ГАЗЕЦЕ «ГРОДЗЕНСКІ ЎНІВЕРСІТЭТ – 40 ГАДОЎ »
40 гадоў – значная дата для выдання. За ёю – штодзённая сур’ёзная і творчая праца. За гэты час на старонках газеты старанна адлюстроўвалася гісторыя ГрДУ імя Янкі Купалы, якая назаўсёды захаваецца ў архіве і будзе асабліва каштоўнай для наступных пакаленняў купалаўцаў і гісторыкаў. Наша газета заўсёды была і застаецца ў цэнтры падзей, якія адбываюцца ў Купалаўскім універсітэце, жыве поспехамі і дасягненнямі студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў.
Рэпартаж з мінулага

Нагадаем, першы нумар газеты “Гродзенскі ўніверсітэт” выйшаў 1 мая 1986 года. Ён пачынаўся са звароту да чытачоў і задаваў тон дыялогу з аўдыторыяй. Матэрыялы выдання адлюстроўвалі дух эпохі – перабудову. У асноўным яны былі сканцэнтраваны на жыцці ўніверсітэта, асвятленні дзейнасці факультэтаў, вучобы і камсамольскай працы. Матэрыялы ілюстраваліся чорна-белымі здымкамі ўніверсітэцкага фатографа Уладзіміра Сарокіна. Да 1990 года газета выдавалася на рускай мове, ад аднаго да трох нумароў на месяц на 4-х паласах і распаўсюджвалася па падпісцы.
Галоўная тэма, якой прасякнуты матэрыялы і якая не змянілася да сённяшняга дня, – імкненне ўніверістэта даць якасную адукацыю студэнтам. Так, у матэрыяле пад назвай “Толькі агульнымі намаганнямі” (“Гродзенскі ўніверсітэт”, ад 14 кастрычніка 1986 года, стар. 2) дэкан філалагічнага факультэта Томаш Тамашэвіч уздымае пытанне якасці адукацыі, атрыманай філолагамі падчас навучання ва ўніверсітэце. Аўтар даводзіць, што “Филологический факультет сегодня – самый многочисленный в Гродненском университете. На двух его отделениях занимается около 600 студентов. С этого учебного года мы набрали на первый курс 150 человек – региону нужны филологические кадры. Большой факультет – велики и задачи, стоящие перед профессорско-преподавательским составом. Более четко они определились в связи с перестройкой высшего и среднего специального образования в стране, стержневая сущность которой в резком повышении уровня подготовки специалистов”. Дэкан сцвярджае, што неабходна ўмацоўваць індывідуальную працу са студэнтамі і мэтанакіравана арганізаваць іх самастоўную падрыхтоўку: “С этого учебного года мы взяли курс на усиление самостоятельной работы. Никто никому не даст знаний, если они будут навязаны, если знать студент попросту не хочет, желая лишь быстрее получить диплом”.

У рубрыцы “Жыццё кафедры” апублікаваны матэрыял “З улікам патрабаванняў дня” (“Гродзенскі ўніверсітэт”, ад 21 кастрычніка 1986 года, стар. 1). Аўтар Генадзь Шыханцоў, загадчык кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, распавядае пра павышэнне якасці выкладання і ў сувязі з гэтым – пра адкрыццё на базе кафедры праблемнай крыміналістычнай лабараторыі пры пракуратуры Гродзенскай вобласці. “Яе галоўнай задачай будзе вывучэнне судова-следчых памылак і распрацоўка навуковаабгрунтаваных рэкамендацый па іх ліквідацыі”, – кажа аўтар.
Якасным падыходам вызначаўся і сам набор ва ўніверсітэт. На старонках выдання захаваліся асаблівасці працы прыёмнай камісіі ўніверсітэта розных гадоў. Так, у газеце ад 31 жніўня 1986 года ў матэрыяле “За права стаць студэнтам” размешчана інтэрв’ю з адказным сакратаром прыёмнай камісіі Т. Э. Моджэрам, які адзначыў, што асаблівасцю прыёму стала прафарыентацыйнае субяседаванне, падчас якога абітурыенты мелі магчымасць атрымаць да трох дадатковых балаў, а таксама рэкамендацыю прыёмнай камісіі. Гэта дазваляла высветліць да пачатку ўступных іспытаў узровень ведаў агульнага развіцця абітурыента, правамернасць выбару прафесіі, адпаведнасць ці неадпаведнасць ёй. Самы вялікі конкурс у 1986 годзе склаўся на гістарычным факультэце.

Дзякуючы газеце мы можам сачыць за лёсам купалаўцаў, іх прафесійным станаўленнем і развіццём. Так, напрыклад, у рубрыцы “Нашы інтэрв’ю” пад загалоўкам “Калі ў жыцці ёсць мэта” (“Гродзенскі ўніверсітэт”, №1 ад 3 лютага 1997 года) апублікавана размова з таленавітым студэнтам 3 курса матэматычнага факультэта Станіславам Сабалеўскім, які пабываў на прыёме ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і атрымаў ад яго спецыяльнае пасведчанне. У інтэрв’ю хлопец расказаў, што сваімі поспехамі ў матэматыцы ён абавязаны бабулі, якая далучыла яго да ранняй гульні ў шахматы. Тады ён агучыў і сваю мару – стаць выкладчыкам універсітэта. Амаль праз 20 гадоў Станіслаў Сабалеўскі ізноў даў інтэрв’ю нашай газеце да 80-гадовага юбілею яго навуковага кіраўніка – Івана Платонавіча Мартынава. З матэрыялу мы даведаліся, што студэнцкая мара Станіслава ажыццявілася: ён стаў не проста выкладчыкам, а прафесарам Нью-Йорскага ўніверсітэта, Цэнтра даследавання і развіцця гарадоў.

