У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла акцыя «Чытаем Купалу разам»

7 ЛІПЕНЯ – СПОЎНІЛАСЯ 136 ГОД СА ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

Акцыю «Чытаем Купалу разам» правялі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Мерапрыемства прымеркавалі да 136-годдзя з дня нараджэння славутага класіка.

Акцыю распачала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якая падкрэсліла знакавасць гэтай падзеі для ўніверсітэта.

Шмат цудоўных твораў ёсць у Янкі Купалы, але з улікам таго, што гэты год – Год малой радзімы, хачу прачытаць твор, у які, напэўна, паэт уклаў усю сваю душу і сэрца, – зазначыла Ірына Кітурка і прачытала верш Янкі Купалы «Мая малітва».

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі першы прарэктар Алег Раманаў і прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко, а таксама супрацоўнікі ўніверсітэта. Кожны з іх прачытаў любімы твор славутага класіка.

Гродзенцы, што далучыліся да акцыі і прачыталі твор Янкі Купалы, атрымалі ў падарунак памятныя сувеніры ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

7 ліпеня – 136 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, імя якога з 1957 года носіць наш універсітэт.

Імя вядомага беларускага паэта было прысвоена Гродзенскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту 18 ліпеня 1957 года загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Нагодай для гэтага стала 75 гадавіна з дня нараджэння Янкі Купалы. Акрамя таго, гэта было сімвалам прызнання ўнёску інстытута ў развіццё вышэйшай адукацыі, дасягненняў шматлікіх кафедр інстытута ў галіне навуковага беларусазнаўства, папулярызацыі айчыннай культуры, высокай ацэнкі ўзроўню яго педагагічнага калектыву. На вечарыне, прысвечанай гэтай падзеі, прысутнічала жонка паэта – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Падчас вечарыны драматычны гурток інстытута паказаў спектакль паводле п’есы Янкі Купалы «Паўлінка». Праз восем год перад будынкам галоўнага корпуса быў усталяваны помнік беларускаму песняру, аўтарам якога з’яўляецца гродзенскі скульптар В. Даненкоў.

Пасля стварэння ў 1978 годзе на базе Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта завяршылася 34-гадовая гісторыя педагагічнага інтытута імя Янкі Купалы. Праз дзесяць год, у 1988 годзе, Савет Міністраў Беларускай ССР пастанавіў прысвоіць імя Янкі Купалы Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

У Гродзенскім дзяржаўным унівесітэце імя Янкі Купалы традыцыйна праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя беларускаму класіку: вечарыны, канферэнцыі, а таксама акцыі «Чытаем Купалу разам».

Таццяна СУШКО

Поделиться

Вам может также понравиться...