Творы беларускіх пісьменнікаў, якія адлюстроўваюць праўду вайны

Наўрад ці варта сёння шматслоўна абгрунтоўваць прычыну нязменнай увагі беларускай літаратуры да ваеннай тэмы, настолькі арганічна яна звязана з усімі этапамі развіцця нашага прыгожага пісьменства. Творчасць беларускіх пісьменнікаў у дастатковай меры прадставіла нам не толькі змястоўнае высокамастацкае асэнсаванне Вялікай Трагедыі ўсіх часоў і эпох, але і выразна паказала, у якім шырокім жанравым полі могуць быць асветлены праблемы вайны і міру, захавання жыцця на зямлі. Паказальна, што і змястоўнае, і жанравае рэчышча твораў ваеннай тэмы да сённяшняга дня знаходзяцца ў полі ўвагі многіх даследчыкаў літаратуры.

Па прызнанні вядучых вучоных-літаратуразнаўцаў, менавіта беларуская літаратура адкрыла свету найбольшую колькасць трагічных і гераічных старонак ваеннай гісторыі.

Важкі старт гэтай тэме задаў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. Яго творы сёння ставяцца ўпоравень з тэкстамі такіх сусветна вядомых пісьменнікаў, як Эрых Марыя Рэмарк, Анры Барбюс і іншых.

У беларускай савецкай літаратуры сярэдзіны ХХ стагоддзя ваенная тэма доўгі час заставалася адной з самых запатрабаваных і актуальных.

Вайна пераможная, маштабная, эпахальная, вайна народаў, франтоў, вайна партызанская адлюстравана ў такіх творах, як «Векапомныя дні» Міхася Лынькова, «Згуртаванасць» Міколы Ткачова, «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвiча, «Канстанцiн Заслонаў» Аркадзя Маўзона, «Мiнскi напрамак» Iвана Мележа. Трэба прызнаць асобае значэнне раманаў «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях» Кузьмы Чорнага, якія дайшлі да чытача толькі ў пасляваенныя гады. Творы пісьменніка-класіка сёння можна назваць вяршынным дасягненнем беларускай мастацкай прозы часу вайны. Іх наватарства заключаецца ў філасофскім асэнсаванні пісьменнікам глабальных пытанняў быцця, псіхалагічным аналітызме пры даследаванні чалавека і нацыянальнага характару. Ваенны час разглядаўся ў такiх творах не iначай як час лёсавызначальны, а падзеi, з iм звязаныя, заставалiся векапомнымi.

У канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў амаль з дакументальнай дакладнасцю ў лiтаратуры пачалi паказваць жорсткасць, бесчалавечнасць вайны, пакуты чалавека на вайне, сталi раскрываць далёка не прывабныя карцiны вынiшчэння ўсяго жывога на зямлi, вытручвання з душ людскiх лепшых пачуццяў, нiвелiроўку характараў.

Менавiта на гэты час прыпадае прыход у беларускую лiтаратуру пісьменнікаў «ваеннага пакалення», якія не толькі перанеслі ў свае творы ўласны ваенны вопыт, але і дапамаглі ўбачыць злавесную пагрозу, якую нёс народам фашызм, пагрозу, якую несла сама па сабе вайна для ўсіх: і для пераможцаў, і для пераможаных. Па-новаму загучала ваенная тэма ў «франтавых» і «партызанскіх» аповесцях Васіля Быкава, празаiка вострага i бескампрамiсна-праўдзiвага, якi адстойваў права гаварыць пра гераізм радавога байца, простага салдата, на плечы якога i лёг асноўны цяжар вырашэння ваеннага канфлiкту.

Пісьменніка цікавіў у першую чаргу не сам гераізм на вайне, а адчуванні чалавека, яго паводзіны ў экстрэмальных сітуацыях, магчымасці чалавечага духу. «Чалавек на вайне» – вось лейтматыў твораў Васіля Быкава «Жураўлiны крык», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Сотнікаў», «Пайсці і не вярнуцца».

60-70-я гады характарызуюцца ў беларускай літаратуры феерычным усплёскам ваеннай дакументалiстыкi. У гэты час з’явiлася шмат твораў мемуарнага жанру. Гэта былi дзённiкавыя запiскi, развагi i лiтаратурныя апрацоўкi ўспамiнаў удзельнiкаў ваенных падзей. У iх прываблiвала жывая канкрэтыка, рэальнасць дзеяння. Менавiта на гэты перыяд прыпадае выхад кнiгi па-сапраўднаму ўнiкальнай – мастацкага дакумента часу – успамiнаў выжыўшых ахвяр шматлiкiх беларускiх Хатыняў – «Я з вогненнай вёскi» Алеся Адамовiча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калеснiка, дакументальнай кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча».

Актуалізаваліся ў беларускай ваеннай прозе гэтага часу яшчэ два знакавыя ракурсы ў паказе вайны – вайна і дзяцінства, паказ трагедыі беларускіх вёсак, тых, што паўтарылі лёс Хатыні. Знакавае месца ў распрацоўцы першай з названых праблем належыць беларускаму пісьменніку Віктару Казько. Яго аповесці «Высакосны год», «Аповесць пра беспрытульнае каханне», «Суд у Слабадзе»» і раман «Хроніка дзетдомаўскага саду» можна назваць адмысловым цыклам, у якім гучыць самы трагічны і балючы матыў – «апаленае вайной дзяцінства». Творы Віктара Казько маюць ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Шчымлівым болем прасякнуты тыя старонкі яго твораў, дзе згадваецца пра жорсткія траўмы, што нанесла неакрэплай дзіцячай душы вайна, дзе выяўляецца пакутлівае шуканне юнай асобай адказаў на далёка недзіцячыя пытанні.

