ВУЗЕЛОК

Сярод вялікай колькасці мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, звяртае на сябе ўвагу агульнаўніверсітэцкі конкурс эсэ “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маёй сям’і”, які праводзіўся навуковай бібліятэкай Купалаўскага ўніверсітэта. Удзел у мерапрыемстве прынялі не толькі студэнты, але і навучэнцы ўніверсітэцкіх каледжаў.

Вызначыць пераможцаў аказалася няпростай задачай для членаў журы, паколькі ўсе творчыя працы характарызуюцца сур’ёзным падыходам, глыбінёй выкладу думак і, галоўнае, неабыякавасцю да гісторыі сваёй сям’і, а значыць, і гісторыі сваёй краіны, якая мужна выстаяла ў жудасных умовах ваеннага ліхалецця.

Па выніках працы дыпломам 1 ступені ўзнагароджана навучэнка Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Лідзія Стралкова за эсэ “Слёзы ворага”. Дыпломам 2 ступені адзначана праца “Моя маленькая история” студэнткі факультэта псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Наталлі Крывулькі. Дыплом трэцяй ступені атрымаў навучэнец Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Арсеній Гадомскі за эсэ “Вайна без зброі”. Шаноўныя чытачы, прапануем вам пераможнае эсэ.

Ты чакай
К.Симонов (Жди меня)

Ты чакай мяне заўжды,
Толькi вельмi моцна.
Ты чакай, калi дажджы
Засланяюць сонца.
Ты чакай, калi снягi
I калi спякота,
Ты чакай, калi маглi
Ўсiх забыць у турботах.
Ты чакай, калi ж у час
Лiст не атрымаеш,
Ты чакай, калi падчас
Помачы не маеш.
Ты чакай мяне заўжды,
Не жадай дабра
Тым, хто кажа: «Сапраўды,
Усё забыць пара».
Хай павераць мацi й сын,
Што згарэў у агні.
Хай сябры, як на спачын,
Сядуць у цiшынi,
Выпʼюць горкае вiно,
Успомняць, будуць жыць…
Ты чакай i заадно
Не спяшайся пiць.
Ты чакай, i я прыйду
Ўсiм смярцям на злосць.
Уяві: у дом зайду –
Гаспадар – не госць.
Той, хто разам не чакаў,
Скажа: «Шанцаванне…»
Не! У баi я не прапаў
Праз тваё чаканне!
Выжыў як i перамог
Цяжкасцей нямала?
Проста хтось чакаць не мог
Так, як ты чакала.

Пераклад Дар’і Гальцовай,
выкладчыка кафедры славянскай
філалогіі Варонежскага
дзяржаўнага ўніверсітэта,
удзельніка Летняй школы
беларускай мовы і культьуры “Пад
светлым іменем Купалы”
2023 і 2024 гг.

Вайна жорсткая, яна цягне за сабой страх, смерць, боль. Колькі людзей аддалі сваё жыццё, каб яна, бязлітасная і агідная, больш не паўтарылася, каб мы ніколі не зведалі яе жахлівую, разбуральную сілу. Ідучы на вайну, ніхто з салдат не хацеў паміраць. Кожнаму хацелася жыць, адчуваць любоў блізкіх, выхоўваць сваіх дзетак,
быць проста шчаслівым.
У дзяцінстве мне заўсёды была цікавая тэма вайны. Шмат разоў я прасіла маці распавесці аб тым, як мае прабабкі і прадзеды перажылі гэты страшны час, што з імі адбывалася. І маці расказала мне гісторыю, якая паўплывала на маё ўспрыманне вайны. Гаворка пойдзе пра маю прабабку Веру Якаўлеўну Коўтун. Яна рана выйшла замуж і на пачатак вайны мела ўжо траіх дзяцей. Апошняя дзяўчынка Надзея нарадзілася 22 чэрвеня, у першы дзень вайны. Прадзед Мікалай быў прызваны на фронт, а яна з дзецьмі засталася дома. Жылі яны ў вёсцы Абодаўцы Вілейскага раёна. Іх дом вызначаўся сярод іншых. Ён быў вялікі і нядаўна пабудаваны.


