Рэктар універсітэта Ірына Кітурка правяла сустрэчы са студэнцкім актывам факультэтаў для абмеркавання пытанняў, якія хвалююць купалаўскую моладзь

Мерапрыемствы ў фармаце адкрытага дыялогу праходзілі на працягу першага вясновага месяца.

У межах сустрэч ад студэнтаў гучалі самыя розныя пытанні, ідэі і прапановы: ад арганізацыі навучальнага працэсу да ўдасканалення студэнцкага побыту. Так, моладзь цікавіла магчымасць распрацоўкі мабільнай версіі сайта «Адукацыйны партал», уздымалася пытанне бяспекі асабістых дадзеных купалаўцаў у лічбавым асяроддзі.

Адна з тэм сустрэч тычылася акадэмічнага абмену студэнтаў паміж універсітэтамі краіны. У межах адкрытага дыялогу студэнты цікавіліся магчымасцю навучання дзяўчат на ваеннай кафедры Купалаўскага ўніверсітэта. Уздымалася пытанне складання персанальных рэйтынгаў студэнтаў. Удзельнікі дыялогу пагаварылі і пра тое, як студэнты могуць камерцыялізаваць свае ідэі і распрацоўкі.

Многія з агучаных студэнтамі пытанняў закраналі тэмы пражывання ў інтэрнатах. Рэктар адзначыла, што на дадзены момант больш за
90% іншагародніх студэнтаў забяспечаны месцамі ў інтэрнаце і звярнула ўвагу на прадугледжанне вылучэння фінансавання на будаўніцтва яшчэ аднаго студэнцкага інтэрната ўніверсітэта па абласной інвестыцыйнай праграме.

Ад студэнтаў гучала пытанне, якое тычыцца зніжак на праезд у транспарце – як гарадскім, так і міжгароднім.

– Згодна з нядаўна прынятым рашэннем, студэнты, якія маюць патрэбу ў праязных квітках на гарадскі транспарт, могуць атрымаць матэрыяльную кампенсацыю на іх набыццё. Для гэтага трэба напісаць заяву ў студэнцкім прафкаме і прыкласці набыты квіток, – патлумачыла Ірына Фёдараўна.

Студэнтаў, якія навучаюцца на платнай аснове, цікавіла пытанне павышэння кошту навучання. Рэктар падкрэсліла, што ў краіне прынята рашэнне, згодна з якім у бліжэйшы час не будзе падымацца кошт платнай вышэйшай адукацыі ў беларускіх універсітэтах.

У рамках дыялогу студэнты выступілі з ініцыятывай стварэння ва ўніверсітэце каманды КВЗ, распавёўшы, што на факультэце фізічнай культуры ўжо сабрана частка каманды. Яны пацікавіліся, ці змогуць разлічваць на падтрымку з боку кіраўніцтва ўніверсітэта.

– Моцная ўніверсітэцкая каманда КВЗ – мая мара. Я ўпэўнена, з нашым патэнцыялам мы зможам гэта зрабіць, – адзначыла Ірына Фёдараўна.

Рэктар распавяла, што ва ўніверсітэце ёсць усе магчымасці для таго, каб выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага студэнта. Ужо не адзін год у ГрДУ імя Янкі Купалы функцыянуе Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, а таксама Фонд інавацыйнага развіцця ўніверсітэта. У гэтым годзе створаны Фонд падтрымкі факультэцкіх ініцыятыў. Ірына Кітурка адзначыла, што зараз надаецца вялікая ўвага развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы Купалаўскага ўніверсітэта.

Па словах рэктара, у бліжэйшыя два гады будуць створаны новыя навучальныя і навуковыя лабараторыі, а ў студэнтаў спецыяльнасці «Мытная справа» з’явіцца свой тэматычны кабінет. Таксама ў перыяд з 2021 па 2023 год універсітэт ажыццявіць мадэрнізацыю корпуса інжынерна-будаўнічага факультэта і факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання па вуліцы Курчатава, 1а. А ў планах на бліжэйшыя пяць гадоў – з’яўленне і ў гэтым корпусе новых лабараторый.

Яшчэ адной тэмай дыялогу з рэктарам стала праца студэнтаў у будаўнічых атрадах і арганізацыя традыцыйных універсітэцкіх турзлётаў. Як распавяла рэктар, гэтая тэма цяпер актыўна вывучаецца і, пры ўмове паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі, купалаўцы атрымаюць магчымасць паехаць папрацаваць, у тым ліку за мяжой, а таксама сустрэцца на вясновых турзлётах.

Падчас адкрытага дыялогу на факультэтах вялі гутарку і пра вобраз ідэальнага студэнта-купалаўца, любоў да Alma mater, перспектывы беларускай адукацыі, пра прывабнасць праграм акадэмічнай мабільнасці і пра тое, чаму веданне замежнай мовы ў сучасным свеце – неабходнасць.

Уласн. інф.
Фота Мікіты ШАСТАКОВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...