Газета “Гродзенскі ўніверсітэт” – пераможца XVI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Літара”

Галоўная інтрыга штогадовых спаборніцтваў паміж друкаванымі СМІ Беларусі вырашылася ўчора, 6 мая. Названы імёны пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу. Сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ штомесячная карпаратыўная газета Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стала пераможцай у намінацыі “Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі” па выніках працы ў 2019 годзе.

Сёлета на конкурс было пададзена 400 заявак перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій. З іх 269 – рэгіянальных СМІ ад 81 рэдакцыі, 108 заявак рэспубліканскіх СМІ ад 31 рэдакцыі, карпаратыўных – 23. Прыемна, што журы адзначыла не толькі актыўнасць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і сеткавых выданняў, але і высокі ўзровень прадстаўленых работ.

Газета “Гродзенскі ўніверсітэт” упэўнена канкурыруе з раённымі, гарадскімі, карпаратыўнымі і шматтыражнымі друкаванымі СМІ – упершыню ўзнагароду ў той жа намінацыі яна атрымала ў 2017 годзе.

Нацыянальны конкурс друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Літара”, арганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, садзейнічае развіццю друкаваных СМІ Беларусі, актуалізуе значныя тэматычныя накірункі іх дзейнасці па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, садзейнічае павышэнню прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню газет, стымулюе творчую дзейнасць журналістаў і іншых творчых супрацоўнікаў, што заняты ў працэсе вытворчасці друкаваных СМІ.

Святочная цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і ўручэнне дыпломаў і памятных знакаў-сімвалаў адбудзецца ў межах мерапрыемстваў Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”.

Дзякуй чытачам газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”, якія натхняюць на плённую працу!

Поделиться

Читайте также: