Дзень ведаў: пачатак новай старонкі гісторыі Купалаўскага ўніверсітэта
Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, прайшла ў Купалаўскім універсітэце 2 верасня. Мерапрыемства аб’яднала ганаровых гасцей, студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і адбылося ў самым сэрцы альма-матар – на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга.
Дзень ведаў у Рэспубліцы Беларусь – значнае свята. Гэта дзень прызнання каштоўнасці адукацыі, навукі, тэхналогій, інтэлектуальнай сілы нашай дзяржавы.
Па традыцыі свята пачалося з унясення Сцяга Рэспублікі Беларусь і Сцяга Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы лепшымі курсантамі ваеннага факультэта і студэнтамі, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў галіне навукі, культуры і спорту ўслаўляюць універсітэт у Рэспубліцы Беларусь і далёка за яе межамі.
На ўрачыстым мерапрыемстве выступілі рэктар універсітэта Ірына Кітурка і ганаровыя госці, якія павіншавалі студэнтаў з пачаткам новага навучальнага года і пажадалі поспехаў у вучобе і навуковай дзейнасці.
– Пачатак новага навучальнага года – гэта заўсёды пачатак новай старонкі ў гісторыі Купалаўскага ўніверсітэта. У гэтым навучальным годзе нас чакае шмат падзеяў. Мы адзначым 85-годдзе з дня ўтварэння сваёй навучальнай установы, у межах якой адбудзецца II З’езд выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы. 20 верасня спаўняецца 80 год Гродзенскай вобласці. У 2025 годзе будзе адзначацца 80-годдзе Вялікай Перамогі. Адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – паведаміла рэктар.
У сваім звароце да купалаўцаў Ірына Фёдараўна пажадала, каб кожны студэнт знайшоў сваё пакліканне і імкнуўся да высокіх дасягненняў. Яна падкрэсліла важнасць стараннасці, натхнення і ўзаемнай падтрымкі ў працэсе навучання.
Падчас мерапрыемства з рук рэктара Ірыны Кітуркі і ганаровага госця – старшыні Гродзенскага абласнога суда Аляксандра Корзуна былі ўручаны пасведчанні “Аб занясенні на Дошку гонару па выніках 2023/2024 навучальнага года” лепшым навучэнцам, студэнтам, магістрантам і аспірантам універсітэта.
Ад імя студэнцкай моладзі прысутных павіншавала Анастасія Кісель, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, уладальнік звання “Студэнт года Рэспублікі Беларусь”.
Дзень ведаў у ГрДУ імя Янкі Купалы стаў выдатнай магчымасцю для студэнтаў распачаць навучальны год са станоўчых эмоцый. Ён заклаў аснову для паспяховага і плённага навучання, а таксама даў магчымасць кожнаму адчуць сябе часткай вялікай і дружнай купалаўскай сям’і.
Дзіана СЦЯПАНАВА.
Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