Іосіф Мікалаевіч Малюкевіч — яркі прадстаўнік пасляваеннай беларускай інтэлігенцыі

Колькі б часу ні прайшло з той жудаснай пары – Вялікай Айчыннай вайны – подзвігі і героі яе назаўсёды застануцца ў свядомасці і генетычнай памяці нашага народа. Бадай, кожная сям’я мае сваіх герояў: тых, хто стаў удзельнікам крывапралітных баёў, адваёўваючы свабоду і мірнае жыццё. Купалаўская сям’я таксама мае сваіх герояў. Адзін з іх – Іосіф Мікалаевіч МАЛЮКЕВІЧ – дырэктар Гродзенскага педагагічнага інстытута з 1949 па 1955 гады. Дакументы, якія захоўваюцца ў Музеі гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, успаміны сведкаў і сваякоў намалявалі партрэт мужнага сына сваёй зямлі і яркага прадстаўніка пасляваеннай беларускай інтэлігенцыі.

Іосіф Малюкевіч

З БІЯГРАФІІ

Нарадзіўся Іосіф Малюкевіч у 1909 годзе ў вёсцы Осава Копыльскага раёна Бабруйскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы-сямігодкі юнак паступіў вучыцца на двухгадовыя педагагічныя курсы ў Мінск. Затым працаваў настаўнікам пачатковай школы, інспектарам раённага аддзела народнай адукацыі, загадчыкам раённага фінансавага аддзела, адказным сакратаром раённай газеты. З 1931 па 1934 год служыў у Чырвонай Арміі, дзе паспяхова прайшоў падрыхтоўку на курсах камандзіраў узводу. А пасля дэмабілізацыі паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прага ведаў прывяла яго пасля заканчэння ўніверсітэта ў аспірантуру. Займаючыся навуковай працай, ён адначасова выкладаў гісторыю ў БДУ.

А ЗАТЫМ ПАЧАЛАСЯ ВАЙНА

У самы складаны для Радзімы час Іосіф Малюкевіч стаў на яе абарону. У ліпені 1941 года ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Уся яго ваенная біяграфія звязана з гісторыяй 312-й Смаленскай Чырвоназнаменнай стралковай дывізіяй і 1083-м Пазнанскім стралковым полкам, які ўваходзіў у яе склад. Іосіф Малюкевіч быў камандзірам узводу, а пасля камандзірам роты 1083-га палка.

Баявое хрышчэнне дывізія атрымала восенню 1941 года пад Масквой. За два тыдні барацьбы з нямецка-фашысцкім захопнікам 312-я дывізія з дваццаці тысяч чалавек страціла больш за дзесяць тысяч. Іосіф Малюкевіч выжыў. Пасля перафарміравання дывізія прадоўжыла свой шлях баявой славы спачатку на Калінінградскім, а пасля на Смаленскім накірунках. У гэты час Іосіф Мікалаевіч, начальнік штаба 1083-га палка, паводле запісу ва ўзнагародным лісце, “пры фарсіраванні Дняпра ў надзвычай складаных умовах забяспечыў дакладнае і бесперапыннае кіраўніцтва батальёнамі, надзейную сувязь з імі. Падчас бою праявіў стойкасць, ініцыятыву і ўмельства, за што і атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду – ордэн “Суворава” 3-й ступені”.

У баях за вызваленне Савецкай Украіны старшыня штаба палка Іосіф Малюкевіч быў узнагароджаны ордэнам “Кутузава” 3-й ступені і ордэнам “Чырвоны Сцяг”. У дакуменце, які адносіцца да апошняй узнагароды, напісана, што “ў перыяд прарыва моцнай абароны праціўніка на вышыні 204 у Валынскай вобласці маёр Малюкевіч выдатна арганізаваў працу штаба, чым забяспечыў паспяховае выкананне баявой задачы палка. Добра была арганізавана сувязь з падраздзяленнямі палка і штабам дывізіі, бесперапыннае забеспячэнне перадавых падраздзяленняў боепрыпасамі, прадуктамі харчавання і эвакуацыя раненых…”.

