ЖАНЧЫНА.BY: АДКРЫТЫ ДЫЯЛОГ З ВОЛЬГАЙ ЧУПРЫС
Год беларускай жанчыны ў Купалаўскім універсітэце стартавала праца дыскусійнага клуба “Жанчына.by”. Госцем першай сустрэчы стала намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, доктар юрыдычных навук Вольга Чупрыс.

Мэта новай ініцыятывы студэнтаў універсітэта – пазнаёміцца з вядомымі жанчынамі нашай краіны, якія дасягаюць вышынь у розных сферах, паспяхова спалучаюць прафесійную, грамадскую дзейнасць з сям’ёй і мацярынствам.
Да самой сустрэчы студэнты паспелі пазнаёміцца з біяграфіяй і ладам жыцця госці, падрыхтавалі відэаролік, які прадставіў першую гераіню праекту. Вольга Чупрыс працуе намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца доктарам юрыдычных навук, прафесарам. А яшчэ яна клапатлівая жонка і маці трох сыноў. На сваім прыкладзе яна паказала, што беларуская жанчына можа дасягнуць поспеху ва ўсіх сферах жыцця, калі паставіць перад сабой дакладную мэту.

Госця падзякавала купалаўцам за запрашэнне, адзначыла плённае шматгадовае супрацоўніцтва з юрыдычным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы і падкрэсліла, што ёй важна не толькі данесці сваё меркаванне па актуальных пытаннях, але і даведацца, што думаюць студэнты, знаходзіць агульнае і рухацца наперад разам.
Вольга Іванаўна з упэўненасцю адзначыла, што размова дасць магчымасць маладым людзям глыбей зразумець і палюбіць сваю краіну:
– Кожная сям’я – правобраз краіны, а краіна ў цэлым – вялікая сям’я. І ў сям’і, і ў дзяржаве працякаюць падобныя працэсы. І цэнтрам сям’і з’яўляюцца жанчыны. Не выпадкова Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе шмат увагі гэтым тэмам, і ва ўсіх выявах жанчына ў нашай краіне адчувае сябе ўпэўнена, спакойна.

На сустрэчы Вольга Чупрыс нагадала лічбы і факты, якія прадстаўляюць ролю жанчыны ў жыцці беларускага грамадства. З агульнай колькасці жыхароў нашай краіны жанчыны складаюць 53,9%. У гарадах пражываюць 80 працэнтаў жанчын, 20 працэнтаў – жыхаркі сельскай мясцовасці. Сярод кіруючых кадраў амаль палову складаюць жанчыны. Менавіта яны пераважаюць у такіх сферах, як ахова здароўя, адукацыя, фінансавая, навукова-тэхнічная дзейнасць. У ліку вучоных жанчын 38 працэнтаў, сярод кандыдатаў навук – 40 працэнтаў, сярод дактароў навук — каля 20 працэнтаў.
Пасля выступу Вольгі Іванаўны пасыпалі пытанні. Студэнтаў цікавіла тое, як прайсці шлях ад выпускніка ВНУ да намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, як паспяхова сумяшчаць працу на адказнай пасадзе з выкладчыцкай работай у Белдзяржуніверсітэце. Маладыя людзі пыталіся аб тым, як спалучаць працу і выхаванне дзяцей, якая роля ў развіцці дзяржавы моладзі. Госця шчодра і па-сяброўску дзялілася з удзельнікамі дыскусійнага клуба мудрымі парадамі, але асабліва кранальна прагучалі яе асабістыя жыццёвыя гісторыі.

Першая сустрэча ў дыскусійным клубе “Жанчына.by” яскрава прадэманстравала, што такія гутаркі маюць вялікі патэнцыял, каб служыць для моладзі матыватарамі.
У фармаце дыскусійнага клуба купалаўцы будуць і далей сустракацца з выдатнымі беларускамі, якія вывелі сваю формулу поспеху і гатовыя падзяліцца ёю з маладым пакаленнем.
Таццяна СУШКО



