Абпаленае дзяцінства: выпускніца Гродзенскага педінстытута Тамара Карэнка падзялілася ўспамінамі пра Вялікую Айчынную вайну
Безумоўна, вайна – гэта жудасна! Асабліва, калі праз гэтыя нечалавечыя пакуты праходзяць дзеці. У гады ліхалецця псіхалагічныя і фізічныя раны, хваробы, холад і голад былі іх пастаяннымі спадарожнікамі. Яны неслі свой крыж – ні ў чым не вінаватыя, пазбаўленыя дзяцінства, юнацтва, маладосці. Чым далей у гісторыю адыходзіць гэты час, тым яскравей паўстаюць у памяці сталых людзей драматычныя падзеі, сведкамі якіх яны былі. 87-гадовая Тамара Карэнка, якая Вялікую Айчынную вайну сустрэла 8-гадовай дзяўчынкай у вёсцы Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, да дробязей помніць той час, што спыніў яе бясхмарнае дзяцінства. Яе гісторыя – гісторыя ваеннай вёскі вачамі дзіцяці і разам з тым гісторыя чалавека, загартаванага вайной.
Абарванае дзяцінства
– Гэта было зусім нечакана. Нават чуткі ніводнай у вёсцы пра вайну не было. Увечары жанчыны і дзяўчаты як звычайна спявалі песні, а раніцай усе пайшлі займацца сваімі паўсядзённымі справамі. Дзесьці ў абед маці папрасіла мяне, як старэйшую сярод чацвярых дзяцей у сям’і, выгнаць кароўку на пашу. Мы ідзём з бабуляй, і раптам яна кажа: «Глядзі, Тамара, самалёты ляцяць!». Я падняла вочы – сапраўды ляцяць, дый так нізка над зямлёй. А пасля адзін з іх штосьці прадаўгаватае скінуў у паветра. Праз імгненне раздаўся моцны выбух, праз некалькі кіламетраў – яшчэ адзін. Як аказалася, немцы тады ўзарвалі два масты праз рэчку Шчару, на беразе якой мы жылі. Жудасны страх апанаваў мяне. Я, калоцячыся, прыбегла дахаты, бачу, бацька ўстрывожаны мітусіцца. Мы хуценька сабраліся і пайшлі да дзядулі, бо толькі ў яго было радыё. Насцярожыліся, слухаем – і тут раптоўна ўрэзваецца голас Левітана: «Фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Вайна, таварышы!». Тады я яшчэ не ведала, што маё бясхмарнае дзяцінства ў гэты дзень і скончылася.
Праз два дні вясковых мужчын пачалі забіраць у войска. Памятаю, як на супрацьлеглым беразе Шчары сабралася шмат савецкіх машын з нашымі салдацікамі. На беразе яны спыніліся, бо маста ўжо не было, і пачалі пераходзіць раку. А фізікі яны ж не ведалі, якая вучыць, што ў месцы, дзе рака вузейшая, глыбей і цячэнне больш імклівае. І пабеглі ў тое месца, дзе вузка. Колькі ж іх, бедненькіх, патапілася! Пасля я бачыла, як на паверхні ракі плавалі раздутыя целы.
Хтосьці з нашых мужчын трапіў на лінію фронту, а той, хто не паспеў, – у партызаны падаўся. За сем кіламетраў ад нас, у вёсцы Руда Яварская, стаяў нямецкі гарнізон. Адтуль карнікі часта рабілі вылазкі па бліжэйшых вёсках, і калі даведваліся, што жанчыны дапамагаюць партызанам, вынішчалі вёскі. У суседняй – Вялікай Волі – пазабівалі ўсіх. Наша сям’я ўцякла ў вёску Селішча – да маміных братоў, дзе мы і прабылі да канца вайны. Там больш-менш ціха было, але і туды наведваліся немцы ці паліцаі.
Аднойчы падчас аблавы ўсе жыхары вёскі ўцяклі ў лес, а наша сям’я, дзе гадаваліся малыя дзеці, не паспела. Маці пахавала нас у кусты недалёка ля хаты і прыказала ціха ляжаць. А мне ж цікава паглядзець, што там за немцы такія. Дзеці іх малявалі па-рознаму: і з рагамі, і з хвастом. І я цішком-цішком папаўзла праз кусты памідораў. Не паспела апомніцца, як апынулася перад дулам нямецкага аўтамата. Са страху пачала заікацца: «А-я, а-я…». Маці пачула мой голас і выйшла на абарону, а за ёю ўсе астатнія дзеці. Нас загналі ў хату і загадалі ляжаць на падлозе тварам ўніз. Памятаю, як я ўся калацілася ад страху. Немцы ў гэты час шукалі мужчын паблізу, і калі б каго знайшлі – адразу б нас расстралялі. Але, дзякуй Богу, нікога не знайшлі.
