Развіццё і добраўпарадкаванне горада, фінансаванне моладзевых праектаў, перспектывы развіцця эканомікі ў рэгіёне і стварэнне новых працоўных месцаў – тэмы, якія абмеркавалі студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы з прадстаўнікамі ўлады ў фармаце «адкрытага мікрафона»

На актуальныя пытанні студэнтаў адказалі кіраўнік вобласці Уладзімір Каранік, які наведаў універсітэт 4 сакавіка, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслаў Гой падчас адкрытага дыялогу 18 сакавіка, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як у ходзе візіту ў ГрДУ імя Янкі Купалы 25 сакавіка.

Падчас сустрэч прагучала пытанне аб магчымасцях бюджэтнага і пазабюджэтнага фінансавання моладзевых праектаў. Уладзімір Каранік адказаў, што на дадзеным этапе ў прыярытэце будзе пазабюджэтнае фінансаванне. Ён звярнуў увагу, што добрай пляцоўкай для рэалізацыі моладзевых ініцыятыў павінен стаць Навукова-тэхналагічны парк Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А ў будучыні ён паабяцаў вярнуцца да пытання стварэння на базе Тэхнапарка так званага бізнэс-інкубатара для дзяцей па аналогіі з рэспубліканскім праектам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Пытанні, якія тычацца медыцынскай галіны, таксама прагучалі падчас сустрэчы Уладзіміра Караніка са студэнтамі-купалаўцамі. Так, удзельнікі дыялогу абмеркавалі, як праходзіць кампанія па вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі, пагаварылі пра бяспеку і эфектыўнасць вакцын для розных узроставых груп насельніцтва. Не прамінулі купалаўцы спытаць і аб асабістым: пра студэнцкае жыццё старшыні Гродзенскага аблвыканкама, пра ўласны профіль у сацыяльных сетках.

Пра перспектывы развіцця эканомікі ў рэгіёне, у прыватнасці, пра прывабнасць яго для інвестараў, пра развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва студэнты пацікавіліся ў старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслава Гоя. Моладзь хвалявалі пытанні будучага працаўладкавання і летняй працоўнай занятасці. Мечыслаў Гой адзначыў, што ў бліжэйшы час ён правядзе нараду з прадстаўнікамі прадпрыемстваў, дзе будзе абмеркавана працаўладкаванне студэнтаў у межах трэцяга працоўнага семестра.

Аб тым, якія змены будуць унесены ў адноўлены Кодэкс аб адукацыі, студэнты-купалаўцы даведаліся падчас візіту ва ўніверсітэт намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ліліі Кір’як.
Дэпутат звярнула ўвагу на навацыі ў законапраекце, звязаныя з сацыяльнай падтрымкай выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. У прыватнасці, на атрыманне статусу маладога спецыяліста і звязаных з ім прэферэнцый зараз змогуць разлічваць і выпускнікі ўніверсітэтаў, якія атрымлівалі вышэйшую адукацыю на платнай аснове. Мэтавы набор ва ўстановы вышэйшай адукацыі будзе пашыраны, каб забяспечыць кадравы заказ, будуць знятыя абмежаванні для мэтавых напрамкаў па тэрытарыяльным прынцыпе. Яшчэ адно новаўвядзенне заключаецца ў тым, што з прыняццем новага Кодэкса аб адукацыі плануецца замацаванне дыстанцыйнага навучання як самастойнай формы атрымання адукацыі. Акрамя таго, студэнтаў цікавілі пытанні, звязаныя з размеркаваннем выпускнікоў, замацаваннем на заканадаўчым узроўні статуса магістра. Размаўлялі на сустрэчы пра стварэнне ўмоў для самарэалізацыі маладых людзей у абранай прафесіі, абмеркавалі ідэі, як падтрымаць маладых і таленавітых, каб яны заставаліся вучыцца і працаваць у роднай краіне. Асабліва зацікавіла студэнтаў прапанова дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ліліі Кір’як паўдзельнічаць у працы парламенцкай сесіі.

Уласн. інф.
Фота Мікіты ШАСТАКОВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...