ДОБРА БЫЦЬ У ДАРОЗЕ, ЯКУЮ ТЫ САМ САБЕ ВЫБІРАЕШ

21 сакавіка ў Купалаўскім універсітэце па-сапраўднаму кіпела жыццё! «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі» сабраў сотні таленавітых абітурыентаў, іх усхваляваных бацькоў і прадстаўнікоў прадпрыемстваў рэгіёну. Гэта не простая сустрэча – гэта
ўнікальная магчымасць атрымаць усю інфармацыю непасрэдна ад тых, хто ўжо тут вучыцца і працуе. Атмасфера была зараджана энергіяй і прадчуваннем. Больш за 2600 удзельнікаў і 23 арганізацыі-заказчыкі кадраў. І хоць большая частка гасцей – 92% – прыехала з Гродзеншчыны, цікавіліся паступленнем у Купалаўскі ўніверсітэт школьнікі з усіх абласцей рэспублікі! Але даволі лічбаў! Наперадзе нас чакаюць самыя яскравыя моманты! Давайце разам паглядзім, што падрыхтавалі купалаўцы ў гэты насычаны дзень!

Адразу на першым паверсе накіроўваемся на пляцоўку факультэта біялогіі і экалогіі. Тут увагу гасцей прыцягвае маленькі пухнаты камочак па мянушцы Шах. – На пляцоўцы кафедры сістэмная біялогіі прадстаўлены заалагічныя і батанічныя экспанаты, якія студэнты самстойна збіраюць падчас практыкі на першым курсе. Сёння ў нас шмат інтэрактыву: абітурыенты могуць паспрабаваць адгадаць расліну ці птушку па малюнку. А вось кроліка Шаха і яго сябра, які крыху баіцца людзей, нам прадаставіў заапарк. Мы з ім актыўна супрацоўнічаем: праходзім там практыку і нават маем магчымасць пайсці да іх працаваць па размеркаванні, – расказвае Аліна Цюлюпа, студэнтка 2 курса факультэта біялогіі і экалогіі.

Побач можна ўбачыць прыборы для вымярэння ўзроўню фасфатаў і нітратаў, экспрэс-тэсты для праверкі чысціні вады. А на картках можна азнаёміцца з біяіндыкатарамі, якія самымі першымі рэагуюць на забруджванне навакольнага асяроддзя. Студэнты-эколагі таксама прапануюць праверыць гародніну і садавіну на ўтрыманне шкодных рэчываў. Па сакрэце нам паведамілі, што сённяшняя «гераіня» тэстаў – бульба, у якой прыбор зафіксаваў перавышэнне нормы нітратаў.

Ідзем далей і сустракаем адзінаццацікласніцу Вікторыю Павядайка, якая дакладна вырашыла, што будзе паступаць на юрыдычны факультэт: – Мне вельмі падабаюцца школьныя ўрокі па грамадазнаўстве. Я нават удзельнічала ў алімпіадзе па гэтым прадмеце і прайшла на абласны этап. Таксама мне хочацца разумець законы і дакладна ведаць усе свае правы і абавязкі. Пакуль я яшчэ не вызначылася са спецыяльнасцю: вагаюся паміж «Міжнародным правам» і «Правазнаўствам». Але накірунак дакладна вызначаны!

І мы таксама вызначылі – ідзём глядзець на пляцоўку юрыдычнага факультэта. А ва аўдыторыі – яблыку няма дзе ўпасці, бо прадстаўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні дэманструюць тэхніку, якой карыстаюцца штодзень. Гэта і прыбор для вызначэння рэшткавых слядоў выбуховых і наркатычных рэчываў, мікраскапічныя часціцы якіх застаюцца на адзенні, руках ці рулі аўтамабіля пасля кантакту з забароненымі рэчывамі, і відэаэндаскоп, што дазваляе аглядаць аўтамабіль без яго разбору. Абітурыентам таксама паказалі цеплавізар, які выкарыстоўваецца на чыгуначных пунктах пропуску, дзе мытня выконвае функцыі пагранічнага кантролю, і металадэтэктар.