Фашысты і паліцаі прыходзілі ў вёскі не толькі ў пошуках партызан, але і рабаваць – забіралі ўсялякае людское дабро, нават алюмініевыя чыгункі. Мой бацька быў заўзяты пчаляр, меў вуллі. Аднойчы напрадвесні да нас прыйшоў паліцай і кажа: «Дай мёду». Бацька яму растлумачыў, што мёду ў гэты час няма, пчолкі яшчэ не назбіралі. Тады ён загадаў тату даставаць рамкі і паказваць іх. Бацька дастаў адну-другую, а мёду – ні кроплі. «Ах ты сволач!», – раззлаваўся на гэта паліцай і, уяўляеце, павёў яго на расстрэл. Мы, дзеці, кінуліся за бацькам. Мая малодшая сястра падбегла да паліцая, пачала цалаваць яго рукі і прыгаворваць: «Пусціце татачку, пусціце татачку…». Адзін раз, другі ён яе адшпурнуў, а пасля сказаў: «Чорт іх бяры, усіх расстраляем». І павёў нас у нізіну, дзе яшчэ была вада, сам стаў насупраць, на ўзвышшы, і наставіў аўтамат. Тым часам мама выбегла наперад, стала на калені, падняла ўгору рукі і пачала маліцца. І ведаеце што? Нябёсы яе пачулі! Сэрца гэтага паліцая памякчэла, і ён прамовіў да бацькі: «Добра, жыві, але ведай, сволач, што кожны твой крок будзе адсочвацца». Пасля гэтага выпадку мой тата, які быў атэістам, сказаў: «І ўсё ж такі Бог ёсць!». Прыйшоўшы дахаты, я зразумела, што мы цудам выратаваліся ад смерці. Пасля гэтага паліцаі нас не пакідалі. І вось аднойчы, гэта быў 1944 год, калі ішло вызваленне Мінска з-пад нямецка-фашыскага іга, паліцаям, што знаходзіліся ў Дзятлаве, было таксама загадана пакінуць тэрыторыю. Яны, раз’юшаныя, што трэба адыходзіць, пачалі бесперапынна страляць з мінамётаў па нашай хаце. Шчасце, што мы схаваліся ў бульбяныя ямы! Толькі пясок сыпаўся на нашыя галовы. Было так страшна! Ніколі не забуду той дзень.
Вайна скончылася, але ў снах яна яшчэ доўга прыходзіла. Пасля яе я стала баяцца чалавека больш, чым звера.
Сэрца абпалена смагай жыцця
– Не ведаю, што са мной адбывалася – ледзь не паміраю, так хачу вучыцца. Відаць, страчаныя магчымасці за гады вайны моцна штурхалі да навукі. Нішто не было для мяне перашкодай, нават тое, што сярэдняя школа знаходзілася ў раённым цэнтры за дваццаць кіламертаў ад нашага дома, а палову шляху трэба было ісці праз лес.
Вучылася я добра, але больш за ўсё любіла матэматыку. У той год, калі скончыла сярэднюю школу, яшчэ не было падрыхтаваных настаўнікаў. І мяне, як добрую вучаніцу, адправілі выкладаць матэматыку ў малодшых класах. Вы ўяўляеце сабе? Як мне было цяжка! Добра, што гэта хутка скончылася – прыехаў падрыхтаваны настаўнік, і мяне звольнілі.
Так хацелася вучыцца далей, што я паехала паступаць у Мінскі педагагічны інстытут, зразумела ж, на завочнае аддзяленне. Уступныя экзамены здала добра, а вось экзаменацыйны ліст у дзень апошняга экзамена на радасцях здаць забылася. Прыходжу раніцай у інстытут і бачу, што ў спісе залічаных мяне няма. Я да прарэктара, ён пытаецца: «А дзе ваш экзаменацыйны ліст?». І тут я разумею, што ён у мяне ў кішэні. Ніякія слёзы не дапамаглі. Сказалі, прыедзеш паступаць толькі ў наступным годзе. Выратаваў мяне стрыечны брат. Ён параіў завезці дакументы ў Гродзенскі педінстытут. Я так і зрабіла. І цуд – мяне з гэтымі адзнакамі залічылі на дзённае аддзяленне матэматычнага факультэта. Вось так лёс звязаў мяне з гродзенскім храмам навукі. З той пары гэты інстытут стаў для мяне родным.
