Бібліяноч. ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо ў другі раз адкрыў свае дзверы для аматараў культурнага адпачынку

Звычайна бібліятэкі наведваюць толькі ўдзень, а працуюць там ціха, імкнучыся не ствараць лішняга шуму, каб не перашкаджаць іншым. Але бываюць моманты, калі бібліятэкі перастаюць выконваць толькі функцыю сховішча карыснай інфармацыі, збіраючы ўсіх ахвотных для таго, каб тыя адпачылі і пры гэтым духоўна ўзбагаціліся.

«Бібліяноч» – гэта штогадовая акцыя ў падтрымку чытання, якая праходзіць у красавіку ў розных краінах свету. У гэтую ноч бібліятэкі, кніжныя крамы, літаратурныя музеі і арт-пляцоўкі пашыраюць час і фармат сваёй працы.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы не застаўся ўбаку і ўжо ў другі раз адкрыў свае дзверы для аматараў культурнага адпачынку.

Бібліяноч – гэта не толькі акцыя ў падтрымку чытання, але і добрая магчымасць для спецыялізаваных бібліятэк прадэманстраваць паслугі не толькі сваім карыстальнікам, у нашым выпадку гэта студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі, але і шырокай грамадскасці, гораду, – адзначыў дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько. – У гэты раз мерапрыемства прысвечана 210-годдзю з дня нараджэння М. В. Гогаля і адрозніваецца ад мінулага тым, што мы пашыраем фармат і выходзім за межы ўніверсітэта: павялічваем аўдыторыю, не абмяжоўваючыся толькі студэнцкай моладдзю, а будзем рады бачыць абсалютна ўсіх. Таксама мы павялічваем колькасць запрошаных гасцей, якія правядуць майстар-класы: будуць не толькі супрацоўнікі і студэнты нашага ўніверсітэта, але і навучэнцы каледжа мастацтваў, гуманітарнага каледжа, вучні школы мастацтваў, тэатральныя дзеячы і проста творчыя людзі, якія жадаюць падзяліцца сваімі талентамі.

У гэтым годзе гасцей чакаў шэраг прыемных сюрпрызаў і вялікая колькасць пляцовак рознай тэматыкі: настольныя інтэлектуальныя гульні (шашкі, шахматы, даміно, лато, рэбусы і інш.), выстава дзіцячай кнігі «Нет значимей для нас чудес – Христос воистину воскрес!», буккросінг «Забяры мяне з сабой!», экскурсія па бібліятэцы «Падарожжа ў свет кнігі», дзіцячая пляцоўка «Велікодная майстэрня», на якой дзеці і дарослыя паспрабавалі рабіць арыгамі, сувеніры да Вялікадня, а таксама маляваць казачных герояў пад кіраўніцтвам навучэнцаў каледжа мастацтваў, – і гэта далёка не поўны спіс таго, што адбывалася ў аўдыторыях на першым паверсе галоўнага корпуса ўвечары ў сераду.

Увагу самых маленькіх гасцей мерапрыемства прыцягнула арт-пляцоўка «Сустрэча з лялькай», у межах якой актрыса Гродзенскага абласнога тэатра лялек прадэманстравала і распавяла дзецям пра сістэму лялек, пра тое, якім чынам іх прыводзяць у дзеянне. У чарзе сталі госці мерапрыемства, якія хацелі не толькі навучыцца новаму майстэрству, але і праявіць свае творчыя здольнасці на «Сарачанскім кірмашы» – зоне з майстар-класамі па вырабе велікодных паштовак, карункаў, шыццю з фетру, сухім валянні, маляванні пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў бібліятэкі, выкладчыкаў універсітэта, навучэнцаў каледжа мастацтваў і запрошаных гасцей.

Народны майстар Вольга Сідлярэвіч у межах «Бібліяночы» не толькі прадэманстравала вынікі сваёй 15-гадовай працы – лялек, якія ратуюць ад хвароб, выконваюць жаданні і нават могуць спыняць час, але яшчэ прэзентавала сваю кнігу пра беларускія абрадавыя лялькі пад назвай «Поверьте куколке».

Рамяство – гэта лад жыцця. У нас няма выходных: калі ўсе адпачываюць, мы працуем, а калі ўсе працуюць, мы можам дазволіць даць сабе адгул. Аднак жа галава заўсёды поўная ідэй і хочацца рэалізаваць іх як мага хутчэй. Мы не проста робім і прадаём, а жывём у гэтым і ведаем, што славянскія абрадавыя лялькі сапраўды дапамагаюць. Калі ты робіш лялечку, ты вызваляеш сваю галаву, распавядаеш ёй усе свае сакрэты, трывогі і пры гэтым можаш быць абсалютна ўпэўнены, што ніхто пра твае скарбы не даведаецца, – распавядае Вольга Пятроўна.

Пакуль маленькія дзеткі знаёміліся з героямі дзіцячых кніг, малявалі і танцавалі, аматары паспаборнічаць прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні «Гогаль-могаль». За перамогу змагаліся 4 каманды. Каманда-пераможца атрымала памятныя і салодкія падарункі ад прафкама студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Асаблівую цікавасць выклікала пляцоўка «Жывая кніга», дзе было прадстаўлена выданне «Сквозь пожары мировых войн: путеводитель с I-го по V-й форт Гродненской крепости» гісторыкаў Дзмітрыя Люціка і Аляксандра Семянчука. Яны расказалі аб самых знакамітых фартах крэпасці Гродна. Пытанні ваеннай гісторыі выклікалі зацікаўленасць у прысутных, вёўся актыўны дыялог з аўтарамі.

У захапленні ад мерапрыемства засталіся як дзеці, так і дарослыя. Яны выказалі падзяку супрацоўнікам навуковай бібліятэкі за арганізацыю «Бібліяночы» і адзначылі важнасць і карысць падобных мерапрыемстваў, якія дазваляюць не толькі адпачыць душой, раскрыць свае схаваныя творчыя таленты, але і далучыцца да літаратуры.

Ганна БОТВІНКА, студэнтка 4 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма

Поделиться

Вам может также понравиться...