Агульнаўніверсітэцкі конкурс прыгажосці і мужнасці, элегантнасці і харызмы, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс і Містар універсітэт – 2018» адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы

Агульнаўніверсітэцкі конкурс прыгажосці і мужнасці, элегантнасці і харызмы, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс і Містар універсітэт – 2018» адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Міс універсітэт стала студэнтка 1 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Вольга Хілюта. Містар універсітэт, а таксама – «Мiстар iнтэрнэт» i «Мiстар глядацкiх сiмпатый» – студэнт 1 курса юрыдычнага факультэта Мікіта Гура. Пра тое, як гэта было, расказалі пераможцы.

Першае пытанне да Міс і Містара, канешне, – пра рашэнне прыняць удзел у конкурсе.

Усё пачалося ў верасні, – падзялілася Вольга. – Да мяне падышла намеснік дэкана майго факультэта і прапанавала прыняць удзел у гэтым конкурсе. А ў снежні сябар, які збіраўся на кастынг, таксама паклікаў мяне з сабой. А чаму не? Я чалавек, які не можа сядзець на месцы, заўсёды шукае новых уражанняў. У выніку я пайшла на кастынг.

Мікіта пра конкурс даведаўся ад культарганізатара аддзелу культурна-масавай і дасугавай дзейнасці Таццяны Штэрмер. А ўдзельнічаць вырашыў дзеля новых сяброў і самаразвіцця.

Падрыхтоўка да конкурсу працягвалася тры з паловай месяцы. Рэпетыцыі – кожны дзень. Аднак Вольга і Мікіта хутка звыкліся з такім насычаным раскладам і з лёгкасцю сумяшчалі вучобу з падрыхтоўкай да конкурсу. У гэты час канкурсантаў падтрымлівалі бацькі і сваякі, сябры, аднагрупнікі і нават аднакласнікі.

І вось настаў той самы дзень: дзевяць харызматычных юнакоў і столькі ж грацыёзных прыгажунь выйшлі на сцэну, гледачы адразу зразумелі, што шоў будзе яркім і незабыўным. Удзельнікі конкурса дэфілявалі ў вечаровых сукенках, праявілі свае таленты ў творчых нумарах, пад час бліц-апытання падзяліліся планамі на будучыню, расказалі пра куміраў, шчасце, прыгажосць па-беларуску і тое, чым дарагі купалаўскі ўніверсітэт.

Любімым нумарам для Вольгі стаў народны танец – дзяўчына займаецца сучаснымі танцамі ў студыі і ёй цікава было асвоіць новы стыль.

З кожным нумарам ёсць асацыяцыі – і з рэпетыцыямі, і з выступленнем. Аднак магу сказаць дакладна, што наш выхад з маленькімі дзяўчынкамі быў для мяне нечым асаблівым. За гэтыя эмоцыі хачу падзякаваць маёй маленькай прыгажуні Амеліі, – адзначыў Мікіта.

Самыя яркія ўражанні ў Вольгі і Мікіты засталіся ад узнагароджвання пераможцаў – у той момант эмоцыі перапоўнілі канцэртную залу. Рэктар універсітэта Ірына Кітурка перад тым, як назваць імёны новых Міс і Містара, падзякавала за гэтае свята ўдзельнікам і арганізатарам, а таксама – бацькам канкурсантаў. Пасля пад бурныя авацыі залы карону і цыліндр атрымалі Вольга Хілюта і Мікіта Гура.

У рамках конкурса журы таксама вызначыла ўладальніцу тытула «Каралева Вясна ГрДУ – 2018». Ёю стала Надзея Марчук, студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі. Дзяўчына прадставіць універсітэт на абласным этапе конкурсу «Каралева Вясна», які праводзіцца пад эгідай БРСМ.

Таксама вызначылі пераможцаў у асобных намінацыях. Так, «Міс фота» стала студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі Дар’я Місавец, а Містарам ў гэтай жа намінаціі – студэнт 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Артур Барташ, які да таго ж атрымаў тытул «Містар лідар». А самай прыязнай удзельніцай стала студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта Бажэна Ярэміч. Перамогу ў намінацыі «Лепшы творчы нумар» атрымаў дуэт студэнта 4 курса філалагічнага факультэта Азіза Шараліева і студэнта 1 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Мікалая Ідаленкава.

Любоў гледачоў і адпаведны тытул заваявалі трэццякурсніца факультэта фізічнай культуры Юлія Муха, «Міс інтэрнэт» стала Надзея Марчук – студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі.

Фіналісты конкурса былі ўзнагароджаны дыпломамі, грашовымі сертыфікатамі ГрДУ імя Янкі Купалы, атрымалі падарункі ад партнёраў мерапрыемства. Аднак галоўным падарункам для ўдзельнікаў назаўсёды застануцца цёплыя ўспаміны пра гэтую важную падзею.

Гэты конкурс аб’яднаў людзей з розных факультэтаў і розных курсаў, – падзялілася Вольга Хілюта. – Ён навучыў прыязнасці, узаемадапамозе, адказнасці за сябе і іншых. Я вельмі радая, што прымала ўдзел у конкурсе і вельмі ўдзячна яго арганізатарам. Яны правялі мерапрыемства на вышэйшым узроўні – так, што хочацца перажыць усё гэта зноў.

Падзяліўся ўражаннямі і Мікіта Гура:

Кожнае мерапрыемства, у якім прымаеш уздел, дае новы штуршок у самаразвіцці і прафесійным станаўленні. А гэты конкурс да таго ж падарыў мне новых сяброў і знаёмых і, што галоўнае, – каханне.

Кацярына КАСЦЮШКА, Марыя ПАНІЧЭВА

Поделиться

Читайте также: