Мікалай Грынько: «Сапраўдны мастацкі твор павінен як мінімум быць творам мастацтва, прыносіць эстэтычную асалоду»

У 2018 годзе па ініцыятыве кафедры рускай філалогіі мы пачынаем новую рубрыку, якая, маем надзею, будзе пастаяннай, – «Чытаем разам». У нашых планах інтэрв’ю з выкладчыкамі, супрацоўнікамі, студэнтамі і аспірантамі ГрДУ імя Янкі Купалы пра кнігі і чытанне ў іх жыцці, прафесійным і асабовым станаўленні, а таксама нататкі пра новыя і старыя книгі, якія варта прачытаць. Адкрывае гэтую рубрыку інтэрв’ю з дырэктарам навуковай бібліятэкі Мікалаем Грынько.

– Мікалай Уладзіміравіч, Ваша прафесійная дзейнасць вельмі цесна звязана з кнігай. Што стала прычынай такого выбару? І як «кніжная прафесія» уплывае на Ваша жыццё?

– Прафесійная дзейнасць звязана з кнігай нават не столькі ў дачыненні да пасады дырэктара бібліятэкі, колькі ў дачыненні да выбару прафесіі – філолаг, выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Напэўна, філолаг – больш «кніжная прафесія». Калі ў 2012 годзе мне прапанавалі ўзначаліць навуковую бібліятэку, то, безумоўна, было сумненне ў тым, ці змагу. Бо, працуючы на кафедры беларускай літаратуры, я цалкам быў паглыблены ў працу выкладчыка, адначасова ўдзельнічаў у складзе двух творчых калектываў Нацыянальнага інстутута адукацыі, заканчваў з калегай чарговы дапаможнік для настаўнікаў беларускай літаратуры. А тут праца адміністрацыйная… Аднак, думаю, усё тая ж «кніжная прафесія», а хутчэй любоў да кнігі – вось што было галоўным у змене працы.

Ці ўплывае спецыфіка працы на жыццё? Безумоўна, так! Калі прафесія, праца не ўплывае на жыццё, то нешта не так ці ў жыцці, ці на працы. І зараз я, як ніхто іншы, мабыць, радуюся, калі бачу новыя стосы літаратуры, як мастацкай, так і вучэбнай, навуковай. Мае камплектатары ўжо ведаюць, што я з радасцю прагартаю ў час абедзеннага перапынку.

– Ці ёсць кніга, якую Вы гатовыя перачытваць пастаянна (узяць на бязлюдны востраў)? Чаму менавіта гэту кнігу?

– Ёсць. І апошні раз я гэтую кнігу прачытаў напрыканцы мінулага года – «Новая зямля» Якуба Коласа. Кожны раз я адкрываю ў гэтым творы беларуса, з яго марамі, памкненнямі, жаданнямі. І ведаеце, мары гэтыя не змяніліся. І актуальнасці твор не страціў – найпершая прыкмета класічнага твора.

Калісьці, гадоў 10 таму, у мяне спыталі пра тры кнігі, якія варта прачытаць кожнаму беларусу, я назваў «Новую зямлю» Якуба Коласа, «Пошукі будучыні» Кузьмы Чорнага і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. І рэйтынг гэты сёння не змяніўся.

– Новы праект навуковай бібліятэкі – «Клуб маладога літаратара». Чым ён будзе карысны маладым аўтарам?

– У нашым універсітэце надзвычай шмат таленавітай моладзі. Хтосьці займаецца навуковай дзейнасцю, іншыя дэманструюць выдатныя поспехі ў спорце, трэція віртуёзна валодаюць музычнымі інструментамі і г.д. А ёсць і тыя, хто адчувае слова па-мастацку і, самае галоўнае, можа па-мастацку выказацца, стварыўшы пэўны вобраз, выкарыстаўшы да месца той ці іншы троп ці фігуру.

Але апошнія, тыя, хто спрабуе свае сілы ў рэчышчы літаратуры, надзвычай сціплыя, зачастую пішуць «у стол», не адважваюцца дэманстраваць сваю творчасць. Таму мэта Клуба маладога літаратара – актывізацыя творчага патэнцыялу маладога пакалення ў рэчышчы літаратурнай творчасці і фарміраванне ўменняў літаратурнай крытыкі. Разам з тым, Клуб маладога літаратара павінен займацца пошукам, падтрымкай і папулярызацыяй маладых аўтараў.

Падчас працы Клуба мяркуем праводзіць практычныя заняткі, майстар-класы, сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі Беларусі і замежжа, а таксама з маладымі творцамі, якія ўжо праявілі сябе, напрыклад, выданнем паэтычных зборнікаў і інш.

На вялікі жаль, сёння пад вокладкай томіка паэзіі і зборніка прозы мы нярэдка можам убачыць з’явы калялітаратурныя, якія знаходзяцца па-за эстэтыкай. А сапраўдны мастацкі твор павінен як мінімум быць творам мастацтва, прыносіць эстэтычную асалоду. Вучыць бачыць эстэтыку ў літаратуры – таксама задача Клуба.

– Якую кнігу, на Ваш погляд, павінен абавязкова прачытаць малады чалавек, які ўступае ў жыццё?

– Ведаеце, найбольшыя каштоўнасці грамадства ў цэлым і кожнай нацыі ў прыватнасці закладзены, адлюстраваны яшчэ ў вуснай народнай творчасці. Таму я перакананы, што беларусу варта пачынаць са зборніка беларускіх народных казак.

Тут працытую словы народнага паэта беларусі Ніла Гілевіча: «Вам, маладым працаўнікам і творцам, // Каб меншыя цярпець няўдачы-страты, // У наш вучоны век я моцна раю:// Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!».

Поделиться

Читайте также: