«Музыка стагоддзяў»: студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы прапануюць пачуць сапраўды асаблівую музыку гісторыі і дакрануцца да таямніц гродзенскага краю
Ці хацелі б вы пачуць музыку мужнасці, музыку пазнання ці музыку творчасці? Скажаце, што ўсё гэта са сферы фантастыкі? Зусім не. Пачуць сапраўды асаблівую музыку гісторыі і дакрануцца да таямніц гродзенскага краю прапануюць студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Пад кіраўніцтвам прафесара кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Святланы Марозавай і дацэнта кафедры журналістыкі, намесніка дэкана факультэта па навуковай працы Ірыны Герасімчык купалаўцы распрацавалі першы ў alma mater комплексны дыпломны праект «Музыка стагоддзяў».
Падарожжа праз стагоддзі
Сутнасць ідэі купалаўцаў – арганізаваць турыстычнае падарожжа па Беларусі ў абноўленым, цікавым, прывабным для моладзі фармаце 2.0. Аўтары праекта зацікаўлены ў развіцці нацыянальнага турызму, хочуць садзейнічаць павелічэнню цікавасці моладзевай аўдыторыі да беларускай гісторыі і культуры. Таму азнаямленне са знакавымі аб’ектамі культурна-гістарычнай спадчыны рэгіёнаў Беларусі прапануюць праз спалучэнне культурна-пазнавальнага і інтэрактыўнага складнікаў, выкарыстанне падчас паездкі цікавых формаў узаемадзеяння з аўдыторыяй – квэстаў, гульнёвых абрадаў, камандных гульняў, імправізацый.
Для займальнага падарожжа па знакавых мясцінах і гістарычных эпохах быў абраны Смаргонскі раён. І не выпадкова. Па-першае, менавіта ў гэтым раёне сканцэнтраваны аб’екты-помнікі агульнаеўрапейскага значэння. Гэта Крэўскі замак – помнік гісторыі і архітэктуры XIV ст., які быў сведкам многіх гістарычных падзей, стаў сімвалам магутнасці, дзяржаўнай моцы велікакняжацкіх уладароў. Касцёл Святога Архангела Міхаіла ў Смаргоні – архітэктурная славутасць XVI ст. – звязаны з гісторыяй эпохі Адраджэння, пашырэннем пратэстанцкай традыцыі, развіццём мецэнацтва на Беларусі. У Залессі знаходзіцца музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, якая прадстаўляе гісторыю канца XVIII – пачатку XIX ст. і знаёміць з дасягненнямі эпохі Асветніцтва. Гэтае месца па сваёй прыгажосці і значнасці ў культурным жыцці беларускіх земляў параўноўвалася з антычнай сталіцай, таму атрымала назву «Паўночныя Афіны». Сярод знакавых помнікаў усходнееўрапейскага значэння – музейсядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Гэты аб’ект культурнай спадчыны Беларусі знаёміць з эпохай станаўлення беларускай нацыянальнай ідэі, спрыяе асэнсаванню складанасці і велічнасці беларускага шляху.
Па-другое, усе гэтыя помнікі належаць, як ужо адзначана, да розных гістарычных эпох, але звязаны ў маршруце ідэяй адлюстравання пераемнасці ў гісторыі, паслядоўнасці развіцця інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу нашых продкаў, што дазваляе ажыццявіць цікавую экскурсію па Беларусі ў часе і прасторы.
Пазнаць гісторыю з новага боку
Аўтарамі і стваральнікамі праекта сталі студэнты спецыяльнасці «Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)» Дзмітрый Станкевіч, Мікіта Каранкевіч, Ганна Шульская і студэнтка спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Дар’я Гаўрыльчук. Перад дэталёвай распрацоўкай праекта каманда аўтараў з экспедыцыяй наведала ўсе прадстаўленыя ў маршруце мясціны. Там студэнты і выкладчыкі прааналізавалі сітуацыю з пункту гледжання развіцця нацыянальнага турызму, пазнаёміліся з тымі напрацоўкамі, што прапануюць мясцовыя гіды, зрабілі высновы, як яны самі могуць паспрыяць павышэнню турыстычнай прывабнасці Смаргоншчыны.
– Мы хацелі б зрабіць гісторыю цікавай, распавесці пра гістарычныя факты і падзеі, прадстаўленыя ў падручніках, у новай форме, паглядзець на звыклае па-новаму, – кажуць студэнты і выкладчыкі. – Напрыклад, Міхала Клеафаса Агінскага ўсе ведаюць як культурнага дзеяча, аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай», але ж на самой справе ён быў і эканамістам, і дыпламатам, і палітыкам, і палітэмігрантам, і ўдзельнікам паўстання, а таксама сем’янінам, бацькам, а спачатку – вучнем. Мы спрабуем прэзентаваць гістарычную асобу ў кантэксце гісторыі паўсядзённасці, паказаць асабістыя якасці, стыль мыслення, сферу камунікацый выбітнага дзеяча, паказаць, як ён дзейнічаў у розных жыццёвых абставінах.
Распрацаваны праект разлічаны на актыўных, зацікаўленых у пазнанні нязведанага школьнікаў старэйшых класаў і студэнтаў, якім прапануецца магчымасць сістэматызаваць гістарычныя веды, атрымаць максімум карыснай інфармацыі і незабыўныя ўражанні.
А вось чаму праект называецца «Музыка стагоддзяў», распавёў студэнт-гісторык Дзмітрый Станкевіч.
– Кожная гістарычная эпоха мае сваё гучанне, якое мы хацелі б, каб адчулі, зразумелі і нашы экскурсанты. Сярэднявечча з яго лязгам мячоў напоўнена музыкай мужнасці, трываласці, адвагі. У часы Адраджэння дамінуе мелодыя пазнання, адкрыццяў, узвелічэння вартасці чалавечага розуму. Унікальнасць эпохі Асветніцтва ўвасобілася ў музыцы творчасці. Станаўленне нацыянальнай ідэі гучыць як музыка годнасці і гонару. Непаўторная атмасфера кожнай з гэтых эпох увасабляецца ў адметную мелодыю, – кажа студэнт. – Так што, музыка стагоддзяў – гэта музыка часу, самой гісторыі. Яна захавалася ў помніках архітэктуры, у памяці пра знакавыя падзеі і веліч таленту гістарычных постацяў. І гучыць яна ў нашых душах, у нашай абуджанай гістарычнай памяці нотамі горычы паражэнняў і смутку страт, маршамі перамог і славы, акордамі гонару за сваю гісторыю, урэшце, велічнымі гукамі народжанага ў Залессі сусветна вядомага «Паланэза». Да таго ж у час нашага падарожжа будзе гучаць шмат музыкі.
Міждысцыплінарны праект аб’ядноўвае
Як падкрэсліла кіраўнік супольнага праекта Ірына Герасімчык, «Музыка стагоддзяў» – гэта першая спроба аб’яднаць сілы студэнтаў розных спецыяльнасцей у межах аднаго факультэта дзеля стварэння новага, якаснага, прафесійнага інтэлектуальнага прадукту.
Распрацоўкай канцэпцыі і стварэннем рэкламна-інфармацыйных матэрыялаў займаліся будучыя спецыялісты па сувязях з грамадскасцю і журналісты. За зместавы складнік адказвалі студэнты-гісторыкі.
– Іх справай быў аналіз навуковых даследванняў, адшукванне цікавай і, што самае значнае, – новай інфармацыі ў розных крыніцах, сярод якіх былі і архівы, – распавяла прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Святлана Марозава.
Студэнтка спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Дар’я Гаўрыльчук распрацавала крэатыўную частку праекта – розныя «фішкі», якія зробяць падарожжа неверагодна займальным. Экскурсанты стануць удзельнікамі квэсту і акцёрамі экшн-відэа, будуць расшыфроўваць знакі на гістарычнай мапе горада і раскрываць таямніцы следства. Сярод цікавостак – рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы, напрыклад, у форме рэзюмэ ці ў стылі сацыяльнай сеткі Instagram.
– Спадзяемся, што школьнікам і студэнтам спадабаецца і распрацаваная намі сувенірная прадукцыя – каляндар з актуальнымі на ўсе часы парадамі бацькі свайму сыну, – адзначылі купалаўцы.
Зараз студэнты працуюць над падрыхтоўкай арыгінальных і насычаных інфармацыяй відэапрэзентацый, якія будуць распавядаць удзельнікам экскурсійных паездак пра асаблівасці пэўнай гістарычнай эпохі. Яшчэ адна перспектыўная мэта – правядзенне якаснай рэкламнай кампаніі, матэрыялы для якой ужо створаны. Заслугоўвае ўвагі і тое, што ажыццяўленню ідэі праз падрыхтоўку відэа- і друкаванай ілюстрацыйнай прадукцыі паспрыялі і іншыя студэнты факультэта: Уладзімір Гангала, Аляксандр Перагудаў, Кацярына Ржавуцкая, Аляксей Сакута, Яўген Сідар.
Варта аздначыць, што канцэпцыю праекта, а таксама яго найбольш цікавыя матэрыялы студэнты прадставілі на агульнаўніверсітэцкім конкурсе моладзевых ідэй і атрымалі ганаровае першае месца. Распрацоўка ўразіла журы сваёй навізной, цікавымі рашэннямі і нестандартным падыходам да прэзентацыі гісторыі. Добрыя адзнакі за сваю працу купалаўцы атрымалі і на навукова-практычных канферэнцыях «Сацыялагічныя чытанні – 2017» і «Навука – 2017», якія адбыліся на факультэце.
Справа павінна жыць
У планах купалаўцаў – рэалізаваць праект, праводзіць экскурсіі па Смаргоншчыне. У гэтым, як мяркуюць аўтары, ім можа дапамагчы Рэгіянальны цэнтр турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, праз які і плануецца ажыццяўляць туры аднаго дня. Экскурсаводамі могуць выступіць студэнты, магістранты і выкладчыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Яшчэ адна перспектыва – апублікаваць вынікі праектнай і навукова-даследчай працы, расказаць больш шырокай аўдыторыі пра вопыт такой значнай і плённай супольнай дзейнасці.
– Гэта новы падыход да арганізацыі турыстычнай паездкі, – мяркуюць студэнты. – Гэта спроба паказаць, што Беларусь – турыстычна прывабная, цікавая краіна, якая захоўвае памяць пра мноства падзей, якія мелі і маюць вялікае значэнне для ўсёй Еўропы, гэта спроба вярнуць страчаную спадчыну.
Ганна КУЛЬБА