КАЛІ ЛАСКА, ЦЯГНІЦЕ БІЛЕТ!
Штогод Купалаўскі ўніверсітэт з радасцю прымае ў сваю вялікую сям’ю новае пакаленне студэнтаў. Першакурснікам яшчэ толькі давядзецца адкрыць для сябе гэты захапляльны свет: першая лекцыя, сумесны праект… І, у рэшце рэшт, першая сесія. І мы вырашылі не чакаць экзаменаў, а адразу арганізавалі для хлопцаў і дзяўчат своеасаблівы «іспыт». Праўда, у нашых білетах замест навуковых пытанняў – адкрытыя размовы пра мары і сакрэты поспеху. Знаёмімся з нашымі зорачкамі-першакурснікамі і кажам з усмешкай: «Калі ласка, цягніце свой білет»!

Білет №3. Як атрымаць найвышэйшы бал ва ўсім універсітэце і паступіць на спецыяльнасць мары?

Першай на наш своеасаблівы «іспыт» завітала Крысціна Карповіч. Дзяўчына скончыла сярэднюю школу № 27 імя В. Юртава горада Гродна і па выніках уступнай кампаніі паказала найлепшы вынік ва ўсім універсітэце – 393 балы! Такі высокі ўзровень ведаў дапамог дзяўчыне дасягнуць мэты і паступіць на спецыяльнасць «Міжнароднае права».
Пытанне 1. Як праходзіла падрыхтоўка да іспытаў і чаму менавіта «Міжнароднае права»?
– Я вельмі доўга вучыла англійскую мову і, пачынаючы з 6 класа, штогод удзельнічала ў алімпіадах па гэтым прадмеце. У 9 класе ў нас з’явілася «Грамадазнаўства», прадмет адразу захапіў мяне разнастайнасцю тэм. Мяне цікавілі ўсе пытанні, але больш за ўсё падабаліся раздзелы «Палітыка» і «Права». І ў той момант я вырашыла аб’яднаць гэтыя два накірункі, так і абрала юрыдычны факультэт. Бліжэй мне менавіта міжнародная сфера, хочацца працаваць там, дзе сутыкаюцца розныя прававыя сістэмы і трэба шукаць агульныя рашэнні. Паспяхова падрыхтавацца да экзаменаў мне дапамагло якаснае планаванне. На пачатку тыдня я пісала дакладны план, калі і што мне трэба прачытаць ці зрабіць. Гэта дапамагала не блытацца.
Пытанне 2. Пасля такога эфектнага пачатку якім бачыце сваё студэнцкае жыццё?
– Канешне, вельмі хачу паўдзельнічаць у конкурсе «Alma Mater – любоў з першага курса»! На маю думку, менавіта з гэтага мерапрыемства павінна пачынацца студэнцкае жыццё. Таксама хочацца паўдзельнічаць у конкурсе «Міс і Містар універсітэт». Надалей планую трымаць такую ж высокую планку ў Купалаўскім універсітэце!
Пытанне 3. Што б Вы сказалі Крысціне-адзінаццацікласніцы, якая толькі пачынае свой шлях да мэты?
– Думаю, я ёй параіла б не хвалявацца наконт паступлення на бюджэт. Нават з улікам таго, што такіх месцаў усяго 10!
Білет №27. Як спалучыць алімпійскія амбіцыі і мару пра трэнерскую кар’еру?

Наступная гераіня нашага «іспыту» – Кацярына Гульнік. Дзяўчына скончыла Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і ўжо паспела пакарыць п’едэстал, заваяваўшы бронзавы медаль на першынстве Еўропы па вольнай барацьбе!
Пытанне 1: Як Вы трапілі ў спорт і чаму вырашылі звязаць сваё жыццё з трэнерскай дзейнасцю?
– У мяне ёсць старэйшыя браты, якія таксама займаюцца барацьбой. Менавіта яны ў 7 гадоў прывялі мяне на першую трэніроўку. Калі я толькі пачала займацца, мне спадабалася стаўленне майго першага трэнера Ігара Паромніка да дзяцей. Ён пры любых абставінах быў побач і не даваў сумаваць пасля пройгрышу. Таксама вельмі карыснымі былі яго парады, якія дапамаглі стаць больш упэўненай як у барацьбе, так і ў жыцці. Тады я і вырашыла, што вырасту і стану таксама трэніраваць юных спартсменаў. Зараз жа я буду трэніравацца ва Уладзіміра Мельнікава ў Гродзенскім абласным комплексным цэнтры алімпійскага рэзерву, але майму першаму трэнеру заўсёды буду бязмерна ўдзячная.
Пытанне 2: Якімі былі Вашы першая перамога і найбольш знакавы поспех на высокім узроўні?