Праўда, калі тата даведаўся аб залічэнні на дзённае, заплакаў, што не зможа матэрыяльна мяне падтрымліваць. Я жыла толькі на стыпендыю. У той час былі асаблівыя адносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі: яны не толькі спачувалі, але і аказвалі рэальную дапамогу. Так, аднойчы, калі быў зусім крытычны стан, адзін з выкладчыкаў, Іван Ануфрыевіч Ільюшын, нават даў грошы, каб я схадзіла паабедаць. Было няёмка іх браць, але ён сказаў: «Бяры, а са стыпендыі аддасі». Толькі тады я пагадзілася. Як я яму ўдзячна! Тыя грошы мне тады так дапамаглі.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці пасляваеннага студэнцтва, мы не гублялі пачуццё гумару. Запомніла выкладчыка, які не любіў на заняткі насіць журнал з прозвішчамі студэнтаў. Гэта Якаў Іосіфавіч Рыўкінд. Цудоўны выкладчык, так добра тлумачыў матэрыял! Пасля тэарэтычнай часткі трэба было замацаваць веды на практыцы. Ён проста ўказваў: «Вы пойдзеце да дошкі». Аднойчы паказаў на мяне. Я так баялася выходзіць, бо ён быў вельмі строгі. Справілася тады з заданнем на выдатна, ён пахваліў і спытаў, як маё прозвішча. Наступным разам зноў маё прозвішча называе. Але ж кожны раз не будзеш аднаго чалавека выклікаць, а прозвішчаў астатніх ён не ведаў. Выйшаў з гэтай сітуацыі так: пачаў выклікаць таго, хто справа сядзіць ад Карэнка, таго, хто злева ад Карэнка, затым – хто сядзеў ззаду ад Карэнка і хто спераду. І вось аднойчы ўсе мае аднакурснікі паўцякалі ад мяне: «Хай цябе халера, Карэнка, каля цябе небяспечна садзіцца». І селі далёка ад мяне, на другі бок. Якаў Іосіфавіч растлумачыў новы матэрыял, паглядзеў на аўдыторыю, шукаючы вачамі, каго выклікаць да дошкі, і, убачыўшы, што я сяджу, як адзінокі слуп у полі, а ўсе астатнія размясціліся далёка ад мяне, шчыра рассмяяўся. З таго часу ён пачаў насіць з сабой журнал.
Скончыла інстытут з дыпломам выдатніка. І ўсё жыццё аддала служэнню дзецям, навучаючы іх матэматыцы.
Нягледзячы на тое, што са студэнцкай пары мінула больш за шэсцьдзясят гадоў, у маім сэрцы па-ранейшаму жывуць цёплыя пачуцці да сваёй альма-матар.
Гутарыла Таццяна СУШКО.
Фота з асабістага архіва гераіні
***
Страчанае ціхае і мірнае дзяцінства вылілася ў Тамары Карэнка ў моцную прагу да вучобы, раннюю мэтанакіраванасць і дазволіла выбудаваць выразную шкалу каштоўнасцей.
– Я вельмі шчаслівы і багаты чалавек. У мяне ёсць дзве дачкі, унукі, праўнукі. І хочацца толькі аднаго – каб яны ніколі не зведалі таго гора і смутку, якія нясе з сабой вайна. Для мяне Дзень Перамогі – вялікае свята, бо з 9 мая 1945 года людзі толькі пачалі жыць, – адзначыла Тамара Іосіфаўна і распавяла пра нядаўні выпадак, які яе вельмі
абразіў.
У скверыку, што знаходзіцца побач са шматпавярховым домам, дзе зараз з дачкой жыве Тамара Іосіфаўна, зяць паставіў драўлянае крэсла, каб можна было пасядзець, падыхаць свежым паветрам і палюбавацца прыродай. На наступны дзень крэсла бясследна знікла.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў знак пашаны і прызнання, захаплення смеласцю, цвёрдасцю характару, прагай да ведаў у няпросты пасляваенны час зрабіў падарунак Тамары Іосіфаўне Карэнка – каваную лавачку, якая будзе ўсталявана ў яе скверыку. І няхай адна маленькая справа стане крокам да ажыццяўлення вялікіх спраў.