МАЛАДЫЯ. КРЭАТЫЎНЫЯ. НАТХНЁННЫЯ ПЕРАМОГАЙ

Чатыры дні, 21 каманда і больш за 200 удзельнікаў, аб’яднаных агульнай мэтай. У Купалаўскім універсітэце зноў прайшло мерапрыемства, якое чакаюць цэлы год, – Міжнародны грамадзянска-патрыятычны марафон «Час абраў нас». Гэты праект даўно ўжо не проста конкурс, а сапраўдная візітоўка нашага ўніверсітэта. Што ж запомнілася ўдзельнікам больш за ўсё? Якія моманты сталі самымі яркімі, эмацыйнымі і нечаканымі? Давайце даведаемся пра гэта з першых вуснаў!

Сёлета арганізатары вырашылі не змяняць традыцый: у Купалаўскім універсітэце зноў сабраліся маладыя, таленавітыя і неабыякавыя студэнты вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцы каледжаў з Беларусі і Расіі. Чатыры дні запар яны праходзілі творчыя, спартыўныя і інтэлектуальныя выпрабаванні. На кожным этапе ўдзельнікі дэманстравалі неверагодную згуртаванасць, сапраўдныя таленты і настойлівасць, якой можна толькі пазайздросціць.

Да інтэлектуальнай гульні «Эрудыт» марафонцы рыхтаваліся загаддзя: наведвалі квізы і віктарыны, уяўлялі магчымыя пытанні. Сапраўдны мазгавы штурм! У намінацыі «Знаўца роднай зямлі» каманды правяралі свае веды па гісторыі, культуры і геаграфіі Беларусі і Расіі. Студэнты прызнаюцца: у запале спрэчак яны так захапляліся пошукам адказаў, што часам забываліся запісаць яго ў бланк! Сваёй смешнай гісторыяй падзялілася Ульяна Вільчык, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

Мы выдатна справіліся з конкурсам. Але было адно вельмі лёгкае пытанне, у якое мы занадта паглыбіліся. Трэба было пазнаць птушку па малюнку. Мы ведалі, што перадапошняя літара ў назве – «Ш». І вось замест «кукушки» мы вынайшлі новы біялагічны від – «птушку-шарашэй». А такой птушкі ў прыродзе не існуе! Але на астатнія пытанні мы адказалі правільна. Для мяне гэта першы вопыт удзелу ў марафоне. Звычайна я на сцэне адна і адказваю толькі за сябе. А тут нас дзесяць – і мы павінны думаць як адзін чалавек. Калі нешта ідзе не па плане, трэба хутка скаардынавацца і вырашыць, што рабіць. У гэтым, на мой погляд, і ёсць сапраўднае задавальненне. Адчуваецца адказнасць: ты адказваеш не толькі за сябе, але і за каманду, за ўніверсітэт. І мне вельмі падабаецца дух спаборніцтва, калі побач моцныя канкурэнты, з якімі сапраўды хочацца пазмагацца.

Свае інтэлектуальныя здольнасці ўдзельнікі марафону працягнулі даказваць на этапе «Дэбаты». Тут студэнты сышліся ў дыскусіях па самых цікавых і неадназначных пытаннях: пераход на 12-гадовую школьную адукацыю з 5-дзённым навучальным тыднем і блакіроўка публікацый і акаўнтаў за нецэнзурную лексіку ў сацыяльных сетках. Іван Варонін, студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, адзначыў, што менавіта гэты конкурс стаў яго любімым:

Мне падабаецца адстойваць сваю пазіцыю, спрачацца – у добрым сэнсе. Апаненты патрапілі вельмі моцныя. Мая тэма: ці згодныя вы з тым, што трэба стварыць адзіную адукацыйную сістэму паміж Беларуссю і Расіяй. Я выступаў з боку апазіцыі. Апеляваў да таго, што я сам першакурснік і нядаўна праходзіў праз уступныя іспыты. Таму мая прамова грунтавалася на параўнанні расійскіх экзаменаў і нашых ЦЭ і ЦТ. На пытанні апанентаў адказаў, у таймінг уклаўся. Марафон падарыў мне каласальную колькасць эмоцый. Я яшчэ абавязкова вярнуся ў наступным годзе для заваявання новых вяршыняў. Вялікі дзякуй, што паклікалі!

Адным з самых яркіх і эмацыйных этапаў стаў конкурс «Творчая прэзентацыя ўстановы адукацыі». Каманды з Беларусі і Расіі выйшлі на сцэну, каб прадставіць сваю Alma mater – і гэта было сапраўднае свята! Удзельнікі марафону ператварылі сцэну ў калейдаскоп талентаў: гледачы ў захапленні апладзіравалі вакальным і танцавальным нумарам, тэатральным пастаноўкам і шчырым эмоцыям, якія не пакідалі нікога абыякавым.

Наша команда приехала на марафон, и я точно знаю, что мы вернемся сюда еще не раз. Думаю, для первого раза мы показали достойный результат. Я участвовала практически во всех конкурсах: и в военно-патриотическом, и в интеллектуальном, и в творческом. Во время визитки мы поставили танец под гимн нашего университета, вышли с флагами, а девушки пели, – расказала Аліна Каладзезнікава, студэнтка Ніжагародскага дзяржаўнага інжынерна-эканамічнага ўніверсітэта.

Намінацыя «Да абароны Айчыны гатовы» сабрала самых рашучых – тут студэнтаў чакалі не проста выпрабаванні, а сапраўдны выклік самім сабе! Спачатку быў этап «Трапны стралок»: маладыя людзі спаборнічалі ў дакладнасці стральбы з пісталета Макарава на сучасных электронных трэнажорах – усё па-сапраўднаму! Наступны конкурс – «Тактычная стральба» – імітаваў баявыя ўмовы. Тут удзельнікі адпрацоўвалі валоданне аўтаматам АК-74 на інтэрактыўным лазерным сімулятары. А на этапе «Агнявая група» трэба было весці агонь з-за хованак – гэта ўжо задачка на сапраўднае тактычнае мысленне. Фізічная падрыхтоўка выйшла на першы план у выпрабаванні «Кідальнік». Тут студэнты спаборнічалі, хто далей і трапней кіне гранату. Самым інавацыйным этапам стаў конкурс «Дронавод», прысвечаны кіраванню беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

А вось на конкурсе «Гаспадар і гаспадыня» ўдзельнікі з запалам узяліся адразу за дзве справы: выпякалі хатні хлеб, упрыгожаны разнастайнымі ўзорамі, і ўласнаручна стваралі кармушкі для птушак. Тут спаборнічалі не толькі ўменні, але і творчы падыход і любоў да дробязяў, якія робяць наш свет цяплейшым.

Але спаборніцтвамі са зброяй справы не абмежаваліся. У спартыўным блоку «Разам – за здаровы лад жыцця» ўдзельнікаў чакала сапраўднае свята руху: гульня ў гарадкі, дартс, футбол, валейбол і запальная спартыўная эстафета «Здаровы я – здаровая краіна».

«Сёння час абраў вас!» – гэты лозунг гучаў на працягу ўсіх чатырох дзён марафону, натхняючы ўдзельнікаў зноў і зноў. Для іх – маладых і энергічных. Для тых, каму далей несці памяць: праз сябе, праз свае сэрцы, праз кожны свой учынак.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва ўніверсітэта

Поделиться

Вам может также понравиться...