ШТОДЗЁННЫ МАРАФОН ПАМІЖ ЛЕКЦЫЯМІ І НАВУКАЙ
Як выглядае звычайны дзень студэнта? Ранні будзільнік, сняданак на хуткую руку, займальныя пары, размовы ў доўгай чарзе за гарбатай, а ўвечары – разбор канспектаў і падрыхтоўка да заняткаў. Гэты рытм нам добра знаёмы. А вось як выглядае працоўны дзень тых, хто стаіць па той бок выкладчыцкай кафедры? Чым напоўнены іх хвіліны паміж званкамі? Мы вырашылі правесці насычаны працоўны дзень разам з Аляксандрам Горным, дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, каб убачыць універсітэт яго вачыма.

Спярша мы завіталі на Кастрычніцкую, 5, дзе акурат пачыналася пара ў Аляксандра Сяргеевіча. Пра хвілінку супакою выкладчык можа толькі марыць. Звычайны аўторак, а ён ужо жартуе, што кожны педагог нечым падобны да індуісцкага бога Шывы, якому дакладна не пашкодзіла б яшчэ пара рук, каб паспець усё запланаванае за гэтыя кароткія 10 хвілін.
Там, дзе збіраюцца студэнты, заўсёды гучна. Нехта абмяркоўвае хатнія заданні і ўражанні ад практыкі, кагосьці па-сапраўднаму хвалююць надзённыя пытанні пра чэргі ў буфеце, а хтосьці дапісвае канспект з мінулай лекцыі. Але ўвесь гэты студэнцкі гоман імгненна сціхае, калі раздаецца званок (здаецца, самы працяглы ва ўсім універсітэце!) і выкладчык пераступае парог аўдыторыі.

Зрэшты, ці магчыма ідэальная цішыня на парах? Спярша гучыць звыклае: «на чым мы спыніліся на мінулай лекцыі?», а з аўдыторыі даносіцца «рэстытуцыя» – і Аляксандр Сяргеевіч распачынае лекцыю. Дарэчы, дысцыпліна вельмі сур’ёзная – «Асновы палеаграфіі і храналогіі».
Калі на пачатку дзе-нідзе яшчэ чуўся нясмелы шэпт, то пасля фразы «а цяпер запісваем у канспект» па аўдыторыі праносіцца шалясценне сшыткаў, пстрыканне ручак, і пачынаецца засяроджаная праца разам з выкладчыкам. Аляксандр Сяргеевіч адразу скіраваў пытанне да студэнтаў: «як думаеце, якія галоўныя спецыфічныя рысы ўстава – старажытнага тыпу кірылічнага пісьма?». З аўдыторыі пасыпаліся трапныя версіі: «адсутнасць прабелаў між словамі», «строгая геаметрычнасць літар». Без удалых жартаў і запамінальных асацыяцый на пары таксама не абышлося. Напрыклад, старажытную скорапісь Аляксандр Сяргеевіч з усмешкай параўнаў з почыркам свайго тэрапеўта, а тых, хто здольны яе бясхібна прачытаць, назваў «сапраўднымі героямі».

Акрамя таго, выкладчык прадэманстраваў, як у старадаўніх рукапісах выглядалі цітлы – надрадковыя знакі для скарачэння слоў, і патлумачыў, што функцыю сучаснага прабелу паміж словамі часта выконваў сімвал «еръ».
Аднак веданне мінулага неабходнае не толькі будучым гісторыкам і археолагам, якім наканавана адшукваць артэфакты продкаў і перадаваць гэты вопыт нашчадкам. Разумець вытокі станаўлення ўласнай краіны варта кожнаму. Менавіта таму мы разам з Аляксандрам Сяргеевічам накіроўваемся ў корпус на Захарава, 32, дзе яго чакае патокавая лекцыя па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».
Па дарозе выкладчык заўважае, што падрыхтоўка да заняткаў вельмі адрозніваецца ў залежнасці ад аўдыторыі:

– Студэнтам не профільных спецыяльнасцей важна падаваць матэрыял лёгка і даступна, без залішняга нагрувашчвання тэрмінамі і навуковымі паняццямі. Трэба памятаць, што гэта непадрыхтаваная аўдыторыя, для якой прадмет уваходзіць у агульны блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. А ўжо для гісторыкаў, відавочна, трэба даваць больш спецыфічны ў навуковым плане матэрыял.
У корпусе №6 нам пашанцавала паслухаць пра часы Усяслава Чарадзея і даведацца, чым тады збіралі падаткі (а ў ход ішло ўсё – ад мёду да футра!).

Пасля пары мы таксама не развітваемся, бо акрамя выкладання значнае месца ў жыцці кожнага выкладчыка займае грамадска-асветніцкая дзейнасць. У яе ўваходзіць арганізацыя і навуковых семінараў, і дыскусійных пляцовак, і тэматычных сустрэч. Так, Аляксандр Сяргеевіч падзяліўся, што ў планах правядзенне круглых сталоў, прымеркаваных да юбілейных дат нашай гісторыі.
Навуковы графік выкладчыка распісаны літаральна па днях. Праз некалькі дзён мы зноў сустрэліся з Аляксандрам Сяргеевічам, калі ён вярнуўся з Брэста пасля ўдзелу ў Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, прысвечанай гісторыі Заходняй Беларусі:
– Распавядаў пра механізмы далучэння актывістаў да беларускага нацыянальнага руху ва ўмовах міжваеннай Польшчы. Для мяне 17 верасня заўсёды быў і ёсць днём памяці вялікай колькасці людзей, беларускіх патрыётаў, якія ў цяжкіх умовах захоўвалі агеньчык роднай культуры.

Сёння мы ў чарговы раз пераканаліся, наколькі насычаныя і дынамічныя будні ў нашых выкладчыкаў. І гэта толькі бачная частка! Колькі працы застаецца па-за межамі ўніверсітэцкіх аўдыторый: скласці план заняткаў, праверыць хатнія заданні, аформіць дакументацыю… А перад абаронай курсавых і дыпломных прац на кожным перапынку выкладчыкаў чакае чарга студэнтаў з просьбай параіць новае даследаванне ці вычытаць чарговы раздзел.
Аднак, нягледзячы на ўсю гэтую каласальную нагрузку, нашы выкладчыкі штодня ўваходзяць у аўдыторыю з усмешкай і шчырым жаданнем падзяліцца новымі ведамі. На такі прафесійны подзвіг можа натхніць толькі бязмежная адданасць сваёй справе і любоў да студэнтаў. У раскладзе могуць мяняцца прадметы, аўдыторыі і курсы, але гэтая матывацыя застаецца нязменнай. Дзякуй вам за гэтую нястомную працу! Працягвайце і надалей запальваць ліхтарык навукі ў нашых сэрцах, дарагія выкладчыкі!
Аляксандр Горны пра якасці ідэальнага студэнта:
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота Анастасіі МАШАЧКА



