Старшыня ВАК Рэспублікі Беларусь Генадзій Пальчык у ГрДУ імя Янкі Купалы сустрэўся з навуковай грамадскасцю Гродна

Старшыня ВАК Рэспублікі Беларусь Генадзій Пальчык у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы сустрэўся з навуковай грамадскасцю Гродна. У мерапрыемстве, якое адбылося ў рамках Адзінага дня інфармавання, прынялі ўдзел адміністрацыя ўніверсітэта, выкладчыкі, супрацоўнікі і аспіранты, а таксама прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў горада.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі і сістэма атэстацыі навуковых супрацоўнікаў вышэйшай кваліфікацыі і змены, якiя плануюцца ў ёй.

Хацелася б, каб у людзей змянілася ўяўленне пра ВАК як вышэйшы орган кантролю. Сёння неабходна разуменне таго, што работа Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі накіравана на падтрымку і развіццё навуковых школ. Задача ВАК – прааналізаваць адпаведнасць тэматыкі дысертацыйных даследаванняў перспектыўным накірункам навукі і паказаць, што працэдуры, звязаныя з абаронай дысертацый, маюць адкрыты характар, – падкрэсліў Генадзій Уладзіміравіч.

Сярод новаўвядзенняў, якiя плануюцца, – дэлегіраванне большага аб’ёма паўнамоцтваў і адказнасці за навуковую экспертызу дысертацый на ўзровень экспертных саветаў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і саветаў па абароне дысертацый, магчымасці адкрыцця савета на базе дзвюх навуковых арганізацый, прыцягненне вядучых замежных навукоўцаў да працэдуры атэстацыі, аптымізацыя колькасці саветаў па абароне дысертацый.

Неабходна забяспечыць максімальную адкрытасць працэдуры публічнай абароны дысертацыі на ўсіх этапах яе разгледжання. Не выключаецца магчымасць правядзення публічнай абароны ў рэжыме анлайн з мэтай прыцягнення вядучых замежных навукоўцаў да абмеркавання работы, – падзяліўся Генадзій Уладзіміравіч.

Таксама Генадзій Пальчык прапануе вызначыць адзіныя патрабаванні да суіскальнікаў вучоных ступеняў доктара і кандыдата навук незалежна ад галіны навукі, па якой выканана дысертацыя. Тое ж самае будзе тычыцца патрабаванняў да апублікаванасці вынікаў дысертацыйнага даследавання і іх укаранення ў рэальны сектар эканомікі.

Патрабаванні да прысваення вучоных званняў прафесара і дацэнта, па меркаванню старшыні ВАК, таксама неабходна ўніфікаваць незалежна ад месца асноўнай працы суіскальнікаў – навуковай арганізацыі ці ўстановы вышэйшай адукацыі.

Ганна КУЛЬБА

Поделиться

Вам может также понравиться...