Ў Купалаўскім універсітэце абралі студэнта года

Па выніках конкурсу ўладальніцай ганаровага тытула стала студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка. Дзяўчына прадставіла ГрДУ імя Янкі Купалы на рэгіянальным этапе «Студэнт года – 2018».

Пад бурныя авацыі вядучыя – да слова, Містар універсітэт – 2018 Мікіта Гура і Студэнтка года – 2017 Аляксандра Радковіч – прадставілі канкурсантаў. У гэтым годзе ўдзельнікамі сталі студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Платава, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Віялета Календовіч, студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Уладзімір Гангала і Наталля Васілюк, студэнтка факультэта псіхалогіі Вікторыя Хомчык, студэнткі юрыдычнага факультэта Бажэна Ярэміч і Ірына Кулініч, студэнтка інжынерна-будаўнічага факультэта Дар’я Раманоўская, студэнтка педагагічнага факультэта Люцына Занеўская, студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, вітаючы прысутных, адзначыла святочную атмасферу мерапрыемства.

Праз некалькі гадзін стане вядома імя таго, хто сёння атрымае тытул “Студэнт года – 2018”. Я свядома некажу лепшы студэнт, таму што пераканана – усе студэнты, якія вучацца ў ГрДУ імя Янкі Купалы, – лепшыя. Са сваімі якасцямі, непаўторнымі рысамі, жаданнем да імправізацыі.

Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што кожны з тых, хто сёння стаіць на гэтай сцэне ўжо стаў пераможцам.

Сёння тыя, хто выйшаў на гэтую сцэну перамаглі сябе. Я хачу пажадаць канкурсантам паказаць усе свае здольнасці і каб поспех быў з вамі, а усім нам добрага вечара і настрою.

Нагадаем, што конкурс праводзіўся ў два этапы. У межах завочнага тура студэнты дэманстравалі свае партфоліа ў конкурсе “Мой мір” і праекты ў конкурсе “Моладзевая ініцыятыва”, а таксама відэаролікі “Я – студэнт”, лепшы з якіх быў прадэманстраваны гледачам.

Першым выпрабаваннем фінала стаў конкурс “Візітоўка”, у межах якога студэнты ў творчай форме прадэманстравалі свае захапленні і дасягнянні як у творчай, так і навуковай, прафесійнай сферах.Канкурсанты спявалі песні, чыталі вершы і танцавалі, расказвалі пра сваё дзяцінства і школьныя гады.

Пад час другога выпрабавання ўдзельнікі дзяліліся сваімі думкамі на тэму развіцця навукі ў сучасным свеце, яе дасягненняў, а некаторыя нават дэманстравалі іх на сцэне. Напрыклад, Віялета Календовіч пафантазіравала на тэму будучага і здзівіла ўсіх дронам, які суправаджаў дзяўчыну на працягу яе чуллівага маналога. Заключным стаў творчы конкурс, у якім студэнты далі волю фантазіі і прадэманстравалі захапляльныя крэатыўныя выступленні. Бажэна Ярэміч раскрыла свой паэтычны і кулінарны таленты: дзяўчына прачытала свае вершы, прысвечаныя Беларусі, а потым пачаставала гледачоў і членаў журы сапраўднымі беларускімі дранікамі. Сучасную інтэрпрэтацыю папулярнай песні “Колер настрою сіні” на тэму студэнцкага жыцця і танцавальны нумар выканала Вікторыя Хомчык, а Дар’я Раманоўская прадэманстравала сапраўдны тэатральны нумар з жывой музыкай і незвычайным спалучэннем беларускіх народных касцюмаў і танга.

Трэба адзначыць, што тэма беларускай культуры адлюстроўвалася амаль у кожным нумары выступоўцаў. Канкурсанты выкарыстоўвалі мілагучную беларускую мову, дэманстравалі нацыянальныя строі і танцавалі народныя танцы.

І вось – кульмінацыя святочнага вечара: таемны канверт з імёнамі пераможцаў у руках рэктара, якая пэўны час трымае залю ў інтрыгуючым напружанні.

Эмоцыі ў гэтай залі сёння зашкальваюць. Я хачу сказаць вялікі дзякуй канкурсантам і групам падтрымкі! Сённяшні конкурс быў пранізаны патрыятызмам, любоўю да сваёй радзімы, – адзначыла Ірына Кітурка. –Я – шчаслівы рэктар, таму што ёсць такія студэнты, як вы! – дадала Ірына Фёдараўна.

Па выніках усіх конкурсных этапаў былі названы пераможцы і прызёры “Студэнта года – 2018”. Пераможцам конкурсу стала студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка. Дыпломам II ступені ўзнагароджана студэнтка юрыдычнага факультэта Ірына Кулініч, якая таксама запісала цікавую замалёўку пра сваё студэнцкае жыццё і перамагла ў намінацыі “Лепшы відэаролік”. На трэцім месцы – студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Віялета Календовіч.

Адзначым, што ў гэтым годзе асабліва актыўна праявілі сябе групы падтрымкі, якія заўзелі за сваіх сяброў: студэнты розных факультэтаў на працягу ўсяго вечара энергічна скандзіравалі дывізы і вершы ў гонар канкурсантаў, таму члены журы не змаглі абраць адну групу-пераможцу. Так, першынство ў гэтым конкурсе падзялілі каманды факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, інжынерна-будаўнічага і юрыдычнага факультэтаў.

Акрамя пераможцаў таксама былі названы ўладальнікі спецыяльных намінацый. Дыпломам у намінацыі “Студэнцкая садружнасць” была ўзнагароджана Наталля Васілюк, лепшае партфоліа прадставіла Паліна Платава, у намінацыі “За захаванне факультэцкіх традыцый” перамагла Люцына Занеўская, у катэгорыі “Аратарскае мастацтва” першай стала Дар’я Салей, Вікторыя Хомчык перамаглаў намінацыі “Рабі дабро”, Уладзімір Гангала ўзнагароджаны дыпломам за “Імкненне да адзінства”, лепшую візітоўку падрыхтавала Дар’я Раманоўская, за выкананне чуллівых уласных вершаў намінацыяй “Майстар паэтычнага слова” ўзнагароджана Бажэна Ярэміч, студэнтам-вучоным года стала Паліна Платава, а аўтарам лепшага праекта названа Дар’я Раманоўская.

Па выніках універсітэцкага конкурсу Паліна Бубешка прадставіла ГрДУ імя Янкі Купалы на рэгіянальным этапе 9 кастрычніка ў молодзевым цэнтры “Галактыка”. Удзельнікамі змагання таксама сталі прадстаўнікі гродзенскіх універсітэтаў: студэнт ГрДМУ Антон Лемеш і студэнтка ГДАУ Іна Мілеўская.

Першым конкурсам стала візітоўкай пад назвай “Будзем знаёмыя”. Паліна Бубешка распавяла ўсім пра свае дасягненні і прызналася ў любові да Беларусі, якая, як адзначыла дзяўчына, перапаўняе яе сэрца. Падчас конкурсу аратарскага майстэрства прадстаўніца ГрДУ імя Янкі Купалы ўразіла ўсіх сваёй харызмай і ўменнем трымацца на сцэне. У рамках інтэлектуальнага конкурсу прадстаўнікі універсітэтаў праяўлялі свой творчы падыход да вырашэння праблемы. Паліна распавяла ўсім, што на бязлюдны востраў яна б узяла кемлівасць, знаходлівасць і каманду сваіх сяброў, чым выклікала бурныя авацыі гледачоў.

Завяршальным стаў творчы конкурс “Мая малая радзіма”, у якім Паліна Бубешка ўразіла журы і гледачоў звонкім голасам і артыстызмам.

Акрамя асноўных конкурсаў таксама была вызначана лепшая група падтрымкі, якой стала каманда купалаўскага ўніверсітэта. На працягу ўсяго конкурсу студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы выконвалі прыпеўкі і “крычалкі” пад акардэон ў гонар Паліны, бурна апладзіравалі і падтрымлівалі дзяўчыну.

Марыя ПАНІЧАВА

Поделиться

Вам может также понравиться...