Аляксандр Гаршкоў: “Перамога ў конкурсе на лепшую кандыдацкую дысертацыю стала добрым стымулам рухацца наперад”

Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь падвяла вынікі штогадовага конкурсу на лепшую доктарскую і кандыдацкую дысертацыі за 2024 год. Пераможцам конкурсу на лепшую кандыдацкую дысертацыю з уручэннем дыплома лаўрэата ў намінацыі “Гуманітарныя навукі” стаў старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандр Гаршкоў. Мы паразмаўлялі з пераможцам і даведаліся, чаму прысвечана яго дысертацыя.

На конкурс кандыдат гістарычных навук прадставіў дысертацыю пад назвай “Культура броме ў міжрэччы Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана: засяленне, храналогія, матэрыяльная культура”. Навуковы кіраўнік працы – доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Сяргей Піваварчык.

– Аляксандр Дзмітрыевіч, скажыце, калі ласка, аб чым Ваша даследаванне?

– Мая дысертацыя прысвечана насельніцтву тэрыторыі Беларусі перыяду фінальнага палеаліту (14 000 – 10 000 гадоў таму). Насельніцтва – прадстаўнікі культуры броме – былі паляўнічымі на паўночных аленяў, якія пасля адыходу апошняга ледавіка прыйшлі на нашу тэрыторыю з тэрыторыі Еўропы. Мною было выяўлена 48 стаянак паляўнічых-збіральнікаў з матэрыяламі культуры броме ў міжрэччы Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана. Іх жыллё мела кароткачасовы характар, паколькi залежыла ад мiграцыi стадаў паўночнага аленя.

– Чаму менавіта гэтую тэму абралі для даследавання?

– Зацікавіўся гэтай тэмай яшчэ калі вучыўся ва ўніверсітэце на трэцім курсе. Распрацоўваў яе ў магістратуры і аспірантуры і ўвесь час пашыраў межы тэрыторыі даследавання: у кандыдацкай дысертацыі даследавана амаль уся частка Заходняй Беларусі. А захапіла гэтая тэма тым, што менавіта ў гэты час адбываецца першае масавае засяленне тэрыторыі Беларусі пасля адыходу ледавіка, гэта перыяд кардынальных зменаў у клімаце і гаспадарчым ладзе.

– Назавіце, калі ласка, высновы, да якіх Вы прыйшлі ў працы?

– Мая дысертацыя – першая спроба ў Рэспубліцы Беларусь даследаваць культуру броме ў міжрэччы Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана. Упершыню з дапамогай матэматычнага аналізу нам удалося вызначыць для чаго і як выкарыстоўваліся крамянёвыя наканечнікі характэрныя для носьбітаў культуры броме. Бо дрэвак няма, яны не захаваліся, ёсць толькі наканечнікі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу студэнтаў, мы правялі шэраг эксперыментаў і даведаліся больш пра функцыі знойдзеных наканечнікаў. У дысертацыі на дадзены момант найбольш поўна апісаны інвентар, характэрны для даследуемай эпохі і тэрыторыі. У працэсе даследавання таксама стала вядома, што насельніцтва на нашу зямлю прыйшло з тэрыторыі Паўночнай Еўропы па нізінах Сярэднееўрапейскай раўніны. Яшчэ цікава было даведацца, што палявалі ў той час не толькі на паўночнага аленя. Адной з высноў працы з’яўляецца прычына, па якой прыйшло першае насельніцтва на нашу тэрыторыю, – гэта наяўнасць добрай камянёвай сыравіны для стварэння прылад палявання.

– Ці будзеце працягваць даследаванне ў гэтай галіне?

– Я не збіраюся спыняцца ў даследаванні, планую ў хуткім часе ўзяцца за падрыхтоўку доктарскай дысертацыі. Хочацца ахапіць увесь палеаліт на паўночна-заходняй тэрыторыі Беларусі і разгледзець усе археалагічныя культуры. Для гэтага мне трэба будзе правесці як мінімум з дзясятак палявых сезонаў.

– Якія парады можаце даць тым, хто зараз знаходзіцца ў працэсе падрыхтоўкі дысертацыі?

– Я прыхільнік той думкі, што калі чалавек штосьці хоча, то ён абавязкова гэта зробіць. І тут не так важна, які ў яго старт, якія жыццёвыя ўмовы і акалічнасці. У плане падтрымкі і дапамогі каштоўнымі былі парады майго навуковага кіраўніка. Што датычыцца фінансавага боку, то вельмі дапамог грант рэктара. Дакладна ведаю, што ў многіх іншых універсітэтах такой падтрымкі для навукоўцаў не існуе.

– Перамога ў конкурсе неяк паўплывала на Вас?

– Шчыра кажучы, адразу пасля абароны кандыдацкай дысертацыі я не вельмі хацеў прадаўжаць навуковае даследаванне з мэтай напісання доктарскай. А вось пасля таго, як даведаўся пра перамогу ў конкурсе на лепшую кандыдацкую дысертацыю ў намінацыі “Гуманітарныя навукі”, з’явілася жаданне працаваць далей. Так што, лічу, перамога стала добрым стымулам рухацца наперад. Шмат чаго я ўжо запланаваў, напрыклад, падрыхтоўку вучэбнаметадычнага дапаможніка для студэнтаў, манаграфію. Спадзяюся, нешта змагу ажыццявіць у найбліжэйшы перыяд і зрабіць падарунак універсітэту ў гонар яго 85-годдзя.

Таццяна СУШКО.

Фота з архіва ўніверсітэта

Поделиться

Вам может также понравиться...