У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла першая «Купалаўская дыктоўка»

Першая «Купалаўская дыктоўка» прайшла ў межах Тыдня роднай мовы.

На працягу некалькіх дзён у купалаўскім універсітэце адбываліся святочныя імпрэзы, прысвечаныя Міжнароднаму Дню роднай мовы, які адзначаецца па ўсім свеце 21 лютага.

У гэты дзень ўсіх студэнтаў універсітэта ўпершыню аб’яднала агульнаўніверсітэцкая «Купалаўская дыктоўка», якая прайшла ва ўсіх карпусах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Каля тысячы студэнтаў і выкладчыкаў усіх факультэтаў адначасова напісалі «Купалаўскую дыктоўку». Яе змест неразрыўна звязаны з асобай Янкі Купалы, імем якога названы ўніверсітэт. Тэкст дыктоўкі чыталі выкладчыкі філалагічнага факультэта. Адразу пасля напісання ўдзельнікі мелі магчымасць праверыць сябе.

Таксама была арганізавана акцыя “Роднае слова з вуснаў ліецца” з удзелам студэнтаў-замежнікаў, майстар-клас па вывучэнні туркменскай мовы і майстар-клас па вывучэнні беларускай мовы для замежных студэнтаў.

Святочныя імпрэзы пройшлі і на філалагічным факультэце. Сярод іх – мерапрыемства “Магутнае слова, ты, роднае слова!”, імпрэза “Сёння ў нашай хаце свята…”, у праграме якой выступленне вучняў СШ № 32 г. Гродна “У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы: «Калі ласка!..»”. Удзельнікі мерапрыемства пачулі духоўныя песні ў выкананні студэнтаў і выпускнікоў філалагічнага факультэта. Свае таленты прадэманстравалі і студэнты-замежнікі. Маладыя творцы і майстры паэтычнага слова выступілі падчас мерапрыемства “З паклонам да роднага слова…”.

Пачаўся святочны марафон 18 лютага з адкрыцця выставы Народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стэльмашонка “Жанчыны ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча”.

Выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта наведалі шэраг тэматычных выстаў на розных факультэтах, які, дарэчы, будуць працаваць да 28 лютага. Сярод экспазіцый – “З любоўю да роднага слова”, “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”, “Роднай мовы пералівы”, “Родная крыніца”, “Пусть родная речь будет простой…”. На выставе “Смак беларускага слова” прадстаўлены творы замежных пісьменнікаў на беларускай мове, а з творамі беларускіх аўтараў на мовах свету можна пазнаёміцца на выставе “Мова – люстэрка нацыі”.

19 лютага ўсе жадаючыя атрымалі магчымасць прыняць удзел у творчай сустрэчы з лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, культурным аглядальнікам выдавецкага дома “СБ. Беларусь сегодня” Людмілай Рублеўскай. Імпрэза адбылася ў межах супрацоўніцтва з Гродзенскай епархіяй.

Сярод мерапрыемстваў тыдня – прэзентацыі факсімільнага выдання кніг Бібліі, выдадзеных Францыскам Скарынам, і першага “Буквара”, якія прайшлі 20 лютага.

Марыя ПАНІЧАВА

Поделиться

Вам может также понравиться...