За ўзорнае выкананне баявых задач пры барацьбе з фашыстамі на польскай зямлі камандаванне 69-й арміі 1-га Беларускага фронту ўзнагародзіла падпалкоўніка Малюкевіча двума ардэнамі “Айчыннай вайны” 1-й ступені. Ва ўзнагародным лісце ад 6 верасня 1944 года камандзір палка даў высокую ацэнку арганізаванай Іосіфам Малюкевічам працы: “у наступаючых баях па расшырэнні плацдарма на левым беразе ракі Вісла падпалкоўнік Малюкевіч добра арганізаваў працу штаба і, кіруючы падраздзяленнямі, граматна і правільна размеркаваў сілы палка… ”. За гэта ён быў узнагароджаны ордэнам “Чырвоная Зорка”.

Падчас штурму фашысцкага логава Берліна Іосіф Мікалаевіч атрымаў цяжкае раненне. А ў кастрычніку 1945 пасля лячэння ў адным са шпіталяў пад Берлінам падпалкоўнік Малюкевіч быў звольнены ў запас.

ПАСЛЯВАЕННАЕ ЖЫЦЦЕ

Паводле ўспамінаў малодшай дачкі Алены, на вайне Іосіф Малюкевіч пазнаёміўся з будучай жонкай:

Мама была малодшай за тату на 15 год, пайшла на вайну адразу пасля школы. Калі вайна скончылася, ён паехаў за ёю ў Барнаул. Мама расказвала: пасля вайны мужчын было вельмі мала, а тут за ёю, дзяўчынкай, падпалкоўнік прыехаў у вайсковай форме з ардэнамі. Яны ажаніліся.

Іосіфу Мікалаевічу была прапанавана праца памочніка загадчыка 1-га аддзела Міністэрства замежных спраў БССР. Акрамя таго, пасада выкладчыка ў БДУ. А ў сакавіку 1948 года ён быў накіраваны на курсы дысертантаў у Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) у Маскву. Праз год адбылася і абарона дысертацыі на тэму “Барацьба польскага народа за свабоду і нацыянальную незалежнасць (1941- 1944 гг.)”, а таксама прысваенне Іосіфу Малюкевічу навуковай ступені кандыдата гістарычных навук. У 1949 годзе ён быў прызначаны на пасаду дырэктара Гродзенскага педагагічнага інстытута.

НА СЛАВУ ГРОДЗЕНСКАМУ ПЕДІНСТЫТУТУ

Гэты час успамінае Алена Іосіфаўна, дачка Іосіфа Малюкевіча:

Жылі мы ў інстытуце, у старым будынку. Мэблю зрабілі інстытуцкія сталяры. Да сённяшняга часу захаваўся пісьмовы стол, прыгожы, дабротны. Затым нас пасялілі ў драўляным аднапавярховым доме па вуліцы Акадэмічнай. Там было чатыры пакоі, у таты – свой рабочы кабінет, дзе ён увесь час нешта пісаў. Дома была вялізная бібліятэка: поўны збор твораў Леніна, Сталіна, творы Горкага, Лермантава, Пушкіна. Прачытаўшы верш, пад якім не было аўтара, мог адразу сказаць: гэта Сяргей Ясенін, а гэта Казьма Пруткоў… Надзіва, ён, камуніст, ведаў вельмі многа малітваў: быў усебакова развіты чалавек.