Гартаючы падшыўку, можна ўбачыць, як змяняўся статус газеты і якую ролю яна адыгрывала ў кожны перыяд развіцця нашай краіны і ГрДУ імя Янкі Купалы.
З сярэдзіны 90-х гадоў выходзіць прыкладна па 10 нумароў газеты штогод. У матэрыялах з’яўляецца больш беларускамоўнага кантэнту. Узрастае колькасць матэрыялаў, якія асвятляюць навуковую дзейнасць.
Так, на першай паласе ў рубрыцы “Кароткім радком” надрукаваны матэрыял “Калі ласка ў магістратуру”, які паведамляе, што на базе ўніверсітэта адкрылася магістратура. “Тут праводзіцца навучанне па 9 спецыяльнасцях. Справа новая, але ўжо добра сябе зарэкамендавала. Сёлета паступіла 18 заяў на 18 месцаў у магістратуры. Ужо на некаторыя спецыяльнасці аб’яўляецца конкурс. Самы вялікі – на эканамічныя спецыяльнасці” (“Гродзенскі ўніверсітэт”, ад 3 лістапада 1997 года, стар. 1).
У 2000-х гадах газета “Гродзенскі ўніверсітэт” прайшла праз перыяд трансфармацыі ад класічнай шматтыражкі да сучаснага ўніверсітэцкага выдання. Матэрыялы сталі больш інтэрактыўнымі, тэматычна разнастайнымі і арыентаванымі на моладзевую аўдыторыю, захоўваючы пры гэтым асвятленне афіцыйных універсітэцкіх навін. Дзейнасць універсітэта прыцягвае ўвагу кіраўніцтва краіны.

На першай паласе газеты ад 3 красавіка 2000 года размешчана віншаванне з 60-годдзем з дня заснавання ўніверсітэта ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. “Прыемна ўсведамляць, што за невялікі гістарычны перыяд ваша ўстанова ператварылася ва аўтарытэтны адукацыйны, навуковы і культурны цэнтр, у якім авалодваюць ведамі і навыкамі каля 10 тысяч студэнтаў і аспірантаў, а вучэбна-выхаваўчы працэс забяспечваюць 1300 педагогаў, вучоных і супрацоўнікаў”, – гаворыцца ў віншаванні.
Праз 18 гадоў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка асабіста наведаў Купалаўскі ўніверсітэт. Аб гэтым паведамляе газета за нумарам 9 ад 23 лістапада 2018 года. На першай паласе размешчаны матэрыял “Аляксандр Лукашэнка: стаўце перад сабой вялікія мэты”, у якім сказана, што “Президент ознакомился с достижениями и перспективами развития университета… Во время посещения университета обсуждалось строительство для вуза дополнительных корпусов общежитий… В целом Президент выразил уверенность, что в скором будущем обозначенная проблема будет решена”.

І ўжо праз два гады на першай паласе газеты “Гродзенскі ўніверсітэт” № 7 ад 8 верасня 2020 года знаходзім фота новага інтэрнату па вуліцы Дубко, 20, а на старонцы 5 у матэрыяле “Дом для тысячи студентов” чытаем, что “Современное 13-этажное здание на 1030 мест с безбарьерной средой – пятое общежитие для студентов ГрГУ имени Янки Купалы – принимает своих первых новоселов”.
У 2010-х гадах газета “Гродзенскі ўніверсітэт” становіцца сучасным мультымедыйным выданнем, захаваўшы пры гэтым статус афіцыйнай крыніцы інфармацыі. У гэты перыяд актыўна асвятляюцца тэмы “Лічбавы ўніверсітэт+”, укараненне IT-тэхналогій у навучальны працэс, стварэнне “Універсітэта 3.0”. Узмацніўся фокус на студэнцкіх ініцыятывах, студатрадах, моладзевых дыялогавых пляцоўках. Газета пачала актыўна асвятляць жыццё замежных студэнтаў, іх адаптацыю і погляды, расказваць пра іх культуру і традыцыі.
З сярэдзіны 2010-х газета стала “жывой і дынамічнай”. Павялічылася колькасць інтэрв’ю з вучонымі, паспяховымі выпускнікамі, рэпартажаў з месцаў падзей, а таксама творчых прац студэнтаў. Матэрыялы сталі змяшчаць спасылкі на электронныя рэсурсы. Газета перайшла да больш сучаснай вёрсткі, выкарыстання якасных фатаграфій, інфаграфікі, захоўвае двухмоўнасць: беларускую і рускую мовы.

У 2020-х гадах газета актыўна падтрымлівае імідж універсітэта як “тэрыторыі якасці”, лічбавага асяроддзя і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.
За апошнія гады наша газета значна змянілася: з’явілася шмат новых рубрык і праектаў, выданне стала больш сучасным і маляўнічым. У рэдакцыю прыйшлі маладыя кадры, якія, захоўваючы добрыя традыцыі газеты, фарміруюць яе новае аблічча.
За гады свайго існавання газета “Гродзенскі ўніверсітэт” заваявала дзве ўзнагароды (2018, 2020) у галоўным для журналістаў краіны спаборніцтве – Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ “Залатая Літара” ў намінацыі “Лепшыя навуковыя матэрыялы раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ”.
Мы актыўна развіваем інтэрнэт-рэсурс выдання, каб самыя свежыя навіны, яркія фота і цікавыя відэаролікі купалаўцы атрымлівалі аператыўна.
Юбілей газеты – свята не толькі журналістаў, але і чытачоў. І мы вельмі ўдзячны ўсім нашым калегам, аўтарам і чытачам за супрацоўніцтва, увагу і цікавасць да газеты, дапамогу і падтрымку ў рэалізацыі праектаў.
Таццяна СУШКО



