У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя відэафільма аб вызваленні вобласці і Гродна
Сёлета ў межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі, Купалаўцы ажыццявілі праект «Дарогамі Перамогі» і віртуальна наведалі мясціны баявой славы Гродзеншчыны.
Дзеля захавання памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны студэнты-купалаўцы пры падтрымцы ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і аддзелаў культуры раённых выканкамаў Гродзенскай вобласці правялі акцыю, прымеркаваную да святкавання Вялікай Перамогі.
Універсітэцкая акцыя «Дарогамі Перамогі» ўпершыню была праведзена па ініцыятыве студэнтаў-купалаўцаў у мінулым годзе. Тады моладзь наведала за два дні пяць раёнаў вобласці, жыхарам якіх яна прадставіла сваю музычна-мастацкую праграму. Працягам акцыі стаў фільм аб вызваленні тэрыторыі Гродзенскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У гонар 75-гадовага юбілею Вялікай Перамогі студэнты вырашылі стварыць тэматычны відэафільм, у які ўвайшлі як фрагменты тэатралізаванай праграмы, так і відэаролікі, падрыхтаваныя прадстаўнікамі моладзі розных раёнаў вобласці на фоне памятных мясцін.
– Праект «Дарогамі Перамогі» ў гэтым годзе студэнты вырашылі правесці ў іншым фармаце, – расказала падчас прэзентацыі фільма рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. – Яны расказалі ў адным фільме аб слаўнай гісторыі вызвалення нашай Гродзеншчыны. Хачу выказаць падзяку маладому купалаўскаму пакаленню, якое стала ініцыятарам гэтага цудоўнага праекта пад назвай «Дарогамі Перамогі». Вельмі важна захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Пакуль мы помнім аб тым, праз якія выпрабаванні давялося прайсці нашым дзядам і прадзедам, мы цэнім тую магчымасць мірна працаваць і спакойна жыць, што ёсць цяпер у нас.
Падчас прэзентацыі віртуальнай грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Дарогамі Перамогі» начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч адзначыла, што гэта ўнікальны праект, які рэалізуецца ў межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятае кожнага», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі.
– Мы павінны помніць пра пераможцаў, пра нашых ветэранаў, пра тых, хто не вярнуўся з поля бою падчас вызвалення нашай вобласці. У кожным раённым цэнтры ёсць свае памятныя мясціны, як і ў кожнай сям’і ёсць гісторыі, звязаныя з той далёкай вайной. Але мы сапраўды памятаем кожнага. І, дзякуючы ў тым ліку і такім цудоўным ініцыятывам студэнтаў, гэтая памяць працягвае жыць, – адзначыла Алена Клімовіч.
Удзельнікі акцыі падзяліліся з прысутнымі сваімі эмоцыямі і расказалі аб тым, як ствараўся фільм.
– Было вельмі цікава працаваць над фільмам, – расказала студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Пашынская. – Мы дзяліліся сваімі ідэямі з моладдзю розных раёнаў вобласці і змаглі пачуць шмат цікавых гісторый, рэальных гістарычных фактаў аб падзеях таго далёкага часу. Гэта незабыўны вопыт. Ужо думаем над тым, якія ідэі рэалізаваць у наступным годзе. Праект «Дарогамі Перамогі» будзе мець працяг.
У межах акцыі была арганізавана анлайн-сустрэча з прадстаўнікамі некалькіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Яны расказалі, як захоўваюць памяць аб вайне, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў праекце Купалаўцаў і павіншавалі ўсіх са святам. Скончылася сустрэча сумесным выкананнем песні з кранальнымі словамі, якую ведае кожны, – «Дзень Перамогі».
Таццяна БАРАНОЎСКАЯ.
Кадры з фільма, створанага ў межах акцыі «Дарогамі Перамогі»