САМЫ НЯЎЛОЎНЫ САКРЭТ

Пакута ці радасць? Праклён ці бязлітасць? Споведзь ці гордасць? Цішыня травы ці рыканне горада? Сапраўды, колькі сэнсаў тоіць у сабе адно-адзінае слова – «паэзія». Яшчэ Пімен Панчанка трапна заўважыў: «Каб жа я знаў, што такое паэзія, Гэтыя б вершы не напісаў». Для кожнага яна пра нешта сваё, асабістае, і адначасова агульнанароднае. Сёння ніхто не адважыцца сказаць: «гэта проста рыфмаваныя радкі» (асабліва калі ўзгадаць пра верлібры). Беларуская паэзія заўсёды вылучалася суквеццем самабытных талентаў. І да Сусветнага дня паэзіі мы вырашылі пагутарыць з тымі, хто пакідае свой след у яе сучасным развіцці. Гэта не толькі маладыя паэты, якія натхнёна пішуць пра каханне і гора, будзённасць і вечнасць, але і тыя, хто даследуе мастацтва Слова. Гэта юныя навукоўцы, якія аналізуюць вопыт папярэднікаў, каб новаму пакаленню творцаў было прасцей, а мы, чытачы, змаглі адшукаць усе прыхаваныя сэнсы. А ўпрыгожаць наш аповед радкі творцаў, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё творчасці і велічы роднай мовы. Не буду больш вам перашкаджаць. Прыемнага і ўдумлівага чытання радкоў-адкрыццяў і радкоў-сповядзей…

ПАКУЛЬ ПАЭТЫ БУДУЦЬ ПЕЦЬ – НЕ БЫЦЬ РАДЗІМЕ БЕЗЫМЕННАЙ!

Уладзіслаў Буры, студэнт 2 курса факультэта эканомікі і кіравання: Цікавасць да паэзіі абудзілася ў мяне ў гады падлеткавасці, прыкладна паміж 13 і 14 гадамі. Шмат у чым гэтаму паспрыяла адданая сваёй справе настаўніца рускай мовы і літаратуры. Мне было надзвычай цікава пазнаваць жыццёвы шлях, выпрабаванні і пераломныя моманты ў лёсах знакамітых паэтаў, такіх як, напрыклад, Міхаіл Лермантаў.

Спектр тэм, якія я закранаю, даволі шырокі. Але перш за ўсё, гэта, напэўна, каханне. Пачуццё, што хвалюе кожнага чалавека. Я ўпэўнены, што не нарадзіўся яшчэ чалавек, які ніколі не сутыкаўся з гэтым пачуццём у розных яго праявах. Таксама мяне цікавяць грамадскія моманты і філасофія нашага жыцця. Мы часта жывём быццам на аўтапілоце, але ж важна задумвацца пра нешта большае, чым штодзённасць, пра вышэйшыя матэрыі, якія павінны кіраваць нашымі ўчынкамі, думкамі і дзеяннямі:

Мы, люди, странные, однако. Порой хотим чего-то сильно И, не дойдя всего полшага, Бросаем, стоя лишь пассивно.

Галоўнай крыніцай натхнення для мяне з’яўляюцца людзі. Усё, што я пішу, так ці інакш звязана з чалавечымі гісторыямі, грамадскімі тэндэнцыямі або асаблівасцямі паводзін. Часам натхненне прыходзіць ад прыроды, ад тых момантаў, якія хочацца злавіць і зафіксаваць у вершах. Спачатку я пісаў па-руску, але паступова прыйшоў да таго, што значная частка маіх вершаў цяпер на беларускай мове. Гэта прынцыповая пазіцыя – пісаць больш на роднай мове. Я не магу назваць адзінага пісьменніка, творчасцю якога я натхняюся. Мне бліжэйшыя такія майстры слова, як Рыгор Барадулін, Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Цётка, Уладзіслаў Сыракомля, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. З гэтых пісьменнікаў хацелася б браць прыклад.

Бываюць моманты, калі я пішу верш і адкладваю яго ў нататках. Тэкст можа праляжаць там некалькі месяцаў ці нават гадоў. Але потым, праз час, адкрываеш яго, ловіш той настрой, з якім пісаў гэтыя радкі, і тады нешта дапісваецца ці змяняецца. З цягам часу на нейкія рэчы пачынаеш глядзець зусім інакш, чым, напрыклад, тры гады таму. Тады хочацца крыху змяніць тэкст, але мне ніколі яшчэ не даводзілася кардынальна змяняць ужо гатовы верш. Я лічу, што кожны перыяд жыцця чалавека звязаны з пэўным этапам разумення сябе і сваёй ролі ў гэтым сусвеце. Таму было б няправільна разбураць тое, што было адчута і кранула душу ў пэўны момант жыцця.

Таксама я з’яўляюся ўдзельнікам літаратурнага аб’яднання з гордай назвай «Наднёманскія галасы». Я невыказна ўдзячны чалавеку, які кіруе ім, Святлане Мікалаеўне Тарасавай. Я паважаю яе да глыбіні душы. Калі б не яна, гэтага аб’яднання проста не існавала б, і мы не змаглі б сабрацца пад яе крылом. Яна аказвае нам вялікую дапамогу ў нашым творчым развіцці.

АЛЕ ХТО ЯЕ ПАЧУЕ? МОЖА, ТОЛЬКІ САМ ПАЭТ.

Анастасія Карпей, студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта: Дзякуючы майму навуковаму кіраўніку, Сабуць Аліне Эдмундаўне, мне адкрыўся сапраўдны сэнс паэзіі. Я зразумела, што гэта не проста радкі на паперы, а жывы голас душы.

Тэму курсавой – «Мастацка-вобразная адметнасць лірыкі Марыі Шаўчонак» – я выбрала, каб звярнуць увагу да рэгіянальнай паэзіі, якая часта застаецца ў ценю сталічнай. Гродна – гэта ўнікальны культурны феномен, і мне хацелася прасачыць, як яго атмасфера ўвасабляецца ў паэтычным слове. Марыя Шаўчонак зацікавіла мяне неардынарным вобразным мысленнем: у яе лірыцы побыт цесна пераплятаецца з метафізікай. Самым нечаканым
адкрыццём стала тое, як паэтка працуе з вобразамі паўсядзённасці – у вершах яны становяцца сведкамі чалавечага лёсу, захоўнікамі хатняга цяпла. Асабліва кранаюць радкі
пра час і дарогі:

Мінае ўсё: і боль, і вёсны,
Мінае лета і зіма…
Мінае ўсё, як тыя вёрсты,
Якія я прайшла сама.

Тут вёрсты становяцца мерай жыцця – час не проста ідзе, яго можна прайсці і адчуць фізічна. А вобраз дарогі раскрываецца як дыялог паміж трывогай і прагай да «зямных прыгод». Дзякуючы гэтаму даследаванню я зразумела: паэзія Шаўчонак вяртае душу не толькі ў рэчы, але і ў сам час, робіць яго ад чувальным і блізкім.

Магчыма, мой выбар тэмы тлумачыцца яшчэ і тым, што я не толькі даследчык, але і чытач, які сам спрабуе сябе ў паэзіі. Так, я так сама пішу вершы, пераважна пра каханне. І, напэўна, таму жаночая паэзія заўсёды выклікала ў мяне асаблівую цікавасць. Мне хацелася зразумець, як іншая жанчына перакладае на мову паэзіі тыя самыя пачуцці, якія блізкія і мне. Мая мінулая курсавая работа таксама была прысвечана жаночай паэзіі, і гэтане выпадкова. Для мяне гэта магчымасць прасачыць пераемнасць, убачыць, як розныя аўтаркі гавораць пра адны і тыя ж вечныя тэмы: каханне, прызначэнне, зямное хараство. Творчасць Марыі Шаўчонак у гэтым сэнсе стала для мяне завяршэннем пэўнага даследчага цыклу. Гэта не проста вывучэнне – гэта спроба пачуць блізкі па духу голас у беларускай паэзіі і зразумець, чым ён адметны

ЭХ ТЫ, ПЕСНЯ-ПЕСЕНЬКА, ЗРУШЫШ СЭРЦА ВОЛАТА…

Марыя Красней, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта: Вершы я пачала пісаць дастаткова позна – у16 гадоў, але любоў да творчасці і Слова ўва мне столькі, колькі я сябе памятаю. Вершы з самага пачатку выкарыстоўвала як інструмент для самарэфлексіі. Мне, шчыра кажучы, было ўсё роўна на памер і на рыфму. Маёй задачай было проста перадаць пачуцці найбольш трапнымі словамі. Самы першы мой верш быў прысвечаны аднаму вельмі добраму хлопцу, там я гулялася са словамі «каханне» і «любоў». Тады і адчула сябе сапраўднай лінгвісткай!

А так у вершах звычайна вельмі эмацыйна пішу пра нешта зямное. Натхненне не шукаю, яно быццам само прыходзіць з усіх бакоў: гукі, пагляды, рухі, рэчы… Усё настолькі цудоўнае! Аднак, на жаль, з усіх формаў творчасці, якімі я займаюся, паэзія для мяне найбольш рэдкая і спантанная (але гэта не перашкаджае мне знаходзіцца ў паэтычным клубе «Наднёманскія галасы», дзякуючы якому не забываюся на паэзію ў такім хуткім свеце і крыху запавольваюся, каб проста ствараць). Пішу літаральна раз на год, але кожны раз атрымліваецца магнум опус. Звычайна празспецыфіку маёй спецыяльнасці да тэксту магу ставіцца недзе «тэхнічна і суха», але не без цікавасці. Люблю проста часам гуляцца са словамі і метафарамі, як з канструктарам. Адзін раз нават удзельнічала ў літаратурным батле, дзе заняла першае месца. Няхай нас і было ўсяго тры чалавекі, але я шчыра рада гэтай перамозе. Дагэтуль ганаруся гэтымі творыкамі.

Упэўнена, што за кожным творам стаіць чалавек. Звычайна, асаблівую любоў маю да нашых пісьменнікаў. Не буду называць канкрэтных, каб нікога не пакрыўдзіць. Скажу, што толькі з нашай літаратурай душа неяк па-асабліваму адпачывае.

З СУЗОР’ЯЎ І СОНЕЧНЫХ ЦЁПЛЫХ ПРАМЕННЯЎ…

Вікторыя Мельнікава, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта: Даследаванне творчасці Віктара Кудлачова стала для мяне не проста навуковай задачай, але і каштоўным вопытам, які спатрэбіцца мне ў будучай прафесійнай дзейнасці. Тэма маёй дыпломнай работы  «Дзіцячая паэзія Віктара Кудлачова: спецыфіка мастацкай дэталі». Паэзія Кудлачова надзвычай шматгранная. Аўтар стварае не толькі павучальныя, але і забаўляльныя творы, а таксама звяртаецца да складанай тэмы вайны.

Для самых маленькіх чытачоў паэт знаходзіць простыя і мілагучныя вобразы:  «Маленький наш котик Лапкой моет ротик. Когда спать идёт, «Мур-мур-мур»,  поёт…». Асаблівае месца ў яго творчасці займае зборнік «Война глазами ребёнка». Праз асабісты вопыт дзяцей паэт паказвае страшныя рэаліі ваеннага часу, перадаючы важныя ўрокі мужнасці і памяці. У вершы «Вдохновения луч» аўтар кранае тэмы страты зроку і духоўнай моцы, даказваючы, што нават праз боль можна захоўваць агонь творчасці і дарыць яго дзецям («Стихи и рассказы я детям дарю»).

Любоў да Радзімы, яе гісторыі і культуры пранізвае кожны радок Кудлачова. Яго верш «Родина  мама и я…» гучыць як сапраўдная дэкларацыя любові да Радзімы. Не менш жыва паэт малюе і свет прыроды: ад зорыстага неба да пяшчотных маляўнічых сцэн, што навучаюць дзецей любіць і цаніць навакольнае асяроддзе. Напрыклад, у вершы «Вясна» паэт апісвае прыход сакавіка і красавіка, ствараючы простыя і даступныя для дзіцячага ўспрымання вобразы, каб расказаць пра змены пораў года. Не абыходзіць аўтар і пытанні этыкі. Верш «Сидит в автобусе мальчишка…» востра ставіць праблему павагі да старэйшых.

І ДУМАЎ НА МОВЕ ПАЭТА!

Арцём Кузьмянок, студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму: Цікавасць да паэзіі з’явілася ў мяне яшчэ ў школе. Мне вельмі пашанцавала з настаўніцай па літаратуры, з якой мы глыбока аналізавалі вершы паэтаў.

Свой першы верш я напісаў даволі рана. Вядома, гэта была толькі спроба пяра, бо тады яшчэ не хапа ла ні навыкаў, ні начытанасці. Ён быў прысвечаны ваеннай тэматыцы, аднак ці можа дзіця па-сапраўднаму ацаніць маштаб такой трагедыі? Сёння я закранаю самыя розныя тэмы, але часцей за ўсё гэта перажыванне асабістых эмоцый і падзей. Дарэчы, люблю пісаць лісты пра тое, што ўжо не магу выказаць. Гэта свайго роду постскрыптум, і менавіта так, спадзяюся, аднойчы назаву свой зборнік. Вядома, не абыходжу бокам і некаторыя філасофскія тэмы: пра штодзённасць, феномен творчасці і матывацыю жыцця:

в общем странное то дело
ночью тихо рифмовать
тратить силы, тратить время
и слезами грусть питать.

Часам пасля прагляду фільма ці праслухоўвання песні я адчуваю, як недзе ўнутры зараджаецца імпульс. Вельмі важна не згубіць яго! У такія моманты я адразу бяру тэлефон, адкрываю нататкі і дазваляю сваёй душы гаварыць праз словы. Як я навучыўся з маёй любімай кнігі «З нічога: мастацтва ствараць мастацтва»: натхненне ёсць ва ўсім. Мы самі і ёсць натхненне. Я сапраўды ў гэта веру. Часам дастаткова паглядзець на неба, убачыць зграю птушак… Такую прыгожую, жывую, неверагодна сапраўдную… І разумееш, што гэта ўсё цуд. Усё вакол нас чароўнае.

Для мяне паэзія – гэта супраць легласць стабільнасці. Нешта непадуладнае нікому ў поўным аб’ёме. Гэта тое, чаго чакаеш больш, чым Новы год і Дзень нараджэння. І калі раптам натхненне прыходзіць, ты не заснеш да раніцы, але знойдзеш словы, каб растлумачыць свету, што адчуваеш. Але пры гэтым я выдатна разумею, што паэзія – гэта мастацтва, валоданне якім патрабуе велізарнага майстэрства. Гэта навык, які трэба няспынна адточваць, пісаць пра самыя звычайныя рэчы: як свеціць сонца, як гарыць агонь, і такім чынам трэніраваць сябе.

Пакуль што я не ўдзельнічаў у літаратурных конкурсах, але на конкурсе «Міс і Містар універсітэт-2026» я выступаў з аўтарскай песняй, напісанай на мой тэкст. Для мяне магчымасць паказаць людзям сваю творчасць, свае эмоцыі і вершы — гэта ўжо велізарная ўзнагарода.

ЯК МАСТАК, АД ЯКОГА СВЕТ АДБІВАЕЦЦА.

Ці ўдалося пазнаць усіх майстроў слова, чые радкі на гэтай старонцы абуджалі ў душы самыя светлыя пачуцці? Спадзяюся, што так, але на ўсялякі выпадак нагадаю гэтыя
слаўныя імёны: Ніл Гілевіч, Максім Багдановіч, Міхась Чарот, Максім Танк і Рыгор Барадулін.

Завяршыць наш аповед хочацца вершам Пімена Панчанкі — таго самага паэта, да чыёй творчасці мы звярталіся напачатку. Хай гэтыя радкі яшчэ раз нагадаюць кожнаму з нас
пра таямнічую моц паэтычнага слова:

Народ — пясняр, народ — паэт.
Народ без паэзіі? Недарэчнасць.
Паэзія — самы няўлоўны сакрэт,
Які не будзе нікім рассакрэчаны.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва героеў

Поделиться

Вам может также понравиться...