Пад светлым іменем Купалы

Ужо стала добрай традыцыяй на пачатку жніўня сустракаць у Купалаўскім універсітэце замежных грамадзян – удзельнікаў Летняй школы беларускай мовы і культуры “Пад светлым іменем Купалы”, якая сёлета прайшла чацвёрты раз.

Летняя школа беларускай мовы і культуры – адукацыйна-асветніцкі праект навуковай бібліятэкі для тых, хто цікавіцца мовай, літаратурай, культурай, гісторыяй, традыцыямі Беларусі. Штогод удзельнікам акрамя заняткаў па беларускай мове, літаратуры, фальклоры, культуры, гісторыі прапануюцца цікавыя і змястоўныя экскурсіі па Гродна і вобласці, разнастайныя майстаркласы, квэсты, інтэрактыўныя гульні і іншае.

Сёлета Летняя школа сабрала звыш 15 удзельнікаў з Расіі, Польшчы, Казахстана. Традыцыйна ўдзел прынялі студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, пераможцы конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”, які штогод праводзіць навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта ў межах дзейнасці Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры, што працуе на базе філалагічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава.

У бягучым годзе сярод удзельнікаў былі і тыя, хто наведаў Летнюю школу не першы раз. Напрыклад, Аляксандра Шырокава, супрацоўнік кафедры славянскай філалогіі МДУ імя М.В. Ламаносава, якая ўпершыню прыняла ўдзел у Летняй школе ў 2019 годзе як пераможца конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”. Дар’я Гальцова, выкладчык кафедры славянскай філалогіі, і Марыя Прышэльцава, магістрантка Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, студэнты Маскоўскага ўніверсітэта Валерыя Караваева, Антон Зубялевіч і Пётр Фядосаў прыехалі ў Гродна другі раз.

Падчас заняткаў па беларускай мове слухачы мелі магчымасць дакрануцца да таямніц беларускага слова, спасцігнуць адметнасць прыказкавага складу, пазнаёміцца з асноўнымі правіламі правапісу, раскрыць “кош загадак з беларускіх градак”, адчуць водар беларускіх кветак ды ягад, разгледзець асаблівасці ўжывання лічэбніка і многае іншае.

На лекцыях для замежных грамадзян асвятляліся гісторыя беларускага жывапісу і дойлідства, класічная літаратура, багаты беларускі фальклор.

За два тыдні працы Летняй школы ўдзельнікі мелі магчымасць наведаць мноства цікавых мясцін: завіталі ў музей гісторыі рэлігіі, дзе была праведзена тэатралізаваная экскурсія; пазнаёміліся з гісторыяй Старога замка і Каложскай царквы; ажыццявілі экскурсію па горадзе. Акрамя таго, у межах праграмы экскурсійных дзён наведалі Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, пакланіліся іконе Жыровіцкай Божай Маці, адчулі веліч царквы абарончага тыпу ў Сынкавічах.

З вялікім запалам слухачы Летняй школы прымалі ўдзел у стварэнні дыванкоў, вырабе масла традыцыйным спосабам, прыгатаванні народных беларускіх страў, цікава правялі час у межах квэста “Князі ВКЛ” і батла “Караоке па-беларуску”. Надзвычай узнёсла прайшла сустрэча з маладой гарадзенскай паэткай, выпускніцай Купалаўскага ўніверсітэта Вікторыяй Смолкай, а таксама паэтычная гасціная “Прыгажосць паэтычнага радка”, дзе слухачы дэманстравалі тонкі паэтычны густ, чыталі класічную і сучасную беларускую літаратуру.

Кожны з удзельнікаў павёз на радзіму не толькі веды і разнастайныя сувеніры, але і часцінку беларускай дабрыні, спагады і гасціннасці.

Мікалай ГРЫНЬКО.