Рухаемся далей, і нашу ўвагу прыцягваюць бліскучыя кубкі і звон медалёў. Гэта факультэт фізічнай культуры дэманструе дасягненні сваіх студэнтаў. Аднак адна справа паглядзець і пазахапляцца перамогамі іншых, а зусім іншая – самому паспрабаваць забіць гол у вароты ці трапіць мячом у баскетбольнае кальцо. Студэнты ахвотна тлумачылі, як зрабіць гэта тэхнічна, а футбольны мяч асабліва зацікавіў самых маленькіх абітурыентаў, якіх наш універсітэт будзе чакаць гадоў праз дзесяць. А вось ужо ў гэтым годзе паступіць на спецыяльнасць «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» плануе Мікіта Патоніч, які прыехаў з Мастоў: – Я сам займаюся футболам, гуляю за гарадскую каманду. Маю вялікае жаданне не толькі паступіць, але і трапіць ва ўніверсітэцкую зборную. Зараз там гуляе шмат маіх знаёмых. Каб дасягнуць мэты, упарта трэніруюся і рыхтуюся да ЦТ, каб атрымаць высокія балы.

Ад бліскучых узнагарод нас адрывае незвычайнае гудзенне. Падымаем вочы і бачым цікавую прыладу – квадракоптар мультыратарнага тыпу (цікавы факт: ён можа падняць груз вагай да 450 грамаў – амаль столькі ж, колькі важыць сам!). Адразу становіцца зразумела – побач пляцоўка ваеннага факультэта. Тут нас сустракаюць курсанты ў ахоўных касцюмах, адзін з якіх называецца «Лясун».

Абітурыенты з цікавасцю разбіралі і збіралі АК-74, спрабавалі патрапіць у мішэнь і, канешне, частаваліся сапраўднай салдацкай кашай – духмянай грэчкай са смажанай морквай, цыбуляй і шчодрай лыжкай тушонкі!

Ад ежы фізічнай пераходзім да «страў» духоўных. Факультэт мастацтваў і дызайну прадставіў як работы для ўступных іспытаў, ацэненыя на 9–10 балаў, так і дыпломныя праекты выпускнікоў. Ад яскравых кніг і займальных настольных гульняў было складана адвесці вочы. Асноўныя пытанні абітурыентаў тычыліся ўнутраных іспытаў, прахадных балаў і колькасці мэтавых месцаў. Студэнты шчыра дзеляцца: вучыцца цікава, але трэба быць гатовым пастаянна засвойваць новае і своечасова здаваць працы.

Побач размясціліся будучыя педагогі. Асаблівую цікавасць у абітурыентаў выклікалі займальныя майстар-класы. Студэнты спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» праводзілі інтэлектуальныя гульні. Напрыклад, прапаноўвалі знайсці прыметнікі, якія найлепш характарызуюць настаўніка. Побач дзяўчаты давалі магчымасць усім ахвотным стварыць малюнкі з клею і рознакаляровых круп. Гэта не толькі весела і займальна, але і вельмі карысна для развіцця дробнай маторыкі. Таксама гасцей вучылі мастацтву арыгамі і
знаёмілі з дыдактычнымі гульнямі для дзяцей. Адна з такіх гульняў дапамагае дзеткам вывучаць колеры: трэба супаставіць каляровую картку з адпаведным алоўкам-асновай.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - IMG_4997-1-1024x683.jpg

Ідзем далей і трапляем на інжынерны факультэт. На жаль, супаставіць назвы з рэальнымі дэталямі аўтамабіля выйшла не вельмі ўдала, затое атрымаць асалоду ад віртуальнай рэчаіснасці – на выдатна! Факультэт прадставіў два ўнікальныя сімулятары. Адзін з іх дазваляе заняцца зборкай і рамонтам аўтамабіля, які складаецца ажно з 1000 дэталяў. У віртуальнай прасторы можна разабраць машыну да апошняга вінціка і сабраць нанова. Гэта сапраўдная паўнавартасная аўтамайстэрня, дзе пульты ў руках становяцца інструментамі, якімі можна браць, круціць і мацаваць любыя аб’екты.

Калі працягваць шукаць цікавыя накірункі для «тэхнікаў», то рана ці позна шлях прывядзе вас на пляцоўку фізіка-тэхнічнага факультэта. Там абітурыентаў чакалі камп’ютар з клавіятурай на магніце, макет для збору мікрасхем, стэнд, на якім збіраюцца шаблонныя блокі з розных мікракан тралёраў і пытанні… Чаму вада пад лёдам не замярзае?