Прыйшлі нямецкія акупанты і ў іх вёску. Мірныя жыхары адчувалі страх ад аднаго слова “немцы”. Што ім патрэбна? Навошта прыйшлі? Што будзе далей? На здзіўленне, акупанты
паводзілі сябе спакойна. Прыкмеціўшы дом Веры, немцы вырашылі размясціцца ў ім: “Ніхто не пацерпіць, калі будзеце паводзіць сябе разумна. Мы спынімся на некалькі дзён, а потым сыдзем”. У галаве жанчыны пранеслася думка: “Няхай жывуць, галоўнае – захаваць жыццё сваім дзецям”. Праз некалькі дзён немцы загадалі жанчыне памыць салдацкія шынялі. Што рабіць? Калі не пагаджуся, яны не пашкадуюць ні мяне, ні малых. А калі свае ўбачаць, будуць лічыць здрадніцай, якая стараецца дагадзіць і абмывае варожых салдат.
Глыбокай ноччу, каб ніхто не ўбачыў, яна з малодшай дачушкай прыйшла да ракі мыць шынялі. Заставаўся яшчэ адзін. Надзейка заплакала, і Вера ўзяла яе на рукі, стала калыхаць, каб тая заснула. Малой было ўсяго 2 месяцы (маленькая душа нават не ўсведамляла, што адбываецца). Тут да жанчыны падышоў нямецкі салдат, ён паглядзеў на дзіця і папрасіў узяць на рукі. Вера, баючыся і не разумеючы намераў ворага, працягнула Надзейку. Немец акуратна ўзяў малую і паглядзеў на маленькі безабаронны тварык. Слёзы… Слёзы? Жанчына не верыла сваім вачам. Гэта, сапраўды, той самы салдат, які выклікаў жах адным толькі сваім выглядам? Выціраючы слёзы, ён вярнуў малую ў рукі маці і дастаў з кішэні пацёрты здымак. На фотакартцы быў ён, а побач жанчына з дзіцём. Вера ўсё зразумела: гэта яго сям’я. Вядома, немец таксама чалавек, і ён сумаваў па родных, яму хацелася быць з імі, выконваць абавязкі добрага мужа і любячага бацькі, а не салдата ў чужой краіне. Вайна забрала ў яго такую магчымасць. Вайне няма справы да лёсаў людзей. Яна нішчыць усё і ўсіх: гінуць нашы, гінуць немцы, гінуць маладыя і старыя, добрыя, злыя…
Немцы праз некалькі дзён пакінулі вёску. Маленькая дзяўчынка Надзя выжыла. Цяпер яна ўжо бабуля і расказвае гэту гісторыю сваім унукам.
Сёння, пераасэнсаваўшы лёс сваіх родных у гады Вялікай Айчыннай вайны, я разумею, што гераізм нашага народа не толькі ў подзвігах славутых герояў, а і ў паўсядзённым жыцці
звычайных людзей. Васіль Быкаў у публіцыстычных нататках “Званы Хатыні” пісаў: “Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў па кожнай ваколіцы, па кожным падворку, па сэрцах і душах людзей… Незалежна ад узросту, полу, нягледзячы на тое, што меў ён зброю і страляў у акупантаў або толькі сеяў збожжа і гадаваў дзяцей, – кожны быў воінам. Таму што і зброя, і збожжа, і падросшыя дзеці, ды і само існаванне кожнага беларуса ў выніку былі накіраваны супраць акупантаў”. На мой погляд, мы, нашчадкі герояў, павінны сёння выхоўваць у сабе ўсё самае чалавечае, добрае, светлае. Гэта наш абавязак перад памяццю загінулых і будучыняй новых пакаленняў.


Лідзія Стралкова,
навучэнка Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы

Поделиться

Вам может также понравиться...