікаваў работы па арганізацыі бібліятэчнай сеткі, формах і метадах бібліятэчнай справы ў воінскіх калектывах, па вывучэнню чытацкіх інтарэсаў чырвонаармейцаў, кіраўніцтву іх чытаннем».
У Я. Хлябцэвіча былі асобныя публікацыі савецкага перыяду дзейнасці, прысвечаныя знакавым постацям беларускай літаратуры: Я. Баршчэўскаму, Ф. Багушэвічу, Цётцы.
Асобны раздзел адрасаваны матэрыялам Яўгена Хлябцэвіча другой паловы 40-х – пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя пра жыццё і творчасць Янкі Купалы. Бачна, што Міхаіл Пажарыцкі ўважліва працаваў з фондамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. «Матэрыялы да манаграфіі Я. Хлябцэвіча пра Янку Купалу – гэта цыкл артыкулаў купалазнаўца пераважна ў рукапісах, да якіх належыць і машынапіс з аўтарскімі чарнільнымі праўкамі; некаторыя работы суправаджаюцца друкаванымі аналагамі».
Аўтар кнігі Міхаіл Пажарыцкі праводзіць думку, што адным з пачынальнікаў купалазнаўства з’яўляецца той жа Я. Хлябцэвіч. Напрыканцы сваёй кнігі даследчык прыходзіць да высновы: «Беларусазнаўчая спадчына Я.І. Хлябцэвіча мае педагагічнае (як навучальнае, так і выхаваўчае) значэнне».
Дадзены бібліёграфа-аналітычны нарыс Міхаіла Пажарыцкага «Навукова-педагагічны дыскурс беларусазнаўчай спадчыны Я.І. Хлябцэвіча (да 140-годдзя з дня нараджэння бібліятэказнаўца)» будзе цікавым і карысным не толькі для філолагаў і бібліятэказнаўцаў, але і для шырокага кола прыхільнікаў беларускай культурна-гістарычнай спадчыны.
Руслан КАЗЛОЎСКІ,
дацэнт кафедры беларускай філалогіі.