Узняцца на Купалаўскую вышыню

ГрДУ імя Янкі Купалы мае выбудаваную сістэму супрацоўніцтва са школамі і гімназіямі. На базе ўніверсітэта праводзяцца пасяджэнні круглых сталоў, навукова-метадычных семінараў, вэбінары, трэнінгі, майстаркласы для настаўнікаў, прадметныя алімпіяды для школьнікаў, а таксама навукова-практычныя канферэнцыі. У мінулым годзе ўніверсітэт стаў пляцоўкай для правядзення краязнаўчай навуковапрактычнай канферэнцыі “Купалаўская вышыня”. Пра гэтае адкрытае маштабнае мерапрыемства, якое аб’яднала студэнтаўкупалаўцаў і школьнікаў Гродзеншчыны, распавёў ініцыятар і арганізатар – дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Віталій Карнялюк.

Па словах Віталія Рыгоравіча, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў абласной краязнаўчай канферэнцыі “Купалаўская вышыня” знаходзіцца ўсё, што складае гістарычнае, культурнае, этнічнае і прыроднае багацце Прынёманскага краю, бо фарміраванне нацыянальнай інтэлігенцыі немагчыма без выхавання любові да роднага краю, без адчування каштоўнасці Бацькаўшчыны.

Сваёй канцэпцыяй і метадычнымі падыходамі “Купалаўская вышыня” працягвае педагагічную традыцыю, створаную дзесяцігоддзем правядзення канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.

– На працягу дзесяці папярэдніх гадоў канферэнцыя ладзілася на пляцоўках гродзенскіх гімназій. Гэты краязнаўчы форум штогод праводзіла каманда настаўнікаў-краязнаўцаў пад эгідаю Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства. З 2024 года яна праходіць на базе нашага ўніверсітэта, – адзначыў Віталій Карнялюк.

Праблемнае поле канферэнцыі – шырокі спектр краязнаўчых напрамкаў. “Людзі зямлі Гарадзенскай”, “Тапаніміка Гродзеншчыны”, “Гродзеншчына ў Першай сусветнай вайне”, “Гродзеншчына ў Другой сусветнай вайне”, “Музычная Гродзеншчына”, і іншыя. Усяго каля двух дзясяткаў напрамкаў, на падставе якіх фарміруюцца секцыі. Часам іх фарміраванне ідзе ад атрыманых вузкатэматычных назваў вучнёўскіх прац. Такім чынам з’явіліся секцыі “Настаўнікі Гродзеншчыны”, “Рэкі і азёры Гродзеншчыны”, “Садова-паркавае мастацтва Гродзеншчыны”.

– Удзельнікамі канферэнцыі становяцца вучні з розных школ і гімназій вобласці. А слухаюць іх выкладчыкі і настаўнікі, якія самі маюць дачыненне да краязнаўчага пошуку. Заўсёды арганізатары канферэнцыі імкнуцца, каб гэта былі лепшыя спецыялісты вобласці. Гродзеншчына багата таленавітымі педагогамі-краязнаўцамі, такімі як А. Госцеў, Д. Тарасюк, А. Рабкоў, І. Фясенка, Л. Калеснік, С. Клёсаў, Г. Румак, У. Прыхач і іншыя. Без перабольшвання можна сцвярджаць, што ўсе яны хаця б раз былі сярод сябраў журы секцый. Немалая іх колькасць – сталыя ўдзельнікі канферэнцыі, – падкрэсліў арганізатар.

Адметнасцю мерапрыемства з’яўляецца невялікая колькасць удзельнікаў секцыі, што дазваляе пачуць кожнага вучня, пагутарыць з ім, уключыць у размову яго настаўніка. Між іншым, магчымасць прысутнасці настаўніка – таксама адметнасць канферэнцыі. Вядома, што вучнёўская краязнаўчая праца – гэта заўсёды вынік супрацоўніцтва настаўніка і вучня.

Віталій Карнялюк згадаў яшчэ адну адметнасць канферэнцыі. Гаворка ідзе пра плянарную частку, падчас якой адбываецца сустрэча ўдзельнікаў са знакамітым краязнаўцам:

– Па-свойму, такая сустрэча ў выглядзе міні-лекцыі – падарунак як для вучняў, так і для ўсіх прысутных педагогаў. У гэтым годзе адкрыў яе вядомы гродзенскі краязнаўца, знакаміты беларускі навукоўца – член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, доктар біялагічных навук Андрэй Майсяёнак.

Летась для ўдзелу ў фінальным этапе канферэнцыі “Купалаўская вышыня” былі дасланы на папярэдні разгляд спецыялістаў 529 краязнаўчых работ студэнтаў і вучняў усіх раёнаў Гродзенскай вобласці і горада Гродна. У выніку былі выбраны 222 лепшыя работы, якія склалі змест 25 секцый канферэнцыі.

У якасці журы секцый выступілі дзясяткі выкладчыкаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта біялогіі і экалогіі, філалагічнага факультэта, факультэта мастацтваў і дызайну, а таксама настаўнікі-краязнаўцы школ горада Гродна і Гродзенскай вобласці. Арганізацыйную дапамогу ажыццяўлялі супрацоўнікі ДУА “Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства”, выкладчыкі кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы.

Па выніках працы канферэнцыі ўдзельнікі атрымалі дыпломы I, II і III ступеняў, а таксама слушныя парады прафесійных навукоўцаў.

Па словах Віталія Рыгоравіча, на вясну гэтага года запланавана чарговая “Купалаўская вышыня”:

– Краязнаўчая канферэнцыя – гэта заўсёды свята. Ужо цяпер мяркуецца, хто будзе хэдлайнерам мерапрыемства. Магчыма, ім стане Аляксандр Карлюкевіч – вядомы ў краіне сваімі кнігамі па краязнаўству Міншчыны. Галоўныя ўдзельнікі – вучні-даследчыкі ў чарговы раз атрымаюць нагоду ўзняцца на купалаўскую вышыню, каб адтуль зазірнуць на чарговыя вышыні свайго лёсу.

Узаемадзеянне двух сацыяльных інстытутаў – школы і ВНУ – адыгрывае важную ролю ў развіцці якаснай адукацыі, садзейнічае гарманічнаму пераходу выпускнікоў школы ў вышэйшае звяно навучання, а таксама забяспечвае бесперапыннасць адукацыйнага працэсу.

Таццяна СУШКО.

Фота з архіва Віталія Карнялюка

Поделиться

Вам может также понравиться...