У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла акцыя «Чытаем Купалу разам», якая прысвечана 135-годдзю са дня нараджэння беларускага паэта

Вершы Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы чыталі ў ГрДУ імя Янкі Купалы на 11 мовах свету. Акцыя «Чытаем Купалу разам» была прысвечана 135-годдзю са дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка і драматурга Янкі Купалы, у гонар якога названа ўстанова адукацыi, і стала працягам традыцыйных акцый «Чытаем разам» ва ўніверсітэце.

Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў адміністрацыі ўніверсітэта, дэканаў і студэнтаў факультэтаў, супрацоўнікаў, замежных студэнтаў, навучэнцаў школ горада і запрошаных гасцей.

Стала добрай традыцыяй праводзіць акцыі «Чытаем разам» у купалаўскім універсітэце. Зусім нядаўна мы чыталі Пушкіна, Багдановіча. А сенняшняя акцыя «Чытаем Купалу разам» мае асаблівы сэнс для ўніверсітэта, – адкрыў мерапрыемства рэктар Андрэй Кароль. – Нашая alma mater носіць імя вялікага песняра зямлі беларускай Янкі Купалы, заснавальніка сучаснай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы.

Андрэй Дзмітрыевіч прадставіў увазе аўдыторыі верш «Мой дом», прысвечаны малой радзіме паэта.

Прывітальнае слова ўзяла дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, якая пачала сваё выступленне са знакамітых радкоў «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына; Памiж сваiх i чужакоў яна мне ласкай матчынай».

Гэты верш увабраў у сябе ўвесь генетычны код беларусаў. Напрыканцы яго мы чуем такія словы: «Завецца ж спадчына мая ўсяго Старонкай Роднаю», бо найбольшай спадчынай для кожнага з нас, для кожнага беларуса з’яўляецца яго Радзіма, – падкрэсліла Іна Самсо наўна. – Сёння зала ўніверсітэта сабрала аматараў і прыхільнікаў творчасці беларускага паэта, тых, хто прысвяціў шмат навуковых прац жыццю Купалы, і тых, хто толькі пачынае вывучаць яго літаратурную спадчыну. Няхай сённяшняя сустрэча стане для ўсіх наступным крокам да вывучэння феномену Янкі Купалы.

Добрыя словы ўдзельнікі акцыі пачулі і ад аднаго з арганізатараў акцыі – загадчыка кафедры беларускай літаратуры Аліны Сабуць.

 – Янка Купала яшчэ пры жыцці стаў нашым сучаснікам: ён стварыў філасофію сучаснага быцця, распавёў нам – будучаму пакаленню беларусаў, як захаваць сваю спадчыну, – адзначыла Аліна Эдмундаўна. – Купала – гэта значыць быць «у купе», быць разам. Для нашай alma mater гэта вялікі гонар – насіць імя шляхетнага паэта, чые вершы мы сёння чытаем. Чытаем і перачытваем.

Працягнулася акцыя чытаннем знакамітага верша «А хто там ідзе?» на 11 мовах свету. Зала пачула твор Купалы на роднай беларускай, а таксама на рускай, украінскай, польскай, англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай, сербскай i туркменскай мовах. Вершы паэта на беларускай мове чыталі замежныя студэнты, якія прыехалі да нас з Туркме ністана, Кітая, Нігерыі і Турцыі.

Любімыя вершы Купалы гучалі ў выкананні прарэктараў універсітэта. Першы прарэктар Ірына Кітурка адзначыла, што Янка Купала жыў у няпросты для Беларусі час, ад таго яго вершы прасякнуты асаблівай атмасферай. Да прачытання Ірына Фёдараўна абрала ўрывак з паэмы «Яна і я», прысвечаны вясне.

Прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко прадставіў байку «Асёл і яго цень», прарэктар па навуковай рабоце Уладзімір Барсукоў – даволі вядомыя ўсім купалаўцам радкі «Мілая моладзь, слаўная моладзь нашай бязмежнай краіны! Горы і мора зможаш ты здолець, сэрцам расплавіць ільдзіны», а прарэктар па выхаваўчай рабоце Васілій Сянько чытаў у гэты дзень верш «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына», які неаднаразова гучаў на мера прыем стве.

Пра тое, хто для нас Купала і чым знакава яго творчасць, гаварылі дэканы факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў сваіх відэазваротах. Многія з іх душэўна чыталі любімыя вершы, напісаныя беларускім паэтам. А падчас вольнага мікрафона «Завуся я толькі – Янка Купала» творчасць беларускага песняра апявалі студэнты, выкладчыкі і ганаровыя госці, сярод якіх старшыня Гро дзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка і празаік Людміла Кебіч, гродзенскія паэты, загадчык кафедры беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку Галіна Тварановіч, кіраўнік грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя», дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры Вольга Панькова.

Таксама ў гэты дзень студэнты выканалі песні на вершы Янкі Купа лы. Удзельнікі сустрэчы пачулі «Явар і Каліну», вядомую ўсім «Купалінку» і многія іншыя песні. Завяршылася сустрэча выкананнем купалаўскай «Малітвы».

Ганна КУЛЬБА

Поделиться

Вам может также понравиться...