ВЫБАР – СЛУЖЫЦЬ РАДЗІМЕ
5 верасня ў межах святкавання Дня нараджэння горада Гродна на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі курсантамі першага курса ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. У гэты дзень маладыя людзі прамовілі клятву на вернасць Радзіме, уступіўшы ў рады абаронцаў Айчыны.

Напярэдадні прысягі, 1 верасня, з курсантамі ваеннага факультэта сустрэўся Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін. Гэтая падзея падкрэсліла высокі статус ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта. Віктар Хрэнін акрэсліў ключавыя задачы, якія стаяць перад курсантамі і выкладчыкамі ў найбліжэйшай перспектыве.

На ўрачыстай цырымоніі прыняцця Ваеннай прысягі ў ліку запрошаных гасцей былі намеснік Міністра абароны па тыле – начальнік тылу Узброеных Сіл генерал-маёр Аляксандр Масалаў:
– Сёння важны дзень у курсантаў першага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яны далі клятву. Клятву нашаму народу і нашай дзяржаве. З гэтага моманту ў іх з’явілася асабістая адказнасць за лёс нашай краіны. Па іх тварах відаць, што курсанты здолеюць годна працягнуць усе традыцыі нашай арміі, – падкрэсліў Аляксандр Масалаў.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што ганарыцца высокім узроўнем падрыхтоўкі курсантаў на ваенным факультэце:
– Менавіта тут фарміруюцца сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія абралі найбольш мірныя з ваенных прафесій – афіцэры тылу і афіцэры, якія клапоцяцца аб фізічнай падрыхтоўцы нашых салдат у войсках.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што сённяшняя падзея на Кургане Славы выходзіць далёка за межы ўніверсітэцкага жыцця, бо 54 курсанты ваеннага факультэта прымаюць прысягу на вернасць Радзіме, Айчыне і народу. Гэтае свята не толькі для саміх курсантаў, але і для іх бацькоў. Шчырыя пажаданні прагучалі з вуснаў Анастасіі Баравік, маці курсанта Данілы Баравіка:

– Сёння вы зрабілі не проста крок, вы здзейснілі сапраўдны скачок ад юнацтва да сталасці. Гэты дзень наша агульнае свята. Мы верым у вас, мы молімся за вас, мы ганарымся вамі!
– Гэты дзень назаўжды застанецца ў маёй памяці. Прыняцце ваеннай прысягі – падзея, да якой я ішоў свядома, але калі настаў момант вымавіць гэтыя словы перад сваімі таварышамі, камандзірамі і блізкімі, эмоцыі проста захліснулі. У той момант я адчуў адказнасць і разам з тым вялікі гонар. Крок у будучыню зроблены, і гэта лепшы пачатак службы, – падзяліўся курсант 1 курса ваеннага факультэта Міраслаў Блатніцкі.
Пасля афіцыйнай часткі курсанты вымавілі словы прысягі. Гэты рытуал стаў для іх кропкай адліку на шляху служэння Айчыне. У іх вачах – рашучасць, у сэрцах – хваляванне і ўсведамленне адказнасці.
Наперадзе ў маладых абаронцаў – гады вучобы, трэніровак і выпрабаванняў, але галоўны выбар яны ўжо зрабілі: выбар на карысць Радзімы.
Ул. інф.
Фота з архіва ўніверсітэта