У беларускай літаратуры адлюстраваны яшчэ адзін выключна трагічны момант – лёс мірнага насельніцтва, што апынулася на акупіраванай тэрыторыі і супраць якога вялася страшная па сваёй знішчальнай сіле вайна. Не адразу гэта з’ява знайшла сваё мастацкае ўвасабленне ў творах. На тых, хто застаўся пад акупацыяй, спачатку глядзелі як на безабаронных ахвяр, не здольных на гераічнае процістаянне. Але беларускія празаікі змаглі пераканаўча даказаць, што мірнае насельніцтва не прымала пакорліва варожую навалу, а выяўляла мужнае процістаянне, сілу духу, выключную самаахвярнасць. У аповесцях Івана Пташнікава «Тартак», Барыса Сачанкі «Апошнія і першыя», Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць» арганічна перапляліся гераічнае і трагедыйнае, выяўляліся яркія і запамінальныя народныя вобразы.

На мяжы 70 – 80-х гадоў, як быццам рыхтуючы аснову для новага этапу гісторыі ваеннай тэмы, з’явіліся кнігі Івана Чыгрынава, якія сёння называюць беларускай эпапеяй пра вайну. Творы гэтага пісьменніка – «Плaч пepaпёлкi», «Апpaўдaннe кpывi», «Свae i чyжынцы», «Bяpтaннe дa вiны», «Нe ўce мы згiнeм» – сталі першай беларускай раманнай пенталогіяй, дзе аўтар паказаў выток гераізму і глыбіню трагедыі беларускага народа.

Канец ХХ стагоддзя ўнёс свае карэктывы ў многія грамадскія і жыццёвыя працэсы. Гэта не прамінула адбіцца і на стане ваеннай тэмы ў літаратуры. Найперш у паказе вайны дакладна праявіла сябе тэндэнцыя да фiласофска-iнтэлектуальнага асэнсавання падзей вайны як падзей усеагульнага нявечання i разбурэння: зямлi, жытла, людскіх душ. У свядомасці большай колькасці пісьменнікаў вайна стала выступаць як паняцце, што суадносіцца з філасофскай катэгорыяй Зла. А вядучай канцэпцыяй у творах пра вайну становіцца сцвярджэнне абсалютнай каштоўнасці чалавечага жыцця. Важную ролю ў станаўленні новага этапу ваеннай прозы адыгралі аповесці Алеся Адамовіча «Карнікі», «Нямко», творы Васіля Быкава «У тумане», «Сцюжа», «Пакахай мяне, салдацік» і іншыя.

Аддаленасць ваенных падзей у часе на мяжы ХХ – ХХІ стагоддзяў выклікала ў літаратуры новую з’яву – змяншэнне твораў пра вайну. Старэйшае пакаленне, тое, што памятала вайну, пакрысе зыходзіла, саступаючы месца ў літаратуры новым аўтарам. Але маладыя пісьменнікі не спяшаліся брацца за асэнсаванне складанага матэрыялу ваенных часоў, магчыма, адчуваючы перад ім сваю высокую адказнасць.

Тым не менш на навейшым этапе літаратуры пачатку ХХІ стагоддзя ваенная тэма не знікла. Магчыма, яна саступіла свае пазіцыі ў прозе, але яе прысутнасць у літаратуры падтрымліваюць іншыя жанры. Агляд набыткаў беларускіх пісьменнікаў у ХХІ стагоддзі засведчыў, што тэма вайны знайшла сваё яркае мастацкае выяўленне ў паэзіі, драматургіі і ў творах паэмнага жанру. П’есы пра вайну Алены Паповай «Бліндаж», Мікалая Рудкоўскага «Дажыць да прэм’еры» працягнулі лепшыя традыцыі пісьменнікаў-папярэднікаў і сцвердзілі новыя тэндэнцыі ў развіцці абазначанага напрамку.

У паэмах беларускіх пісьменнікаў Васіля Макарэвіча «Хатынь» (Полымя, 2013, №3) і Сяргея Давідовіча «Хатыні вечныя званы» (Полымя, 2015, №5) працягнута мастацкае асэнсаванне вобразу вогненнай вёскі. Нягледзячы на тэматычную блізкасць, кожная з паэм прадстаўляе адмысловы ракурс выяўлення трагедыі, укладзены ў сваю жанравую форму. Абодва пісьменнікі спрабуюць засяродзіць увагу сваіх суайчыннікаў на эпахальным канфлікце: сутыкненні сапраўды гуманістычных, маральных пачаткаў з сіламі зла, якія пагражаюць існаванню ўсяго жывога на зямлі.

Асвятленне падзей вайны ў мастацкай практыцы беларускiх пiсьменнiкаў праходзiла ў настойлівых пошуках, у iмкненнi зразумець i спасцiгнуць усю паўнату чалавечых адчуванняў у суровых умовах выпрабавання фiзiчных i духоўных сiл. І разам з тым варта згадаць меркаванне прызнанага пісьменніка, літаратуразнаўцы, ураджэнца Гродзеншчыны Міколы Арочкі: «Памяць вайны настолькі арганічна ўвайшла ў самасвядомасць народа, што да яе мастацкага ўвасаблення сёння творча далучаны ўсе пакаленні». З думкай даследчыка хочаццца згадзіцца, бо прыведзеныя прыклады твораў беларускіх пісьменнікаў, што не абмінулі сваёй увагай адну з трагічнейшых тэм літаратуры – тэмы вайны – і па-майстэрску ўвасобілі яе ў сваёй мастацкай творчасці напраўду даказваюць, што для творцаў розных пакаленняў гэта тэма застаецца актуальнай, нягледзячы ні на якую часавую аддаленасць.

Святлана ТАРАСАВА, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Поделиться

Вам может также понравиться...