Фота Дзіаны СЦЯПАНАВАЙ і з асабістага архіва герояў

Ганна Чарнова (Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт):

– Беларусь пакiнула шмат уражанняў у маiм сэрцы. Перш за ўсё захапіла сваёй шчырасцю, гасцiннасцю, прыгажосцю, напеўнасцю. Тут мне пашанцавала сустрэць тых, хто ўлюбёны ў культуру, традыцыi, мову Беларусi, – супрацоўнiкаў навуковай бiблiятэкi. Iх адданасць сваёй Радзiме – шчырая i добрая – перадалася мне таксама.

 Жанна Даньшына (Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт):

– Гэтыя два тыдні былі вельмі насычанымі! Мы паслухалі лекцыі, наведалі розныя цікавыя мясціны і музеі, сплялі пано з саломы, паелі смачных бліноў з толькі што збітым маслам, схадзілі на пікнік і зʼелі трынаццацікілаграмовы кавун! А яшчэ ўпэўніліся ў тым, што гасціннасць беларусаў – гэта зусім не стэрэатып, а рэальнасць. Вялікі дзякуй за падораныя нам веды і эмоцыі!

Марыя Прышэльцава (Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт):

– Мінулым жніўнем я пакiдала Гродна з надзеяй прыехаць зноў. Перажываць расставанне мне дапамагалі творы Купалы і Коласа, беларускія песні і вершы, старонкі ў сацсетках, прысвечаныя вывучэнню мовы. Я вярнулася і нарэшце пачала крыху размаўляць па-беларуску – з выкладчыкамі, аднадумцамі з Масквы, прадаўцамі ў сувенірных крамах. Я прыехала, таму што ведала: гэта будуць цудоўныя два тыдні са спагадлівымі, таленавітымі людзьмі, якія прыгатавалі для нас займальныя заняткі, цікавыя экскурсіі, незвычайныя падарункі. Зноў жнiвень, і я зноў пакідаю Беларусь – на гэты раз са мной у Расію едуць беларускія казкі і творы Івана Мележа. А я зноў спадзяюся вярнуцца.

Вiкторыя Асадулiна (Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт):

– Больш за ўсё мне запомніліся паездкі ў Гудзевічы, Жыровічы, Сынкавічы, Альхова. Яны прынеслі мноства эмоцый. Кожны дзень мы стараліся не толькі размаўляць па-беларуску, але і спяваць, чытаць вершы і ставіць казкі. У нядзелю быў цудоўны пікнік. Кожны дзень быў праведзены з карысцю.

Яраслаў Рошчупкiн (Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт):

– Хачу сказаць вялікі дзякуй арганізатарам Летняй школы беларускай мовы і культуры за магчымасць пачуць сапраўдную беларускую мову, паразмаўляць па-беларуску, за цікавыя экскурсіі і за цёплую атмасферу! Больш за ўсё мне спадабаліся заняткі па лінгвістычнай тэрміналогіі, архітэктуры, а таксама паездка ў Альхова. Ужо сумую і спадзяюся сустрэцца з вамі зноў у наступным годзе!

Яўгенiя Елiзарава (Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт):

– Я цудоўна правяла два тыдні ў Летняй школе беларускай мовы. Было цікава вывучаць не толькі мову, але і культуру. Гэта ўнікальны вопыт, які вельмі хацелася б паўтарыць. Асабліва спадабалася рабіць фотаздымкі з Вольгай Вайцехаўнай!

Данііл Рудзянок (Вышэйшая школа эканомікі, Масква):

– Я ўпершыню ў Гродне на Летняй школе беларускай мовы і культуры. Гэта насамрэч найяскравейшая падзея майго лета. Цікавыя заняткі, захапляючыя пазаўрочныя мерапрыемствы з вандроўкамі па Гродзеншчыне ды наведванні гарадскіх музеяў, але ж галоўнае – адданасць супрацоўнікаў Навуковай бібліятэкі і ГрДУ імя Янкі Купалы, якія штодзённа ладзілі нам утульную атмасферу, каб мы маглі знаёміцца з моваю і культураю Беларусі і адчуваць сябе яе часткаю прынамсі два тыдні. Дзякуй!

Поделиться

Вам может также понравиться...