Ад такіх пытанняў прапануем перайсці да знаёмства з аўтарамі вядомых беларускіх твораў і пошукаў прыметнікаў, якія са словам «язык» ствараюць фразеалагізм. Студэнты філалагічнага факультэта падышлі да заданняў крэатыўна: прадставілі мемы па вядомых творах класікаў (напрыклад, «калі не хочаш, каб твой твор крытыкавалі, спалі яго!» – ад каго такая «парада», зразумеюць усе). Акрамя таго, прапанавалі цікавую гульню па разгадванні назваў літаратур ных твораў, зашыфраваных у эмодзі. Такім чынам удалося не толькі павесяліцца, але і прыгадаць школьную праграму. Не засталася па-за ўвагай і віктарына «Ці падыходзіць мне прафесія філолага?».

А вось на факультэце эканомікі і кіравання ўдзельнікам прапанавалі канцэпцыю «Абудзі ў сабе». Праз інтэрактывы і гульні абітурыенты, якія яшчэ не вызначыліся з накірункам, маглі выбраць спецыяльнасць па душы. Удзельнікі супастаўлялі краіны з назвамі іх валют, адказвалі на пытанні, а пасля студэнты факультэта давалі рэкамендацыі: напрыклад, выбраць «Сусветную эканоміку», а «Менеджмент» пакінуць як запасны варыянт

На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму студэнты і выкладчыкі спецыяльнасці «Гісторыя» прадставілі перасоўную выставу «Археалагічная спадчына Беларускага Панямоння». Экспанаты расказваюць пра даследаванні ад эпохі мамантаў да ваеннай археалогіі. Таксама можна было ацаніць дасягненні ў лічбавай сферы: 3D-сканаванне, сканаванне плёнак, праца з мікраскопам. А ў самой аўдыторыі студэнты актыўна працуюць над рэканструкцыяй сярэднявечных кальчуг і займаюцца кансервацыяй і рэстаўрацыяй археалагічных матэрыялаў, у прыватнасці, чысцяць метал для яго далейшага захавання.

А на пляцоўцы спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» можна было пазнаёміцца з асноўнымі культурнымі традыцыямі Кітая – знакамітай чайнай цырымоніяй, нацыянальным адзеннем – і наведаць майстар-клас па напісанні іерогліфаў.

Доўга не затрымліваемся і рухаемся далей! Каля ўвахода на пляцоўку факультэта матэматыкі і інфарматыкі сустракаем дзесяцікласніка Мацвея Палубка. Хлопец ужо зараз сур’ёзна задумваецца пра будучую прафесію. – Мяне вельмі зацікавіла праграмаванне, таму планую паступаць на «Праграмную інжынерыю». У школе я абраў фізіка-матэматычны профіль, а яшчэ мне падабаецца ўсё, што звязана з камп’ютарамі. Збіраюся запісацца
на дадатковыя курсы і паглыблена вывучаць фізіку, каб у наступным годзе здаць экзамены на высокія балы. А сёння мяне асабліва ўразілі VR-акуляры!

Пасля прыемнага знаёмства мы завіталі на факультэт псіхалогіі. Тут абітурыентаў чакала
насычаная інтэрактыўная гутарка з выкладчыкамі і студэнтамі. Кожны мог атрымаць адказы на пытанні, якія хвалююць у паўсядзённым жыцці: як будаваць адносіны, як спраўляцца з крызіснымі перажываннямі, як правільна ставіць мэты і дасягаць іх. Асобную цікавасць выклікалі зоны, прысвечаныя псіхафізіялогіі памяці і асаблівасцям чалавечага мыслення.

Наша вандроўка падыходзіць да завяршэння. Мерапрыемства паказала: у нашым універсітэце кожны можа знайсці спецыяльнасць, якая адгукнецца ў душы. Застаецца толькі зрабіць свой выбар і ўпэўнена крочыць насустрач мары. Галоўнае – выбіраць сэрцам, каб потым ні аб чым не шкадаваць. Нездарма наш класік Якуб Колас пісаў: «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш».

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота Анастасіі АРЫНОВІЧ


Поделиться

Вам может также понравиться...