За гады яго працы на пасадзе рэктара павялічылася колькасць выкладчыкаў і кандыдатаў навук. А вынікі навукова-даследчай працы сталі друкавацца ў “Учёных записках Гродненского пединститута”. Па ініцыятыве Іосіфа Мікалаевіча сталі праводзіцца навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам сталічных вучоных, метадыстаў аддзела адукацыі і настаўнікаў-наватараў. Значна павысіўся ўзровень вучэбна-выхаваўчай працы са студэнтамі, палепшыўся мікраклімат у калектыве. Акрамя таго, з 1954 года ў Гродзенскім педінстытуце пачаўся набор студэнтаў на гістарычны факультэт. У гэтым жа годзе за бездакорную працу ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі дырэктар, кандыдат гістарычных навук Іосіф Малюкевіч быў узнагароджаны Прэзідыумам Вярхоўнай Рады СССР медалём “За працоўную доблесць”.

Як выкладчыка гісторыі БССР яго памятаюць колішнія студэнты гістарычнага факультэта, а цяпер прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы Валерый Чарапіца і старшыня іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Гродна, гісторык Барыс Квяткоўскі.

Да нас, студэнтаў, Іосіф Мікалаевіч адносіўся аднолькава, нікога не выдзяляў. Па характары ён вельмі спакойны, інтэлігентны, чым выклікаў сімпатыю сярод студэнтаў. Я бачыў у ім прадстаўніка квінтэсенцыі беларускай інтэлігенцыі, чысцейшага беларуса, які так многа дасягнуў. Мы ведалі, што пасля вайны ён працаваў ва Урадзе БССР, а гэта дорага каштуе, – адзначыў Барыс Максавіч.

Суразмоўца падзяліўся эпізодам з біяграфіі Іосіфа Малюкевіча:

Пасля вайны зуброў засталося зусім мала, і ўсе яны знаходзіліся ў Белавежскай пушчы на польскай тэрыторыі. У склад камісіі па фарміраванні зубрапрыёмніка Беларусі ўваходзіў і Іосіф Мікалаевіч Малюкевіч. Паводле яго ўспамінаў, з Польшы тады прывезлі дзве каровы, быка і цялё-зубраня, якія сталі родапачынальнікамі зубрынай папуляцыі ў беларускай частцы Пушчы.

Пра гэты факт узгадала і дачка Іосіфа Мікалаевіча:

Тата любіў расказваць, як ён зуброў дзяліў паміж Польшчай і Беларуссю. А яшчэ ён вельмі хораша спяваў. Яго любімай песняй была “Зорка Венера ўзышла над зямлёю” на верш Максіма Багдановіча. Часта яны спявалі разам з беларускім паэтам Анатолем Астрэйкам, які быў сябрам таты і нярэдка прыязджаў да нас у госці.

Атрымаўшы на вайне раненне калена, па ўспамінах дачкі, Іосіф Мікалаевіч шмат лячыўся ў саюзных здраўніцах і да канца свайго жыцця не пакідаў інстытут.

Памятаю той сумны дзень. Я ўжо вучылася на першым курсе гістарычнага факультэта Гродзенскага педінстытута. Тата ляжаў у шпіталі. Я думала, вось схаджу ў кіно і затым адведаю тату. Прыходжу – а мне кажуць, што таты больш няма. Як няма? Я ніколі не думала, што тата можа памерці. Я добра памятала яго словы. Казаў, Лену вывучым, і тады ўжо пайду на пенсію. Не дачакаўся пенсіі, а яму, між іншым, быў усяго 61 год, – падзялілася Алена Іосіфаўна.

Сёння партрэты Іосіфа Мікалаевіча Малюкевіча ўпрыгожваюць сцяну ў галерэі купалаўскага ўніверсітэта і Дошку гонару “Работники университета – ветераны Великой Отечественной войны”. Яго жыццё мае цудоўны працяг праз яго любімую дачку Алену, унукаў і праўнукаў, а таксама праз студэнтаў. А Белавежская пушча ўжо налічвае амаль паўтысячы зуброў.

Таццяна СУШКО

Фота з асабістага архіва сям’і. З выкарыстаннем матэрыялаў прафесара Валерыя Чарапіцы.

Поделиться

Читайте также: