Традыцыі святкавання Новага года

Новы год сёння – сямейнае і дзяржаўнае свята, якое адзначаецца з вечара 31 снежня і па 1 студзеня. Але ў старажытныя часы было інакш: Новы год беларусы сустракалі з 1 сакавіка паводле летазлічэння ад канца свету.

Новае кола жыцця для даўняга жыхара Беларусі пачыналася з вясны. Важным элементам было гуканне вясны, таму навагоднія рытуалы працягваліся амаль месяц. Вядома, што на тэрыторыі Беларусі з канца ХVІ стагоддзя Новы год адзначаўся зімою – на 1 студзеня, што было звязана з увядзеннем грыгарыянскага календара ў 1584 годзе. У Маскоўскай Русі да 1700 года навагоднім святам было 1 верасня паводле візантыйскай традыцыі, уведзенае ўказам цара Івана ІІІ яшчэ ў 1492 годзе.

Святкаванне Новага года на 1 студзеня ўдала прыпала на перыяд калядак. У песні калядоўшчыкаў патрапілі матывы навагодняга свята, пажадання ў новым каляндарным годзе гаспадарам багацця, здароўя, асабістага шчасця, вялікага ўраджаю і прыплоду жывёлы, новых вяселляў («сынкоў жаніці, пасаг збіраці, дачок выдаваці…»). З зімовым Новым годам супала другая калядная куцця (багатая), калі на стол дазвалялася ставіць тлустую ежу і ўжываць усялякія прысмакі. Багаты стол быў звязаны са старажытнымі прымхамі і забабонамі: у народзе меркавалі, «як сустрэнеш Новы год, так і будзеш жыць», значыць і на стале ўсяго павінна быць досыць. І сёння трэба аддаць усе пазыкі ў старым годзе, дараваць старыя крыўды, а на стол паставіць усё самае лепшае і смачнае, сабраць сваякоў і сяброў, каб увесь наступны год быць разам з добрымі людзьмі. Нельга таксама ў навагодні вечар спаць – будзеш увесь год хадзіць сонны. Абавязкова з усімі трэба памірыцца і самому на нікога не трымаць крыўды, тады ў новым годзе не адвернуцца блізкія, калегі і знаёмыя. Днём 1 студзеня прынята хадзіць у госці да сваякоў, сяброў, віншаваць, дарыць падарункі.

У часы знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай Імперыі просты вясковы люд навагоднія святы сумяшчаў з каляднымі, а ў гарадах, асабліва ў багатых дамах, ладзілі вясёлыя карнавалы і балімаскарады, ставілі елкі, усяляк упрыгожвалі жытло. І сёння ёсць старадаўні звычай ставіць елку. Паводле старажытных паганскіх уяўленняў, у густых галінках жылі духі, якіх трэба было задобрыць для атрымання дапамогі ў будучыні, а для гэтага на елку вешалі разнастайныя цацкі, цукеркі і іншыя ўпрыгожанні. Вечназялёнае дрэва сімвалізавала неўміручасць і бясконцасць жыцця.

На працягу апошніх больш за сотню гадоў 31 снежня агульна прынята збірацца ўсім членам сям’і, каб, паводле павер’яў, увесь год быць разам. Спачатку праводзіцца стары год, жадаецца ўсё кепскае пакінуць у ім, а добрае забраць у наступны год. Прамаўленне пажаданняў мае сакральны змест як элемент старажытных магічных уяўленняў пра замаўленне вады і іншых вадкасцей на дабро ці зло: скажаш на віно добрыя словы, зычэнні – так і збудзецца пасля ўжывання напою. Таму дванаццаць гадзін навагодняй ночы традыцыйна сустракаюцца пажаданнямі шчасця, кахання, здароўя, дабрабыту. Існуе звычай абменьвацца невялікімі сімвалічнымі падарункамі. Дзецям ноччу пад елку кладуць доўгачаканыя прэзенты «ад Дзеда Мароза». Бацькі імкнуцца задаволіць мары малечы і ўгадаць таемныя жаданні. Дзеці стараюцца слухацца і добра сябе паводзіць, каб на раніцу атрымаць жадаемае. У старыя часы ў некаторых рэгіёнах Беларусі падарункі раздаваў святы Васіль (не Мікалай!). Праваслаўнае свята Васілле прыпадала на 1 студзеня па старым стылі і было прысвечана памяці святога Васіля Вялікага, архіепіскапа Кесарыі Кападакійскай. І сёння ў беларускай вуснай народнай творчасці Васілле звязваецца з навагоднімі святамі.

Новы год – містычная часавая мяжа, якую пераходзіць чалавек, таму ў навагодні вечар жанчыны і дзяўчаты варажылі на свой будучы лёс. Галоўнае пытанне рытуальных дзеянняў было прысвечана тэме будучага замужжа. Варажба была падобная да каляднай. Кідалі чаравік праз страху хаты: куды пакажа наском – з той стараны прыйдзе жаніх. Абдымалі плот: калі абнялі цотную колькасць штыкецін (да пары), то дзяўчына выйдзе замуж у новым годзе. Таксама бралі дровы ў суседа. Калі ў ахапцы цотная колькасць, то будзе вяселле ў наступным годзе, а калі няцотная, то не. Спосабаў варажбы было вельмі шмат, і людзі вельмі верылі ў прадказанні.

На Новы год існавала шмат народных прыкмет: туманы на Васіля – будзе ўраджаю ўдвая; іней на Васіля – будзе саломы больш, чым зерня; на Новы год ясна – будзе ў гумне цясна і іншыя.

Кожны год прыносіць у жыццё чалавека нешта новае, незвычайнае, і місія любога з нас з удзячнасцю ўспрымаць кожнае імгненне зямнога шляху, радавацца кожнай пражытай хвіліне і з натхненнем пераходзіць кожны раз на 1 студзеня часавую мяжу, якая вядзе нас у бясконцую вечнасць.

Руслан КАЗЛОЎСКІ, дацэнт кафедры беларускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт 

Поделиться

Читайте также: