Іван Улановіч: «Гродзенскі дзяржаўны педінстытут – гэта мая гісторыя, шчаслівая гісторыя майго жыцця»
Напэўна, кожны з нас успамінае гады свайго студэнцтва з асаблівым хваляваннем. Той цудоўны час, які назаўсёды застаецца з намі. Ажыццяўляючы невялікі экскурс у гісторыю Купалаўскага ўніверсітэта, нам пашчасціла даведацца, якім было студэнцтва паўстагоддзя таму. 73-гадовы Іван Улановіч, студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута з 1965-га па 1969-ы год, падзяліўся з намі сваімі незабыўнымі ўражаннямі ад савецкага студэнцкага жыцця і распавёў пра вучобу, працу і каханне.
ДЗІЦЯ ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ
Іван Серафімавіч, шчодра сыплючы жартамі і смешнымі гісторыямі, называе сябе “дзіцём радасці”, бо з’явіўся на свет адразу пасля Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – у 1946 годзе. Нарадзіўся ў вёсцы Кулёўшчына Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
– Мы, хто нарадзіўся ў першыя пасляваенныя гады, – дзеці Вялікай Перамогі, дзеці радасці, пранеслі гэтае пачуццё праз усё жыццё. Нашаму пакаленню ўласціва нястомная прага да ведаў, адсутнасць страху перад цяжкасцямі і ўпэўненасць у светлай будучыні, – адзначыў суразмоўца.
Падчас вучобы ў школе яму вельмі падабаўся настаўнік фізікі, а таму, скончыўшы Гудзевіцкую васьмігодку, Іван прыняў адназначнае рашэнне – звязаць сваё жыццё з фізічнай навукай. Вытрымаўшы конкурс у 2,5 чалавекі на месца, юнак паступіў на аддзяленне “Фізіка” фізіка-матэматычнага факультэта Гродзенскага педінстытута.
КАБ ГЛЫБОКА ПАЗНАЦЬ СУСВЕТ
Студэнцкія гады запомніліся Івану Улановічу як час настойлівага спасціжэння навукі, калі лекцыйны матэрыял вывучаўся калектыўна, а ў чытальні інтэрнату ці бібліятэкі немагчыма было знайсці хаця б адно вольнае месца. Засталіся ў памяці і вечаровыя любаванні зорным небам праз тэлескоп на даху інтэрната – так вывучалі астраномію.
– Хацелася як мага глыбей спасцігнуць невядомы Сусвет, гэта быў час асваення космасу. А электрычнасць – аснова тэхнікі – самы перспектыўны накірунак развіцця грамадства і цывілізацыі, – падкрэсліў колішні студэнт-фізік.
Адным з любімых вучэбных прадметаў Івана Улановіча была ядзерная фізіка. А любімым выкладчыкам – рэктару Д.С. Маркоўскаму, А.М. Хвашчынскаму, Н.Ц. Арловай, Г.А. Марціросаву, К.А. Акімавай, М.А. Мусіенка, Л.В. Самойла, А.М. Каладзінскаму, Т.Э. Моджэр і іншым – удзячны па сённяшні дзень. Яны навучылі сур’ёзна адносіцца да сваёй справы, думаць спачатку пра тое, як прынесці карысць Радзіме, а пасля пра сябе. Здзіўляла строгасць наведвання заняткаў: за адзін пропуск маглі пазбавіць месячнай стыпендыі. А апошняя, дарэчы, была, паводле ўспамінаў суразмоўцы, 28 рублёў. Комплексны абед у сталоўцы тады каштаваў 35 -40 капеек.
Вядома, студэнцтва – гэта не толькі вучоба. Гэта і ўзаемаадносіны, і шматлікія новыя знаёмствы, і сустрэчы, і розныя мерапрымствы.
– Актавая зала інстытута была перапоўнена падчас прагляду кінафільмаў, хакейных спаборніцтваў каманды СССР, гульняў КВЗ, “блакітных аганькоў”, – падзяліўся Іван Серафімавіч.
Паводле яго ўспамінаў, усе студэнты былі размеркаваны па секцыях: спартыўных, творчых. Яны не толькі з поспехам сумяшчалі вучэбную і пазавучэбную дзейнасць, але і займалі прызавыя месцы ў розных спаборніцтвах. Суразмоўца ўспомніў, як аднойчы ў спаборніцтвах паміж факультэтамі па шахматах яму ўдалося абыграць выкладчыка філфака.
Калі цяжка было фінансава, хлопцы ішлі разгружаць вагоны з вуглём, рыбай.
– За ноч можна было запрацаваць месячную стыпендыю, – расказаў Іван Серафімавіч. – Улетку працавалі ў студэнцкіх будатрадах. Прымалі ўдзел у будаўніцтве “Азоту”, гасцініцы “Беларусь”, прадзільна-ніткавага камбінату.
Самыя цікавыя ўспаміны ў Івана Серафімавіча звязаны з працай на цаліне ў Казахстане. Там студэнты будавалі жыллё для казахаў і аўчарні для авец:
– Памятаю, запрасіў нас казах у свой дом. Гэта было незвычайна. Мы сядзелі па-турэцку на падлозе і пілі гарбату. Выпіўшы гарбату, сказалі “рахмет”, што значыць “дзякуй”, і хацелі развітвацца. А гаспадыня ізноў нам налівае чай, і так паўтарылася некалькі разоў. Пакуль нам не патмумачылі, што, згодна з іх традыцыяй, калі мы не пераварочваем кубак уверх дном, значыць мы яшчэ хочам гарбаты.
УСПЫХНУЛА КАХАННЕ
Часта ў інстытуце і інтэрнаце праходзілі студэнцкія тэматычныя вечары, падчас якіх танцавалі, знаёміліся, і ў гэты момант успыхвалі шчырыя пачуцці. Іван Серафімавіч са сваёй будучай жонкай таксама танцаваў. Але першае знаёмства ён не здолее забыць ніколі:
– Аднойчы зайшлі ў госці ў пакой да дзяўчат, а яны як раз фарбуюць пазногці – на танцы збіраюцца. Ну і я кажу, што вельмі прыгожы колер лаку атрымаецца, калі да яго дадаць чарніла. І мая будучая жонка даверыла мне свае пазногці. Я змяшаў лак з чарнілам і пафарбаваў іх. Такім чынам адбылося наша знаёмства, – усміхаючыся патлумачыў Іван Серафімавіч.
Ажаніліся яны на трэцім курсе і два гады жылі ў розных пакоях на розных паверхах: ён на другім, а жонка – на пятым. Нягледзячы на тое праз год у іх нарадзілася дачка. Розныя цяжкасці сустракаліся на шляху, але студэнцкае каханне яны пранеслі праз усё жыццё, выхавалі дзвюх дачок, якім таксама далі вышэйшую адукацыю.
– Гродзенскі дзяржаўны педінстытут – гэта мая гісторыя, шчаслівая гісторыя майго жыцця. Прыязджаю ў Гродна – наведваю ўніверсітэт, любуюся партрэтамі сваіх выкладчыкаў і адчуваю, што я іх не падвёў, – адзначыў выпускнік.
Пасля вучобы ў інстытуце маладога спецыяліста размеркавалі на пасаду дырэктара Баярскай школы. Апошнія 11 год перад пенсіяй ён працаваў на пасадзе начальніка раённага вузла сувязі.
Сёння Іван Улановіч актыўна займаецца пошукам выпускнікоў фізіка-матэматычнага факультэта, якія скончылі інстытут у 1969 годзе, бо сёлета – юбілейны год. Ні многа ні мала, а паўстагоддзя прайшло з той шчаслівай пары. І кожны павінен, на думку Івана Серафімавіча, падзяліцца, як ён здаў экзамен жыцця.
Напрыканцы нашай размовы ён філасофскі адзначыў:
– Каб стаць героем – дастаткова аднаго імгнення, а каб стаць годным чалавекам – бывае і ўсяго жыцця мала. Выпускнікі 1969 года ўсе як адзін сталі людзьмі, якіх паважаюць у грамадстве.
Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Таццяна СУШКО