Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава” прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы

Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава”, якая праходзіла на працягу двух дзён, 12 і 13 снежня, аб’яднала беларускіх і замежных гісторыкаў, сацыёлагаў, палітолагаў, філолагаў і філосафаў з шасці краін свету.

У пленарным пасяджэнні, якое адкрыла форум, прынялі ўдзел рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя, а таксама дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч.

Для нас вялікі гонар прымаць сёння такі прадстаўнічы навуковы форум, – адзначыла ў сваім прывітальным слове Ірына Кітурка. – На канферэнцыю да нас прыехалі больш за 160 чалавек з 6 розных краін свету. Акрамя беларускіх, тут прысутнічаюць вучоныя з Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і нават Узбекістана. Ад- метна, што разважаць пра гісторыю нашай Бацькаўшчыны сабраліся не толькі гісторыкі, але і сацыёлагі, палітолагі, філолагі і філосафы. Маю вялікую надзею, што наша мерапрыемства акрэсліць новыя цікавыя тэмы, накірункі даследаванняў і дазволіць нам абмяняцца нашымі здабыткамі.

Сярод тэм, якія абмяркоўваліся ў межах навуковага форуму, – палітычная гісторыя, войны і рэвалюцыі ў лёсах беларусаў і народаў Еўропы, эканамічная мадэрнізацыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскіх працэсаў, культура Беларусі як частка Еўрапейскай культурнай цывілізацыі. Таксама ўдзельнікі канферэнцыі вялі размову пра канфесіянальную гісторыю Беларусі ў еўрапейскім дыскурсе, разважалі пра фактар Беларусі ў глабалізацыі і рэгіяналізацыі як сацыяльных трэндах і дыскутавалі аб ролі Беларусі ў прасторы еўрапейскай міжкультурнай камунікацыі.

Гэтая канферэнцыя – удалая магчымасць для беларускіх навукоўцаў і нашых замежных калег падзяліцца сваімі навуковымі здабыткамі, – расказаў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя. – Трэба сказаць, што беларускія гісторыкі вельмі плённа працуюць на працягу апошніх гадоў. Мы штогод рыхтуем прыкладна 130 кніжных выданняў. Гэта тая аснова, на якой грунтуецца і развіваецца вучэбна-выхаваўчы працэс у вышэйшых навучальных установах. Да прыкладу, нядаўна мы выдалі такую сур’ёзную фундаментальную працу, як “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Акрамя таго, мы надрукавалі 37-томны гістарычны слоўнік, які зараз вылучаны на дзяржаўную прэмію. Вучоныя працавалі над яго стварэннем каля 50 гадоў.

Падрыхтоўкай выданняў сталічныя навукоўцы займаюцца разам з калегамі з рэгіёнаў. Трывалае супрацоўніцтва з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі наладжана і ў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У ГрДУ імя Янкі Купалы высокакваліфікаваныя кадры займаюцца даследаваннем розных перыядаў гісторыі Беларусі. І мы можам сумеснымі намаганнямі рэалізоўваць розныя праекты. Поле для супрацоўніцтва вельмі шырокае, – расказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. – Дамова аб супрацоўніцтве паміж установамі, якую мы падпісалі, напаўняецца канкрэтнымі справамі. Яскравы прыклад – сённяшні навуковы форум, які праходзіць на базе ГрДУ імя Янкі Купалы пры ўдзеле Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Акрамя таго, мы рыхтуем кадры вышэйшай кваліфікацыі для Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў нашай аспірантуры, дактарантуры, супрацоўнічаем з нашымі калегамі-гісторыкамі пры падрыхтоўцы навучальнай літаратуры для сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Работа канферэнцыі прадоўжылася ў межах пасяджэння секцый. Прадстаўленыя падчас форуму вынікі навуковых даследаванняў плануецца апублікаваць у зборніку навуковых артыкулаў з уключэннем у базу дадзеных РІНЦ. Вынікі канферэнцыі былі падведзены 13 снежня. У гэты самы дзень адбылася прэзентацыя гістарычных выданняў у бібліятэцы ўніверсітэта.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Навуковы форум прымеркаваны да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы і 65-годдзя гістарычнай навукі ў Купалаўскім універсітэце.

Таццяна БАРАНОЎСКАЯ

Поделиться

Вам может также понравиться...