Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў Купалаўскі ўніверсітэт

Падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць у пятніцу, 24 красавіка, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Ён азнаёміўся з ходам будаўніцтва новых аб’ектаў універсітэта, арганізацыяй навучальнага працэсу і акрэсліў задачы па развіцці дзейнасці Тэхнапарка.

Візіт Міністра адукацыі ва ўніверсітэт пачаўся з агляду пляцоўкі будаўніцтва новага студэнцкага інтэрната на вуліцы Дубко. Ігар Карпенка наведаў пакоі, дзе будуць жыць студэнты, кабінеты для самападрыхтоўкі, буфет, іншыя памяшканні і адзначыў, што пры будаўніцтве такімі паскоранымі тэмпамі аб’ект можа быць здадзены ў экспуатацыю раней запланаванага тэрміну. І напрыканцы лета, у сярэдзіне жніўня, інтэрнат зможа прыняць сваіх першых навасёлаў.

Цікавіла Міністра і будаўніцтва другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парка, агульнай плошчай 6,5 тысячы квадратных метраў, а таксама дзейнасць яго рэзідэнтаў. Ігару Карпенку прадэманстравалі новае прадпрыемства па выпуску запатрабаваных медыцынскімі арганізацыямі вобласці ахоўных экранаў і прапанавалі самастойна сабраць адзін з іх.

Ацэньваючы дзейнасць Тэхнапарка, які сёння знаходзіцца ў пачатку шляху свайго развіцця, Міністр адукацыі адзначыў, што Купалаўскі ўніверсітэт з’яўляецца своеасаблівым рэгіянальным драйверам у ажыццяўленні праекта Універсітэт 3.0 і можа далучыць да гэтага напрамку іншыя вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі вобласці:

Мы падрыхтавалі праект указу аб сеткавай адукацыі і ўзаемадзеянні. У Купалаўскага ўніверсітэта ёсць унікальная магчымасць стаць арганізатарам у гэтым накірунку.

Як зазначыў Ігар Карпенка, Навукова-тэхналагічнаму парку ГрДУ імя Янкі Купалы зараз неабходна вызначыцца з перспектыўнымі напрамкамі навукова-прыкладных даследаванняў, якія будуць пакладзены ў аснову інавацыйных прадуктаў. Сур’ёзная прапрацоўка кан’юнктуры рынку, правядзенне маркетынгавых даследаванняў, назапашванне юрыдычных і эканамічных ведаў для выбудоўвання лагістыкі продажу інавацыйнай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам – усё гэта дасць магчымасць прыцягнуць замежную валюту.

Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з кіраўніцтвам універсітэта, горада і аблвыканкама і акрэслілі шэраг канкрэтных задач, якія павінны быць рэалізаваны ў найбліжэйшы час, – падкрэсліў Ігар Карпенка.

У цэлым, па словах кіраўніка ведамства, развіццё тэхнапаркаў пры ўніверсітэтах – накірунак перспектыўны. У сферы адукацыі такі досвед ужо ёсць і эфектыўна рэалізуецца.

У межах візіту Міністр пазнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу Купалаўскага ўніверсітэта з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, формамі і метадамі кантролю ў рэжыме анлайн у неспрыяльных умовах эпідэміялагічнай сітуацыі. Ён убачыў, як праходзяць заняткі са студэнтамі з выкарыстаннем сэрвісаў Zoom, Webex, а таксама ўласнага адукацыйнага партала.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае ўнікальны вопыт па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Дзейнасць у дадзеным напрамку паспяхова вядзецца на працягу многіх гадоў, а сёння, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, з’яўляецца яшчэ і як ніколі актуальнай. Мы стварылі ўсе ўмовы для правядзення заняткаў у рэжыме анлайн, захаваўшы пры гэтым якасць адукацыйнага працэсу, – падкрэсліла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

Падчас рабочай паездкі ў Гродна Ігар Карпенка наведаў шэраг іншых устаноў адукацыі горада, у тым ліку гімназію №10 і Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну і адказаў на актуальныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй навучальнага працэсу ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Таццяна СУШКО.

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Поделиться

Читайте также: