Памяці Аляксея Пяткевіча
Гісторыю, як вядома, твораць людзі, чыя што одзённая дзейнасць скіравана на ўдасканаленне, развіццё і росквіт грамадства. Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янк Купалы заўжды шчасціла на такіх людзей, чыя самаадданая праца спрыяла яго натуральнаму станаўленню і развіццю, шчасціла на тых, хто на працягу ўсяго свайго жыцця служыў універсітэту, з вялікім гонарам і выключнай годнасцю насіў імя купалавец!
У кагорце купалаўцаў вылучаецца постаць прафесара Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, які прысвяціў нашай альма-матар 64 гады свайго жыцця. Аляксея Міхайлавіча не стала 11 сакавіка бягучага года.
З імем прафесара Пяткевіча найперш непарыўна звязана развіццё філалагічна факультэта, куды ў 1957 годзе выпускнік аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук быў размеркаваны на працу. Варта адзначыць, што Аляксей Міхайлавіч, першачаткова размеркаваны ў Інстытут літаратуры, сам папрасіў накіраваць яго ў Гродзенскі педагагічны інстытут, бо марыў працаваць не ў акадэмічным кабінеце, а ў студэнцкай аўдыторыі.
З прыходам на кафедру літаратуры Аляксей Міхайлавіч пачынае актыўную дзейнасць па папулярызацыі беларускага мастацкага слова, таму часта ў студэнцкай аўдыторыі, па яго сяброўскай просьбе, з’яўляюцца вядомыя беларускія пісьменнікі, тыя, каго сёння па праву лічаць класікамі нацыянальнай літаратуры. Пры непасрэдным удзеле Аляксея Міхайлавіча ствараеццца кафедра беларускай літаратуры, першым загадчыкам якой ён і становіцца. Прафесару Пяткевічу належыць ідэя стварэння Купалаўскіх чытанняў у інстытуце (пазней – універсітэце), якую сёння прынята лічыць своеасаблівым брэндам нашай альма-матар.
Па ўспамінах Аляксея Міхайлавіча, у сярэдзіне мінулага стагоддзя на створанай кафедры беларускай літаратуры існавала сур’ёзная кадравая праблема, не хапала высокапрафесійных спецыялістаў, таму загадчык кафедры знаходзіў розныя шляхі вырашэння дадзенай праблемы: запрашаў на працу ў інстытут вопытных настаўнікаў, якія дзяліліся сваімі творчымі набыткамі, выкладчыкаў БДУ, выпускнікоў аспірантуры Акадэміі навук.
Працуючы на кафедры беларускай літаратуры, прафесар Пяткевіч заўжды разумеў важнасць даваць веды маладым педагогам у рэчышчы нацыянальнай культуры, бо лічыў, што толькі той настаўнік зможа падаць усю адметнасць умоў, спецыфікі развіцця нацыянальнай літаратуры, які разумее і ведае багатую культурную традыцыю народа. Таму ўжо ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя ім быў распрацаваны спецкурс «Беларускае мастацтва: пытанні тэорыі і гісторыі».
На пачатку 90-х гадоў Аляксей Міхайлавіч разам з прафесарам С.А. Габрусевічам і дацэнтам І.В. Жуком распрацоўваюць і ажыццяўляюць ідэю стварэння кафедры беларускай культуры і факультэта беларускай філалогіі і культуры. На працягу дзесяці гадоў Аляксей Міхайлавіч узначальваў названую кафедру, падрыхтаваў некалькі кандыдатаў навук па спецыяльнасці «Культуралогія».
Сярод навуковых зацікаўленняў прафесара Пяткевіча былі пытанні тэорыі літаратуры, гісторыя літаратуры, развіццё нацыянальнай культуры, а яго кандыдацкая дысертацыя прысвечана творчасці Кузьмы Чорнага.
Прыехаўшы на працу ў Гродзенскі педінстытут, Аляксей Міхайлавіч прысвяціў сябе даследаванню мастацкай, культурнай спадчыны нашага рэгіёна, стварыў у гэтым накірунку шэраг унікальных прац, сярод якіх – кнігі «Людзі культуры з Гродзеншчыны» (2000), «Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, другу на Гродзеншчыне» (2002), «Слова і кніга Прынёмання» (2016), «Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы» (2006) і іншыя. Заслугоўвае асаблівай увагі складзены прафесарам Пяткевічам «Беларускі настольны перакідны каляндар (на матэрыяле Гродзеншчыны) », які выходзіў штогод, пачынаючы з 2010 года.
У адным з інтэрв’ю, падрыхтаваным да 90-годдзя, пры адказе на пытанне «Ці можна сказаць, што дзякуючы Гродна Вы былі шчаслівым?», Аляксей Міхайлавіч сказаў так: «Справа не ў Гродна, справа перш за ўсё ў маёй працы выкладчыкам універсітэта. Калі я гаварыў «тут», то меў на ўвазе не гродзенскія вуліцы, не гродзенскі Нёман, а перш за ўсё студэнцкую аўдыторыю. Безумоўна, і Нёман таксама, і Гародня, і яго замкі, і ўсё астатняе стала мне вельмі дарагім, але таму, што мне было вельмі ўтульна ў гэтай студэнцкай аўдыторыі. Я любіў сваю прафесію і, здаецца, у мяне атрымлівалася». Менавіта такім, улюбёным у сваю прафесію, апантаным у даследаванні і папулярызацыі глыбінных нацыянальных каранёў, застанецца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч у памяці многіх тысяч ягоных выпускнікоў, калег, сяброў, аднадумцаў.
Мікалай ГРЫНЬКО, дырэктар навуковай бібліятэкі.
Фота з архіву ГрДУ імя Янкі Купалы