Агульнаўніверсітэцкі конкурс прыгажосці і мужнасці, элегантнасці і харызмы, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс і Містар універсітэт – 2018» адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы
Агульнаўніверсітэцкі конкурс прыгажосці і мужнасці, элегантнасці і харызмы, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс і Містар універсітэт – 2018» адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Міс універсітэт стала студэнтка 1 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Вольга Хілюта. Містар універсітэт, а таксама – «Мiстар iнтэрнэт» i «Мiстар глядацкiх сiмпатый» – студэнт 1 курса юрыдычнага факультэта Мікіта Гура. Пра тое, як гэта было, расказалі пераможцы.
Першае пытанне да Міс і Містара, канешне, – пра рашэнне прыняць удзел у конкурсе.
– Усё пачалося ў верасні, – падзялілася Вольга. – Да мяне падышла намеснік дэкана майго факультэта і прапанавала прыняць удзел у гэтым конкурсе. А ў снежні сябар, які збіраўся на кастынг, таксама паклікаў мяне з сабой. А чаму не? Я чалавек, які не можа сядзець на месцы, заўсёды шукае новых уражанняў. У выніку я пайшла на кастынг.
Мікіта пра конкурс даведаўся ад культарганізатара аддзелу культурна-масавай і дасугавай дзейнасці Таццяны Штэрмер. А ўдзельнічаць вырашыў дзеля новых сяброў і самаразвіцця.
Падрыхтоўка да конкурсу працягвалася тры з паловай месяцы. Рэпетыцыі – кожны дзень. Аднак Вольга і Мікіта хутка звыкліся з такім насычаным раскладам і з лёгкасцю сумяшчалі вучобу з падрыхтоўкай да конкурсу. У гэты час канкурсантаў падтрымлівалі бацькі і сваякі, сябры, аднагрупнікі і нават аднакласнікі.
І вось настаў той самы дзень: дзевяць харызматычных юнакоў і столькі ж грацыёзных прыгажунь выйшлі на сцэну, гледачы адразу зразумелі, што шоў будзе яркім і незабыўным. Удзельнікі конкурса дэфілявалі ў вечаровых сукенках, праявілі свае таленты ў творчых нумарах, пад час бліц-апытання падзяліліся планамі на будучыню, расказалі пра куміраў, шчасце, прыгажосць па-беларуску і тое, чым дарагі купалаўскі ўніверсітэт.
Любімым нумарам для Вольгі стаў народны танец – дзяўчына займаецца сучаснымі танцамі ў студыі і ёй цікава было асвоіць новы стыль.
– З кожным нумарам ёсць асацыяцыі – і з рэпетыцыямі, і з выступленнем. Аднак магу сказаць дакладна, што наш выхад з маленькімі дзяўчынкамі быў для мяне нечым асаблівым. За гэтыя эмоцыі хачу падзякаваць маёй маленькай прыгажуні Амеліі, – адзначыў Мікіта.
Самыя яркія ўражанні ў Вольгі і Мікіты засталіся ад узнагароджвання пераможцаў – у той момант эмоцыі перапоўнілі канцэртную залу. Рэктар універсітэта Ірына Кітурка перад тым, як назваць імёны новых Міс і Містара, падзякавала за гэтае свята ўдзельнікам і арганізатарам, а таксама – бацькам канкурсантаў. Пасля пад бурныя авацыі залы карону і цыліндр атрымалі Вольга Хілюта і Мікіта Гура.
У рамках конкурса журы таксама вызначыла ўладальніцу тытула «Каралева Вясна ГрДУ – 2018». Ёю стала Надзея Марчук, студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі. Дзяўчына прадставіць універсітэт на абласным этапе конкурсу «Каралева Вясна», які праводзіцца пад эгідай БРСМ.
Таксама вызначылі пераможцаў у асобных намінацыях. Так, «Міс фота» стала студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі Дар’я Місавец, а Містарам ў гэтай жа намінаціі – студэнт 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Артур Барташ, які да таго ж атрымаў тытул «Містар лідар». А самай прыязнай удзельніцай стала студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта Бажэна Ярэміч. Перамогу ў намінацыі «Лепшы творчы нумар» атрымаў дуэт студэнта 4 курса філалагічнага факультэта Азіза Шараліева і студэнта 1 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Мікалая Ідаленкава.
Любоў гледачоў і адпаведны тытул заваявалі трэццякурсніца факультэта фізічнай культуры Юлія Муха, «Міс інтэрнэт» стала Надзея Марчук – студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі.
Фіналісты конкурса былі ўзнагароджаны дыпломамі, грашовымі сертыфікатамі ГрДУ імя Янкі Купалы, атрымалі падарункі ад партнёраў мерапрыемства. Аднак галоўным падарункам для ўдзельнікаў назаўсёды застануцца цёплыя ўспаміны пра гэтую важную падзею.
– Гэты конкурс аб’яднаў людзей з розных факультэтаў і розных курсаў, – падзялілася Вольга Хілюта. – Ён навучыў прыязнасці, узаемадапамозе, адказнасці за сябе і іншых. Я вельмі радая, што прымала ўдзел у конкурсе і вельмі ўдзячна яго арганізатарам. Яны правялі мерапрыемства на вышэйшым узроўні – так, што хочацца перажыць усё гэта зноў.
Падзяліўся ўражаннямі і Мікіта Гура:
– Кожнае мерапрыемства, у якім прымаеш уздел, дае новы штуршок у самаразвіцці і прафесійным станаўленні. А гэты конкурс да таго ж падарыў мне новых сяброў і знаёмых і, што галоўнае, – каханне.
Кацярына КАСЦЮШКА, Марыя ПАНІЧЭВА