– Сваю першую перамогу я здабыла яшчэ ў 3 класе. Гэта было надзвычай цікава і хвалююча! Побач знаходзіліся блізкія і родныя людзі, якія падтрымлівалі мяне перад кожным этапам. Перад першынствам Еўропы падрыхтоўка была вельмі інтэнсіўнай і акуратнай, каб пазбегнуць траўм. З намі праводзілі гутаркі, скіроўвалі на тое, каб выходзіць на дыван і нікога не баяцца, перамагаць суперніцу за суперніцай. Гэта давала больш матывацыі і ўпэўненасці. Калі я змагалася за бронзавы медаль, то моцна хвалявалася, але побач была мой трэнер Уладлена Выдранка. Яна размінала мяне і настройвала на поспех.
Пытанне 3: Якую галоўную спартыўную і жыццёвую мэту Вы ставіце перад сабой цяпер?
– На дадзены момант мая галоўная мэта – стаць чэмпіёнкай свету і ўпэўнена замацаваць статус лідара ў сваёй вагавай катэгорыі. Я штодня шчыра працую і крок за крокам іду да мэты!
Білет № 15. Як працягнуць рух да мары пасля першай заваяванай вышыні?

Для наступнай удзельніцы нашага інтэрактыву такія паняцці, як «сесія» і «экзамен», ужо добра знаёмыя. Святлана Сахацкая скончыла Мінскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі. Сёння дзяўчына абрала спецыяльнасць «Дызайн касцюма і тэкстылю» і паступіла ў Купалаўскі ўніверсітэт без уступных экзаменаў як прызёр рэспубліканскага прафесійнага конкурсу!
Пытанне 1: Што натхніла Вас звязаць жыццё з дызайнам і чаму для атрымання вышэйшай адукацыі абралі менавіта ГрДУ імя Янкі Купалы?
– Дзякуючы ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства я зразумела, што хачу вучыцца і развівацца далей. Мяне вельмі цікавіць мода! Да таго ж маім галоўным дарадчыкам заўсёды была маці. Менавіта яна адразу сказала, што гэта надзвычай цікавы накірунак, дзе ёсць куды расці. Чаму абрала менавіта Купалаўскі ўніверсітэт? Я вельмі хацела атрымаць якасную вышэйшую адукацыю. Падчас дня адчыненых дзвярэй паразмаўляла з выкладчыкамі – надзвычай чулымі і прафесійнымі людзьмі.
Пытанне 2: Які праект Вам найбольш запомніўся?

– У конкурсны рух я ўключылася яшчэ падчас навучання ў каледжы. Пасля конкурсу прафесійнага майстэрства адным з найбольш знакавых выпрабаванняў стаў конкурс «Абілімпікс» у Маскве, дзе я заняла другое месца. Конкурсны працэс вельмі захапляльны. Напрыклад, у Мінску ўсім удзельнікам далі заданне сшыць камізэльку па аднолькавых лекалах. Але кожны павінен быў творча дапрацаваць яе, дадаць нацыянальную сімволіку і аўтарскія дэталі.
Пытанне 3: Чым любіце займацца ў вольны час і што дапамагае знаходзіць натхненне?
– Акрамя моды, я захапляюся фатаграфіяй. Люблю ладзіць для сябе фотасесіі, рабіць эстэтычныя кадры, але найбольш натхняюся прыродай.
Білет № 16. Як знайсці сваё прызначэнне яшчэ ў дзяцінстве?

Наш наступны першакурснік – Аляксандр Галушка, выпускнік сярэдняй школы № 32 імя Т. Ларыёнавай горада Гродна. Юнак вучыўся ў інжынерным класе і паступіў на спецыяльнасць «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў».
Пытанне 1: Што паўплывала на Ваш выбар мэтавага накіравання?
– Насамрэч я доўга вагаўся, але ў выніку зразумеў, што мэтавае накіраванне – гэта добры варыянт. Гэта гарантаванае першае працоўнае месца з дакладным разуменнем перспектыў.
Пытанне 2: Як навучанне ў інжынерным класе паспрыяла паспяховаму праходжанню ўступных выпрабаванняў?
– Профільнае навучанне вельмі дапамагло мне на субяседаванні. Нам задавалі пытанні як па тэорыі, так і па практыцы, якія мы дэталёва разбіралі ў школе. За час навучання ў інжынерным класе я паспеў засвоіць праграмы для мадэлявання, таму адчуваў сябе на іспыце даволі ўпэўнена.
Пытанне 3: Калі і чаму вырашылі звязаць сваё жыццё менавіта з будаўніцтвам?
– Калі я сур’ёзна задумаўся пра выбар прафесіі, бацька прапанаваў прыгледзецца да будаўніцтва. Бо мне цікава нешта майстраваць, будаваць і разбірацца ў чарцяжах.
За плячыма першакурснікаў унікальная гісторыя паступлення, поўная яркіх перамог і важных крокаў на шляху да ўласнай мары. І хоць у кожнага цяпер пачынаецца свой непаўторны шлях, усе гэтыя сцежкі сыходзяцца ў адну вялікую дарогу, якую пракладвае Купалаўскі ўніверсітэт, каб дапамагчы раскрыць патэнцыял кожнага студэнта. Мы шчыра рады вітаць вас у нашай вялікай сям’і, дарагія першакурснікі!
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў



