VITA BREVIS, ARS LONGA: ДА 20-ГОДДЗЯ ФАКУЛЬТЭТА МАСТАЦТВАЎ І ДЫЗАЙНУ

Ці можна было ўявіць, што звычайнае аддзяленне мастацтваў на факультэце псіхалогіі і педагогікі перарасце ў «самы прыгожы» факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы? Калісьці ўсё пачыналася з кафедраў музычнага накірунку і кафедры выяўленчага мастацтва. Але час паказаў, што мары маюць уласцівасць здзяйсняцца: сёння факультэт мастацтваў і дызайну святкуе сваё 20-годдзе. Цяпер яго дзяржаўныя экзамены ў лютэранскай кірсе і яркія паказы мод захапляюць не толькі студэнтаў і выкладчыкаў-купалаўцаў, але і шматлікіх жыхароў ды гасцей каралеўскага горада. Без чаго немагчыма ўявіць гэты творчы асяродак? Давайце даведаемся!

Унікальнасць факультэта ў тым, што тут не проста вучаць маляваць, праектаваць, спяваць, граць на музычных інструментах ці дырыжыраваць хорам. Тут вучаць адчуваць свет мастацтва і перакладаць яго складаныя сэнсы на мову прыгажосці, зразумелую кожнаму. Сваімі думкамі пра атмасферу факультэта падзялілася Ксенія Гарацкевіч, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Мастацкая адукацыя»:

Наш факультэт немагчыма ўявіць без творчых аўдыторый. Для кагосьці гэта проста навучальныя класы, але для нас – прастора, дзе нараджаюцца смелыя ідэі, сустракаюцца аднадумцы і пачынаецца шлях да першых прафесійных поспехаў.

Творчыя аўдыторыі нашага факультэта – гэта значна больш, чым проста месца для заняткаў. Гэта прастора, дзе ідэі становяцца праектамі, праекты – перамогамі, а мы, студэнты, паступова ператвараемся ў прафесіяналаў сваёй справы. Менавіта ў гэтых сценах мы бавім большую частку свайго часу: ствараем праекты, рыхтуемся да выстаў, працуем над эскізамі, шукаем натхненне і вучымся глядзець на звыклыя рэчы пад новым ракурсам. Кожная аўдыторыя захоўвае дзясяткі студэнцкіх гісторый, іх перамог, хваляванняў і маленькіх дасягненняў.

Асабліва запамінаюцца моманты сумеснай падрыхтоўкі да конкурсаў і фестываляў, універсітэцкіх мерапрыемстваў. Пасля заняткаў ніхто не спяшаецца дадому: адны завяршаюць працу над чарговым праектам, другія дапамагаюць аднагрупнікам, трэція ствараюць дэкарацыі. Паступова звычайная аўдыторыя ператвараецца ў сапраўдную творчую майстэрню. Ніколі не забуду, як на першым курсе перад конкурсам «Alma-mater» мы заставаліся ў аўдыторыі да самага вечара. Здавалася, што часу катастрафічна не хапае, але менавіта тады выявілася галоўная сіла нашага факультэта – падтрымка, узаемадапамога і шчырае жаданне стварыць нешта карыснае разам.

Калі Ксенія кажа пра візуальную прыгажосць факультэта і яго прастору, то іншы бок гэтага творчага свету – гук. Сапраўдным сімвалам музычнай душы факультэта стаў ансамбль «Рэзананс». Пра тое, як розныя галасы ствараюць сугучча, распавядае ўдзельніца калектыву Валерыя Галафаст, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Музыкальная адукацыя»:

Калі разважаць пра тое, без чаго наш факультэт проста не быў бы сабой, то найперш я назаву ансамбль «Рэзананс». За два гады ён стаў для нас увасабленнем самога духу факультэта – месцам, дзе мастацтва становіцца ключом да разумення чалавечых душ.

Для мяне «Рэзананс» – гэта і ёсць наш факультэт у мініяцюры. Гэта прастора, дзе не баяцца быць сабой, спрачацца і памыляцца, каб у выніку стварыць тое, што па-сапраўднаму адгукнецца ў сэрцах людзей. Нашы рэпетыцыі далёкія ад сухой і стэрыльнай акадэмічнасці. Гэта заўсёды творчы хаос: гарачыя спрэчкі пра нюансы гучання суседнічаюць са шчырым смехам над сумеснымі памылкамі. А пасля доўгіх рэпетыцый мы абавязкова збіраемся на традыцыйную гарбату. Мы вучымся чуць адзін аднаго не толькі літаральна, але і прафесійна – душой. Менавіта ў тыя хвіліны, калі мы перастаем проста «адпрацоўваць праграму» і пачынаем па-сапраўднаму адчуваць музыку, адбываецца чараўніцтва.

Калі мы прадстаўляем наш факультэт на сцэне, уся гэтая праца ператвараецца ў неверагодную энергію. Думаю, менавіта таму практычна кожнае наша выступленне на конкурсах заканчваецца Гран-пры ці званнем Лаўрэата. Глядач заўсёды адчувае, што перад ім – шчырая гісторыя.

Мы даведаліся, без чаго не могуць уявіць свой факультэт студэнты. А што думаюць тыя, хто накіроўвае іх на гэтым шляху? Без каго не ўяўляюць сваё жыццё выкладчыкі? Канешне ж, без сваіх таленавітых, няўрымслівых і адданых справе студэнтаў. Сваімі пачуццямі і ўспамінамі дзеліцца Алена Гаўрыкава, дацэнт кафедры музычнага мастацтва:

Факультэт мастацтваў і дызайну – асаблівы. Ён быў такім заўсёды: і калі я сама была студэнткай, і калі рабіла свае першыя крокі ў якасці выкладчыка. Гэтым дзівосным наш факультэт робяць не толькі выдатныя педагогі, але і неверагодна творчыя і яркія студэнты. Яны заўсёды гатовыя да творчых прыгод. Прыдумаць смешны нумар да навагодняга канцэрта, сабраць сотню пралесак, каб павіншаваць выкладчыкаў з 8 Сакавіка, прыняць удзел у складаным джазавым конкурсе ці падрыхтаваць прэм’еру Гімна ўніверсітэта – яны на ўсё здольны! Мы заўсёды падтрымліваем творчыя парывы нашых студэнтаў, радуемся іх поспехам як сваім уласным і, канешне, трохі сумуем, калі прыходзіць час развітвацца.

Дваццаць гадоў – гэта толькі пачатак для прасторы, якая жыве мастацтвам і дыхае натхненнем. Калі глядзіш на агеньчык у вачах студэнтаў, становіцца зразумела: наперадзе ў факультэта яшчэ шмат яркіх юбілеяў, гучных перамог і, галоўнае, той самай прыгажосці, якая будзе працягваць змяняць гэты свет да лепшага.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва героеў

Поделиться

Вам может также понравиться...