МАСТАЦТВА НА КАРЫСЦЬ ПРЫРОДЫ
На вуліцы каралеўскага горада выйшаў экатралейбус у новым маляўнічым абліччы. Яго барты ўпрыгожылі яркія ілюстрацыі з заклікамі берагчы навакольнае асяроддзе – праект-пераможца каманды Купалаўскага ўніверсітэта «Гродненские сливки».

Лепшы дызайн для гарадскога транспарту вызначалі на конкурсе сацыяльнай рэкламы, арганізаваным Гродзенскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Распавядаем, як ініцыятыва таленавітых студэнтак ператварылася ў карысную акцыю і новае ўпрыгожванне Гродна!
Пад арыгінальнай назвай «Гродненские сливки» аб’ядналіся пяць крэатыўных студэнтак 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну: Паліна Герасімчык, Яна Гуліч, Яна Дзяцінкіна, Аляксандра Бельская і Яна Крыўчэня. Праектам дзяўчат апекавалася старшы выкладчык кафедры дызайну Наталля Паўленка. Менавіта яна заахвоціла каманду да ўдзелу ў конкурсе і курыравала іх працу на ўсіх этапах.
Нагадаем, што гэта не першы поспех купалаўцаў у падобных праектах. З мінулага года ў Гродне курсіруе першы экатралейбус, аформлены па дызайн-праекце іншай каманды студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Пры ацэнцы праектаў журы ўлічвала рэгіянальную спецыфіку, актуальнасць экалагічнай праблематыкі, крэатыўнасць і магчымасць практычнага ўвасаблення ідэі. У пошуках рашэння, у якім гарманічна спалучаліся б усе патрабаванні, студэнткі распрацавалі 4 розныя канцэпцыі. Падрабязнасцямі стварэння макета падзялілася Яна Крыўчэня:

– Мы абапіраліся на два арыенціры: геральдыку Гродна і сімвалы, звязаныя з экалагічнай тэматыкай. Нашай задачай было стварыць дызайн, які будзе адлюстроўваць прыналежнасць да горада і, вядома ж, заклікаць беражліва ставіцца да наваколля.
Так, асноўнымі візуальнымі элементамі ў дызайне сталі сімвал горада – алень Святога Губерта, выявы мясцовай фауны, а таксама стылізаваныя раслінныя арнаменты. На другім баку тралейбуса студэнткі размясцілі парады для падтрымання экалагічнага становішча.

Сваімі эмоцыямі пасля перамогі падзялілася Аляксандра Бельская:
– Мы бязмерна рады, што змаглі зрабіць свой унёсак у развіццё нашага любімага горада і прысвяціць працу такой важнай тэме. Вельмі цешыць, што сёння ў нас ёсць магчымасць казаць пра глабальныя праблемы і заклікаць людзей да іх вырашэння такім прыгожым чынам. Мы ўдзельнічалі па прынцыпе «рыхтуйся да горшага, але спадзявайся на лепшае», таму перамога стала для нас нечаканасцю. Гэты вынік – вялікі гонар і радасць для ўсіх нас. Спадзяёмся, што наш арт-праект спадабаецца і жыхарам Гродна!
Таму, калі будзённым днём вы паедзеце па справах на тралейбусе № 7 або адправіцеся ў выхадныя на адпачынак па маршруце № 6, абавязкова звярніце ўвагу на яркі і стылёвы дызайн на бартах транспарта. Вобразы, створаныя нашымі таленавітымі купалаўцамі, дакладна ўздымуць настрой!
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва гераінь




