Аляксандра Радковіч стала адной з удзельніц дыялогу з Кіраўніком дзяржавы

Аляксандра Радковіч, студэнтка года-2017, стала адной з удзельніц дыялогу з Кіраўніком дзяржавы. Менавіта яна атрымала ў падарунак пёравую ручку ад Прэзідэнта. Сваімі ўражаннямі падзялілася з чытачамі газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.

Аляксандра Радковіч – на першы погляд звычайная дзяўчына, але яе мары і мэты не самыя простыя: з дзяцінства хацела сустрэцца з Прэзідэнтам, стаць грамадскім актывістам і нават працаваць тэлевядучай, пры тым выключна на беларускіх тэлеканалах. І гэта былі не пустыя разважанні. Мэтанакіравана, крок за крокам яна ідзе да іх ажыццяўлення. Спаборнічаць пачала са школьных гадоў і стала пераможцай конкурсу “Студэнт года-2017”, сустрэлася з Прэзідэнтам двойчы, задала яму пытанне і нават атрымала ад яго падарунак на памяць.

– Саша, апішыце, калі ласка, свае пачуцці ад сустрэчы з Прэзідэнтам. На якія пытанні адказ беларускага лідара быў нечаканым ці самым запамінальным для Вас?

– У цэлым пасля сустрэчы засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні. Адказы на ўсе пытанні без выключэння былі патрэбныя і запамінальныя. Мы задавалі тыя пытанні, якія нас, студэнтаў, найбольш хвалявалі, і атрымалі канкрэтныя адказы. Прыемна ўразіла тое, што атмасфера, якая панавала ў залі, не была напружанай. А яшчэ рэктар Ірына Фёдараўна Кітурка нас вельмі падтрымлівала сваёй усмешкай і моцнай энергетыкай. Аляксандр Рыгоравіч быў з намі вельмі адкрыты, таму задаваць яму пытанні, слухаць яго – адно задавальненне. А нечаканым быў адказ на маё пытанне, ці можа быць сяброўства ў палітыцы. Я спадзявалася, што гэтыя паняцці могуць ісці разам, а на погляд Аляксандра Рыгоравіча, не.

– Якія заслугі трэба было мець, каб трапіць на такую сустрэчу?

– Для таго, каб трапіць на сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы, лічу, што асабіста мне трэба было прыкласці пэўныя намаганні: стаць актывістам, добра вучыцца і перамагчы ў конкурсе “Студэнт года-2017”. У цэлым, важна быць актыўным, мэтанакіраваным і паспяховым.

– Якая рэакцыя была ў Вашых знаёмых, сяброў, родных ад таго, што Вы мелі магчымасць сустрэцца з лідарам краіны, задаць яму пытанне, уручыць падарунак і нават атрымаць на памяць ручку ад Прэзідэнта?

– Мае бацькі і блізкія людзі заўсёды мяне падтрымліваюць і ганарацца мною, а таксама натхняюць на самыя лепшыя ўчынкі і справы. Яны былі прыемна ўражаны такою навіною. Адразу пасля заканчэння мерапрыемства ўсе мне тэлефанавалі, віншавалі, жадалі і надалей поспехаў. А мая матуля па тэлефоне сказала, што я самая лепшая дачка. Мне было вельмі прыемна гэта чуць. Мае бацькі заўсёды мне кажуць, каб я ніколі не спынялася на дасягнутым. І, напэўна, гэтыя словы натхняюць мяне тады, калі хочацца скласці рукі і адкінуць усе справы. Сябры таксама мною ганарацца. Але, трэба адзначыць, што радасць і поспех раздзяліць можа не кожны, напрыклад, перамога ў конкурсе “Студэнт года” мне дапамагла ўбачыць, хто мой сапраўдны сябар, а хто не.

– Ці марылі Вы калі-небудзь сустрэцца ўжывую з Кіраўніком дзяржавы?

– Так. Шчыра прызнаюся, гэта мара з’явілася ў дзяцінстве. І першая магчымасць у мяне была ў мінулым годзе на Рэспубліканскім навагоднім балі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. А гэтае мерапрыемства стала другой сустрэчай.

– Ці адчулі розніцу паміж Прэзідэнтам з экрана і Прэзідэнтам у рэальнасці?

– Ведаеце, розніца ёсць. Самае галоўнае адрозненне ў атмасферы, якая пануе ў момант сустрэчы. Праз тэлебачанне не адчуеш энергетыку чалавека.

– Як Вы лічыце, наколькі гэты дыялог памяняў Вас? Магчыма, нарадзіліся новыя думкі, змяніўся погляд на нейкія рэчы?

– Прэзідэнт раіў моладзі не спяшацца. І гэта нарадзіла думку часцей спыняцца, а перад тым, як прыняць рашэнне, добра ўзважыць яго, некалькі разоў абдумаць.

– Наколькі лёгка ці цяжка псіхалагічна было прысутнічаць з Прэзідэнтам за адным сталом? Ці было хваляванне? А задаваць пытанне? А ўручаць падарунак?

– Спачатку, калі я даведалася, што буду прысутнічаць на гэтай сустрэчы, вельмі здзівілася і расхвалявалася, а пасля, паразважаўшы, узрадавалася, што менавіта я буду на гэтай сустрэчы. Падчас размовы з Кіраўніком дзяржавы прыходзілі думкі, каб гэты дыялог не заканчваўся, бо побач з Аляксандрам Рыгоравічам знаходзіцца было вельмі камфортна: ён адкрыты і шчыры. Уручаць падарунак было для мяне ганарова, я адчула на сабе ўсю ўрачыстасць гэтага моманту.

– Ці накладвае на Вас якуюнебудзь адказнасць сустрэча з Прэзідэнтам?

– Так. Я ў ліку тых студэнтаў, на якіх будуць глядзець і з якіх будзе браць прыклад моладзь. На нас будуць раўняцца, у нас будуць цікавіцца сустрэчай. Таму трэба сябе паводзіць так, каб сапраўды быць дастойным прыкладам. Усе павінны зразумець: сустрэча з Прэзідэнтам гэта не выпадковасць, а руплівая праца. Хочацца запальваць іншых студэнтаў быць актыўнымі, працавітымі, энергічнымі.

– Вашы планы на будучыню? Ці памяняліся яны пасля сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы?

– У будучым, пасля заканчэння ўніверсітэта, хачу быць тэлевядучай і абавязкова прафесіяналам сваёй справы: валодаць матэрыялам і ўкладваць усю душу ў працу, якой буду займацца. Мне хочацца, каб мяне чулі, я хачу данесці рэчы, якія людзі, магчыма, не заўважаюць, а яны знаходзяцца побач, вакол нас.

– Аб чым думаеце больш за ўсё пасля сустрэчы з лідарам краіны?

– Я яшчэ раз упэўнілася ў тым, што каб дасягнуць чагосьці вялікага, трэба прыкласці немалыя намаганні. Больш стала думаць пра тое, каб стаць прафесіяналам у сваёй справе.

Што будзе рабіць з каштоўным падарункам ад Кіраўніка дзяржавы, Аляксандра пакуль трымае ў сакрэце. Але абяцае, у бліжэйшы час гэта стане агульнавядома. Будзем спадзявацца, што пёравая ручка Прэзідэнта стане талісманам не толькі Сашы Радковіч, але і ўсяго студэнцтва Гродзеншчыны.

Таццяна СУШКО

Поделиться

Вам может также понравиться...