У Купалаўскім універсітэце з 20 красавіка па 8 мая заняткі для студэнтаў праходзяць у рэжыме анлайн

Цяпер на лекцыях, семінарах студэнты і выкладчыкі сустракаюцца толькі ў віртуальных аўдыторыях: на адукацыйным партале ўніверсітэта, на платформах Webex, Zoom, Skype, а таксама ў сацыяльных сетках. Лабараторныя заняткі перанесены на больш позні тэрмін. У раскладзе ўніверсітэта – вэбінары, відэаканферэнцыі, анлайн-кансультацыі па напісанні курсавых і дыпломных работ, магістарскіх дысертацый.

Як паведаміла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй, для ўніверсітэта пераход у віртуальную адукацыйную прастору ў дадзенай эпідэміялагічнай сітуацыі не стаў нечаканасцю. Напрацягу 10 гадоў ва ўніверсітэце выкарыстоўваюцца магчымасці адукацыйнага партала, дзе размешчаны навучальна-метадычныя комплексы па кожнай дысцыпліне, у тым ліку тэарэтычныя, практычныя матэрыялы і блок кантролю ведаў. Акрамя таго, гэта зручная пляцоўка для сувязі выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама студэнтаў паміж сабой. Магчымасці адукацыйнага партала дазваляюць выкладчыку кантраляваць працу студэнта, ацэньваць і каментаваць вынікі выкананых заданняў.

Сваімі ўражаннямі ад навучання на адлегласці падзялілася Дзіяна Старавойтава, студэнтка 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі:

Не самыя прыемныя абставіны, пры якіх нам прапанавалі аддаленае навучанне, аднак і з гэтага можна здабыць плюсы: эканомія часу на дарогу да ўніверсітэта і назад; можна вучыцца, дзе зручна; хатняя атмасфера дапамагае сканцэнтравацца на вучобе. Тым больш, што ўніверсітэт дае нам усю неабходную літаратуру, выкладчыкі праводзяць вэбінары, анлайн-лекцыі. Мы здаём лабараторныя, як і раней маем зносіны праз мэсэнджары. Выкладчыкі заўсёды гатовы нам дапамагчы, штосьці растлумачыць. Канешне, значна прасцей падысці і папрасіць аб дапамозе, чым пісаць пра гэта. Мне асабіста не хапае жывых зносін.

Выкладчыкі ўніверсітэта могуць павышаць свой узровень авалодвання інфармацыйна-камунікацыйнымі кампетэнцыямі: рэгулярна для іх праводзяцца навучальныя заняткі па рабоце з сучаснымі платформамі, у тым ліку і ў анлайн-рэжыме.

Сёння ва ўніверсітэце створаны досыць спрыяльныя ўмовы для арганізацыі такіх заняткаў: ёсць адукацыйны
медыякомплекс, кабінеты ў навуковай бібліятэцы, у якіх зручна працаваць,
– адзначыла Марына Калацэй.

Пры неабходнасці ва ўніверсітэце выкладчыкі, у якіх ёсць складанасці пры арганізацыі навучальнага працэсу ў новым фармаце, атрымліваюць тэхнічную і кансультацыйную дапамогу. Акрамя таго, яны могуць скарыстацца падрабязнымі інструкцыямі для правядзення лекцый, практычных, семінарскіх ці лабараторных заняткаў, якія размешчаны на адукацыйным партале ўніверсітэта.

Як расказала выкладчык кафедры журналістыкі Кацярына Касцюшка, у межах навучальных семінараў для выкладчыкаў арганізатары – вучэбна-метадычнае ўпраўленне – падрабязна, паэтапна дэманструюць алгарытмы працы з элементамі курса і, што вельмі важна, паказваюць, як бачаць элементы курса не толькі выкладчыкі, але і студэнты. Зручна, што навучанне праходзіць у рэжыме рэальнага часу – усе ўдзельнікі семінара могуць задаваць пытанні спецыялістам і аператыўна атрымліваць адказы. Яшчэ адзін важны момант – гэта магчымасць адначасова ўдасканаліць навыкі работы не толькі з адукацыйным парталам, але і з платформай Webex, на якой праходзіць семінар.

Таццяна СУШКО.

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...