У ГрДУ імя Янкі Купалы сярод васьмі таленавітых і паспяховых купалаўцаў выбралі «Студэнта года – 2017»

Студэнцкая інтрыга года вырашылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы: сярод васьмі таленавітых і паспяховых купалаўцаў выбралі «Студэнта года – 2017». Запаветны тытул атрымала студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Юлія Бекіш.

Па традыцыі конкурс праходзіў у два этапы. У завочным туры ўдзельнікі прадставілі партфоліа «Мой свет», стварылі відэаролік «Я – студэнт!» і прэзентавалі ўласную моладзевую ініцыятыву – сацыяльны праект, скіраваны на развіццё творчага, навуковага, прафесійнага патэнцыялу ўніверсітэцкай моладзі.

У фінале купалаўцы спаборнічалі ў трох конкурсах. Падчас першага ўдзельнікі імкнуліся нестандартна, у арыгінальнай форме расказаць пра сябе, свае поспехі і імкненні. У конкурсе прамоўніцкага майстэрства купалаўцы дэманстравалі сваё красамоўства, разважалі на тэму «Навука – вялікае ўпрыгожванне і вельмі карысная прылада…». Творчы конкурс «Беларусь – наш агульны дом» напоўніў залу гукамі музыкі, песнямі, прысвечанымі Радзіме, цікавымі танцавальнымі нумарамі і чуллівымі вершамі.

Першы прарэктар універсітэта Ірына Кітурка падзякавала канкурсантам і групам падтрымкі за свята, якое зладзілі ўдзельнікі.

Вы падарылі нам некалькі гадзін свята маладосці, крэатыву. Вельмі прыемна, што ўдзельнікі пераадолелі ўсе страхі і паспяхова выступілі ў конкурсе, – адзначыла Ірына Фёдараўна. – Дзякуй усім студэнтам за гэты вечар! І хачу сказаць, што на галоўнай сцэне ўніверсітэта можа апынуцца кожны, для гэтага трэба толькі пераадолець сябе і падаць заяву на ўдзел у конкурсе «Студэнт года».

Ірына Кітурка назвала пераможцу конкурса «Студэнт года – 2017». Ёй стала Юлія Бекіш. Акрамя таго, дзяўчына перамагла яшчэ ў дзвюх намінацыях: Юля прадставіла на конкурс лепшае партфоліа і найбольш перспектыўны моладзевы праект.

Дыплом II ступені атрымаў студэнт філалагічнага факультэта Фархад Шэраліеў. Дарэчы, старанні хлопца журы высока ацаніла і прысудзіла яму перамогу ў намінацыі «Арыгінальнасць і творчы падыход».

Дыпломам III ступені ўзнагароджана студэнтка філалагічнага факультэта Аляксандра Радковіч, усе выступы якой былі выключна на роднай беларускай мове. Дзяўчына спадабалася аўдыторыі сваёй душэўнасцю і атрымала перамогу ў намінацыі «Чароўнасць і артыстычнасць».

Лепшую самапрэзентацыю зрабіла студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Анастасія Болбат. За арыгінальны выступ падчас конкурсу «Візітная картка» дзяўчына атрымала спецыяльны прыз Каардынацыйнай студэнцкай рады.

Самы вясёлы відэаролік пра сябе зняў студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Шчарбовіч, майстрам прамоўніцкага мастацтва прызнана студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар’я Глінская, якая ў другі раз брала ўдзел у конкурсе «Студэнт года».

У намінацыі «Студэнт – лідар года» перамогу прысудзілі студэнтцы факультэта псіхалогіі Лізавеце Рычко, а ў намінацыі «Творчасць» – студэнтцы факультэта эканомікі і кіравання Алёне Енка.

На працягу ўсіх конкурсаў факультэцкія групы актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў: скандавалі крычалкі, чыталі вершы і выконвалі песні ў гонар канкурсантаў. Старанні заўзятароў былі ўзнагароджаны: лепшымі групамі падтрымкі, на думку журы, прызнаны каманды філалагічнага факультэта і факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.

Ганна КУЛЬБА

Поделиться

Вам может также понравиться...