СТУДЭНЦКІ ВЕРАСЕНЬ НЕ ВЕДАЕ ШАБЛОНАЎ
Хтосьці робіць першыя крокі ў Купалаўскім універсітэце, і яго гісторыя толькі пачынае пісацца. Для іншых гэта апошняе свята ведаў у якасці студэнта, але ніяк не ў статусе купалаўца, бо сувязь з роднай alma-mater – гэта на ўсё жыццё.

Па добрай традыцыі новы навучальны год распачынаецца ў самым сэрцы Купалаўскага ўніверсітэта з урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню ведаў! Сімвалічна, што сёння на свяце сабраліся 898 удзельнікаў. Гэта лічба не выпадковая – яна адпавядае хуткаму 898-годдзю з дня заснавання нашага горада над Нёманам.
З цёплымі словамі да прысутных звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка:
– Сёння мы афіцыйна распачынаем новы навучальны год. Вельмі хочацца, каб мы ўсе з вамі памяталі, што вучоба ва ўніверсітэце – гэта не проста шпацыр па жыцці. Гэта штодзённая вялікая праца. Новы навучальны год – гэта заўсёды новыя планы. Не адкладвайце іх на заўтра, пачніце ажыццяўляць іх ужо сёння! А наш універсітэт адпаведна са сваёй місіяй будзе ісці разам з вамі па гэтым шляху і ганарыцца кожным вашым поспехам.
Урачыстасць аб’яднала супольнасць універсітэта і ганаровых гасцей. З пачаткам новага навучальнага года купалаўцаў павіншавалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, кіраўнік Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, а таксама дэкан факультэта міжнародных адукацыйных праграм Ташкенцкага дзяржаўнага транспартнага ўніверсітэта Алімжон Рыскулаў.

– У мяне сёння ганаровая місія – ад імя кіраўніцтва Гродзенскай вобласці павіншаваць вас з пачаткам новага навучальнага года. Хочацца выказаць вам, паважаныя выкладчыкі, шчырыя словы ўдзячнасці за тую работу, якую вы выконваеце разам з нашымі студэнтамі. Паважаныя студэнты, няхай вашае жыццё будзе самым неверагодным у нашай alma-mater. Наталяйцеся ведамі і цёплымі ўспамінамі. І, канешне, мы чакаем вас у якасці прафесіяналаў, якія будуць працаваць на карысць нашай вобласці, – з цеплынёй павіншавала Алена Пасюта.
Яшчэ адной важнай і прыемнай падзеяй свята стала ўручэнне пасведчанняў «Аб занясенні на Дошку гонару па выніках 2025/2026 навучальнага года» лепшым навучэнцам, студэнтам, магістрантам і аспірантам універсітэта. Сваімі эмоцыямі падзяліўся студэнт 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Яўгеній Жукоўскі:

– Для кожнага студэнта першае верасня – гэта яркае, насычанае свята. Яно заўсёды асацыюецца з радасцю і цёплымі эмоцыямі. Як намеснік старшыні Студэнцкага савета ўніверсітэта я курырую моладзевую палітыку і працу са студэнтамі, імкнуся зрабіць будні купалаўцаў больш яркімі і камфортнымі. Для мяне гэты навучальны год перадапошні, і вельмі хочацца закласці моцны фундамент на 5 курс – трымаць высокую планку, годна прадстаўляць родны ўніверсітэт!
Да Дня ведаў Купалаўскі ўніверсітэт рыхтаваўся загаддзя. Ужо 31 жніўня тут панавала асаблівая атмасфера – светлая, хвалюючая і па-сапраўднаму ўрачыстая. Першакурснікі дзённай формы навучання сабраліся разам, каб зрабіць першы крок у студэнцкае жыццё. Традыцыйна першую лекцыю пад назвай «Універсітэт вашых магчымасцей» правяла рэктар Ірына Кітурка.

Першая лекцыя – гэта не проста знаёмства з правіламі і традыцыямі. Гэта размова пра будучыню, пра тое, якія шляхі адкрываюцца перад маладымі людзьмі ў сценах універсітэта:
– Надзвычай важна, каб менавіта з вуснаў рэктара студэнты пачулі, якія магчымасці адкрывае перад імі ўніверсітэт. Гэта тая дарога, па якой мы павінны ісці поплеч – выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты. Шчыра жадаю, каб наш універсітэт стаў для кожнага студэнта ўніверсітэтам іх магчымасцей. Спадзяюся, у будучыні мы будзем ганарыцца імі як выдатнымі выпускнікамі, – адзначыла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
Падчас лекцыі першакурснікі пазнаёміліся з гісторыяй alma-mater, даведаліся пра пазіцыі ўніверсітэта ў міжнародных рэйтынгах і пра тое, чым жыве сучасная купалаўская супольнасць. Перад першакурснікамі адкрылася цэлая палітра для самарэалізацыі: ад навуковых лабараторый і студэнцкіх аб’яднанняў да валанцёрскіх атрадаў, спартыўных секцый і творчых праектаў. Адзінае, што патрабуецца ад студэнта, – матывацыя, шчырае жаданне расці і, безумоўна, дысцыпліна:

– Рэалізаваць сябе я хачу ў спорце, а менавіта ў гандболе. Ірына Фёдараўна адзначыла, што каб дасягнуць пастаўленых мэт, трэба не ленавацца. Калі кожны дзень працаваць над сабой, усё абавязкова атрымаецца. Яна таксама падкрэсліла, што ў любы момант можна звярнуцца да выкладчыкаў з любым пытаннем, і яно будзе вырашана. Гэта не можа не цешыць! Вельмі каштоўна, што ва ўніверсітэце наладжана такая сувязь, – падзяліўся сваім меркаваннем Марцін Бяляўскі, студэнт факультэта фізічнай культуры.
Яркім працягам сустрэчы стала цырымонія «Пасвячэнне ў студэнты». Першакурснікам, якія паказалі найвышэйшыя балы падчас уступнай кампаніі ўручылі іх студэнцкія білеты. Працягнулася свята перадачай Студэнцкага білета і Ключа ведаў ад старэйшых курсаў.

Словы Ірыны Фёдараўны натхнілі першакурснікаў не толькі на сумленную вучобу, але і на актыўнае развіццё ва ўсіх сферах студэнцкага жыцця. З гэтым згодна і Ульяна Тупякова, студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну:
– Мы атрымалі велізарны зарад матывацыі! Я ўпэўнена, што кожны ўдзельнік сёння не толькі даведаўся шмат новага, але і атрымаў самыя станоўчыя эмоцыі і добры настрой на ўвесь навучальны год. Мяне вельмі зарадзілі дзяўчынкі на сцэне, якія споўнілі для нас энергічны нумар. Адразу загарэлася жаданнем далучыцца.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася і студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Паліна Бяляцкая:
– Перад сустрэчай крыху хвалявалася. Але калі на сцэну выйшла Ірына Фёдараўна, хваляванне змянілася на зацікаўленасць, а потым – на сапраўдную матывацыю. Асабліва мяне кранулі словы пра тое, што выкладчыкі будуць дапамагаць кожнаму студэнту раскрываць свае моцныя бакі. Гэта вельмі каштоўна, бо ў кожным з нас ёсць патэнцыял. Мне здаецца, пасля гэтай сустрэчы многія першакурснікі канчаткова пераканаліся, што зрабілі правільны выбар.
Напрыканцы лекцыі Ірына Кітурка падзялілася з першакурснікамі чатырма «лайфхакамі ад рэктара», якія дапамогуць зрабіць студэнцкія гады максімальна паспяховымі:

№1 – «Праца дзеля выніку». Галоўная мэта – не проста прысутнічаць у аўдыторыі, а штодня набываць веды і кампетэнцыі.
№2 – «Усё ў вашых руках». Поспех студэнта залежыць ад яго ўласнай ініцыятывы, настойлівасці і прагі да развіцця.
№3 – «Адзінства». Выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў аб’ядноўвае адно ганаровае імя – купалаўцы.
№4 – «Рашучае дзеянне». Не варта чакаць, пакуль пытанне ператворыцца ў праблему. Трэба дзейнічаць адразу.
Фіналам сустрэчы стала ўрачыстая клятва. Першакурснікі паабяцалі годна несці званне студэнта Купалаўскага ўніверсітэта, упэўнена спасцігаць навуковыя вяршыні і быць у самым віры ўніверсітэцкага жыцця.
А наперадзе купалаўцаў чакаюць новыя адкрыцці, дасягненні і перамогі. Няхай кожная лекцыя набліжае студэнтаў да мары, кожны семінар развівае думку, а сяброўскія сустрэчы робяць гэты шлях сапраўды незабыўным.
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва ўніверсітэта



